Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нацыянальны парк «Прыпяцкі»: чаму высыхаюць дубровы


У Беларусі нямала мясьцін, дзе захаваліся запаведныя дубровы. Ёсьць яны на Нёмане, Дняпры, Ясельдзе, Убарці. Але найбольш — паабапал Прыпяці. Гэта адно зь нямногіх месцаў на плянэце, дзе існуюць пойменныя дубровы. Апошнім часам над імі навісла небясьпека.

Дубочак зялёненькі...

На Гомельскую вобласьць прыпадае больш за палову ўсіх дуброў Беларусі. Найбольш іх — у Нацыянальным парку «Прыпяцкі».

Намесьнік генэральнага дырэктара парку ў пытаньнях навукі Анатоль Углянец удакладняе: толькі на правабярэжжы Прыпяці ў зоне іхнай адказнасьці месьціцца 3391 гектар пойменных дуброў — Найдзянскі і Перароўска-Сьнядзінскі масівы.

Сярэдні ўзрост дуброў — 105 гадоў. Але ёсьць і такія дубы, якім і сто шэсьцьдзесят, і сто восемдзесят гадоў. Глянеш угару — шапка падае.

Аднак апошнім часам пойменныя дубровы высыхаюць.

Углянец: «Сапраўды, праблема ўсыханьня пойменных дуброваў ёсьць. Яна азначылася яшчэ ў 1979 годзе, пасьля таго як была дамбаваная Прыпяць і верхнія рэчышчы яе прытокаў — Сьцьвігі ды іншых».

Адбываецца наступнае: увесну ўзровень паводкі паміж дамбамі падвышаецца. Дубы, як кажуць, па калена ў вадзе. Праз колькі тыдняў паводка сыходзіць. І грунтовая вада паніжаецца, ды так, што ўлетку карэньне дубоў да яе ўжо не дастае.

У гэтую прыродную кругаверць ня лепшым чынам упісаліся й яшчэ дзьве рукатворныя рэчы:

«Апрача таго, ролю дамбы ў пэўнай меры адыгрывае і нафтаправод. У зямлі ляжаць трубы, якія абцяжарваюць унутрыглебавы сьцёк вады. Да таго ж мэліярацыя павялічыла на 26 адсоткаў плошчу басэйну, зь якога Прыпяць забірае ваду. То бок парушаны водны рэжым і з-за мэліярацыі таксама. А для дуба гэта жахліва, калі грунтовыя воды адрываюцца ад каранёвай сыстэмы».

Дубы паміраюць стоячы

Дубы паміраюць стоячы

«Аднапакаёўкі»

...На пароме з групай журналістаў перабіраемся на правы бераг Прыпяці. Прырэчная пойма сустракае нас густым разнатраўем, блакітнымі азярынамі ды старымі рэчышчамі. Празь які кілямэтар трапляем пад засень старасьвецкіх дубоў Перароўска-Сьнядзінскага масіву. Стаіць густы водар лясной мяты.

Анатоль Углянец ды ягоны калега, начальнік аддзелу аховы прыродных комплексаў, лесакарыстаньня й паляваньня Мікалай Бамбіза дапамагаюць угледзецца ў «твар» дубровы. На кары дубоў прыкладна на мэтровай вышыні захаваліся цёмныя абручы — меткі ўзроўню веснавой паводкі.

У адным з магутных дрэваў, вершаліна якога заўважна падсохла, відаць дзіркі, зь якіх высыпаецца драбнюткае пілавіньне. Гэткая бурая мука. Уражаньне такое, што нехта насьвідраваў дзірак у дубе ценькім бураўчыкам. Аказваецца, гэта жук-вусач — адзін са шматлікіх лясных шкоднікаў. Дакладней, ягоныя лічынкі, падобныя да шашаля, толькі большыя. Ёсьць яшчэ і жукі-рагачы, якія нагадваюць паводзінамі вусатага пабраціма.

Чамусьці згадваецца дзіцячая загадка пра пілу: ела, ела дуб, дуб — паламала зуб, зуб. У лічынкі «зубы», аднак, ня ломяцца. Маючы сама вагу 1 грам, такая лічынка можа за суткі згрызьці 22,5 кубічнага сантымэтра драўніны. Зрэшты, мама ў «рагачоў» — яшчэ тая пільшчыца. Каб адкласьці яйка, яна выгрызае ў драўніне адмысловую камэру. Лічы, дубовую аднапакаёўку. І такіх «аднапакаёвак» яна можа нарабіць да дваццаці за лета.

Хапае ў дубровы і менш экзатычных шкоднікаў, найперш тых, хто сілкуецца маладой лістотай — зімовы пядзенік, ліставёртка. А яшчэ — хваробы кшталту мучністай расы. Усе яны разам складаюць асобную, трэцюю катэгорыю прычынаў, якая павялічвае сухастой у дубравах. У прыватнасьці, у Перароўска-Сьнядзінскім масіве, які налічвае больш за 2 тысячы гектараў дуброваў.

Углянец: «Запасы сьвежага і старога сухастою — 88,3 тысячы кубоў, што складае 28,6 адсотка ад агульнага запасу на корані. То бок чвэрць дубровы — сухая. Сьвежага сухастою — тры з паловай адсоткі. Гэта значыць, што тэмп высыханьня складае тры з паловай адсоткі ў год».

У Перароўска-Сьнядзінскім масіве

У Перароўска-Сьнядзінскім масіве

Рэканструкцыя: быць ці ня быць?

Нацыянальны парк спрабуе нешта рабіць. Вядзецца санітарны догляд. Сухастой, да якога можна дабрацца, пілуюць. Жыхары Перарова, Хлюпіна, Мардзьвіна, Таргошына маюць патрэбу ў дровах — і «Прыпяцкі» ім не адмаўляе.

Зь іншага боку, дырэкцыя спрабуе ўзнаўляць дубровы, прыбіраючы менш каштоўныя лісьцёвыя пароды дрэў — бярозу, граб, асіну. І калі нават у такім лесе толькі траціна дубоў, то за паўстагодзьдзя зь яго можна зрабіць паўнавартасную дуброву. Але такая рэканструкцыя дуброваў, кажа Анатоль Углянец, ня мае заканадаўчай падтрымкі:

«Няма дазволу праводзіць менавіта такія высечкі ў нацыянальных парках і запаведніках. Я лічу, што гэта проста неабходна дзеля ўзнаўленьня дуброваў».

У сваю чаргу, некаторыя абаронцы прыроды зь ліку грамадзкіх актывістаў лічаць, што ўмешвацца чалавеку ў пойменныя дубровы няма чаго — яны адновяцца самі. Больш за чалавека гэтаму паспрыяюць нават сойкі, якія разносяць жалуды.

Нацпарк жа, нарабіўшы дарог у дубровах, па сутнасьці, запусьціў туды чалавека. І сам узяўся высякаць зялёныя яшчэ дубы, за што атрымаў ад інспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету пазоў у суд. Судовая справа і дагэтуль яшчэ не завершана.

Будынак дырэкцыі нацпарку

Будынак дырэкцыі нацпарку

Апрача таго, год таму парк дамагаўся ў Мінпрыродзе і ў Нацыянальнай акадэміі навук зьмены правілаў санітарных высечак у дубровах.

Гаворыць грамадзкі эколяг, актывістка кампаніі «Захаваем прыпяцкія дубровы» Ірына Балоціна з Турава:

«Правілы санітарных высечак забараняюць пілаваць жывыя дрэвы. То бок, калі дрэва яшчэ зусім не засохла, напалову зялёнае, а напалову — не, то гэтае дрэва нельга сячы. Аднак лядашчы дуб, умоўна кажучы, праз два гады засохне. Таму, маўляў, давайце ня будзем чакаць гэтыя два гады, а сьсячэм яго цяпер, пакуль ён жывы. І цяпер яны фактычна могуць гэта рабіць, бо запаведны статус з дуброваў яны зьнялі».

Сапраўды, у 2012 годзе на падставе ўказу № 59 Аляксандра Лукашэнкі вызначаны новыя зоны Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Рэжым запаведнасьці зьняты з унікальных пойменных дуброваў.

З гэтай прычыны, як лічаць грамадзкія эколягі, Нацпарк і лабіруе высечку так званых «аслабленых» дрэваў, бо тут, апрача ўсяго іншага, ужо больш як паўтара дзясятка гадоў дзейнічае падпарадкаваны Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта экспэрымэнтальны дрэаваапрацоўчы комплекс «Ляскавічы», і вырабляе ён паркет як на ўнутраны рынак, так і на экспарт.

У самім Нацпарку такую сувязь абвяргаюць, заяўляючы, што падобным чынам могуць разважаць хіба толькі людзі, якія не знаёмыя ні з асаблівасьцямі пойменных дуброў, ні з працай піларамы. Акурат пойменныя дубы нібыта самыя непрыдатныя для расьпілоўкі, а санітарныя высечкі — адзін са спосабаў барацьбы з распаўсюдам шкоднікаў лесу. Для працы ж комплексу «Ляскавічы» хапае й левабярэжнага лесу, запасы якога ацэньваюцца ў блізу 300 тысяч кубічных мэтраў, у тым ліку цьвёрдаліставых пародаў — каля 10 тысяч кубамэтраў.

Дубочак зялёненькі

Дубочак зялёненькі

Пра чэрствы акраец і булку з маслам

Вучоныя НАН Беларусі ня так даўно прапаноўвалі ўключыць у склад запаведнай зоны дубровы па левабярэжжы Прыпяці, у Найда-Бялёўскім лясным масіве. Аднак ініцыятыва не знайшла падтрымкі ва ўладных калідорах. У Нацпарку на тое даюць свой адказ.

Мікалай Бамбіза: «Селі і падумалі: трэба, каб была булка белая, а на булку — масла. Трэба, каб было поле. Усё ж левабярэжжа прамэліяравана ўшчэнт. Калі ўзяць уздоўж Прыпяці пяцьдзясят кілямэтраў, тут паўсюль зроблена мэліярацыя».

Па словах суразмоўцы, каб лепш захаваць дубровы, трэба найперш аднавіць рэгуляцыю вады:

«Вадаток трэба адрэгуляваць — ён на сёньняшні дзень зарэгуляваны. Мэліяратары, якія абслугоўваюць помпавыя станцыі, — яны электрычнасьць эканомяць. У іх там каналы вадой запоўненыя. А ўсё тое, што ідзе з Нацыянальнага парку, забіта, запэцкана. У Азяранскае лясьніцтва з гэтай нагоды мы пісалі нават лісты, бо ўжо балота наступае на лес. Ідзе дэградацыя, ідзе развал».

Трое з чвэрці засохлых

Трое з чвэрці засохлых

Погляд ЮНЭСКО

Нацыянальнаму парку папярэднічаў Прыпяцкі ляндшафтна-гідралягічны запаведнік, які быў створаны тут сорак пяць гадоў таму. Але ў 1996 годзе яго статус панізілі да нацыянальнага парку. Урэшце пойменныя дубровы зусім страцілі запаведны статус.

Тым ня менш тэрыторыя гэтая не перастала быць важнай для птушак — яна ўвайшла ў міжнародную праграму ІВА (International Bird Area). Апрача таго, сёлета на пачатку году парк атрымаў яшчэ і статус водна-балотных угодзьдзяў міжнароднага значэньня — як аснова экалягічнага калідора, які зьвязвае Цэнтральную і Паўднёвую Эўропу. У пэрспэктыве ж ён мае шанец стаць часткаю трансгранічнага міжнароднага рэзэрвату ЮНЭСКО «Прадаліна Прыпяці». Праўда, дзеля гэтага Нацыянальнаму парку трэба самому зьберагчыся ў найлепшым выглядзе.

XS
SM
MD
LG