Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Аляксандар Лукашэнка дагэтуль праводзіць вялікія прэсавыя канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных журналістаў, ці даюць яны нейкі прапагандысцкі эфэкт? Ці можна сказаць, што напярэдадні сустрэчы з Уладзімерам Пуціным беларускі кіраўнік быў вельмі абачлівым і не дазваляў сабе надта рэзкіх выпадаў на адрас Расеі? Ці ўдалося Лукашэнку пераканаўча рэклямаваць беларускую мадэль разьвіцьця?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

— Апошнія гады традыцыйныя сустрэчы з расейcкімі правінцыйнымі журналістамі адбываліся ўжо ня так доўга. Але сёньня Лукашэнка нібыта ўзгадаў «лепшыя часы» і наладзіў маратон. Якое ў вас агульнае ўражаньне ад гэтай падзеі, што найбольш прыкметнага было ў агульнай атмасфэры?

— Маратон быў вельмі вялы, і гэтаму некалькі прычынаў. Лукашэнка сам задае фармат такой размовы, маўляў «давайце ладзіць дыялёг». Гэта такая хітрасьць, бо Лукашэнка ведае, што расейскія журналісты будуць сьпяваць дыфірамбы, падкрэсьліваць, які ён мудры прэзыдэнт, зайздросьціць дасягненьням Беларусі — то бок самі будуць піярыць Лукашэнку. Таму ён і дазваляе такі несучасны фармат.

Па-другое, Лукашэнка і сам спрабуе намалявацца, паказаць сябе «самым чалавечным чалавекам». Таму на шостай гадзіне дайшло і да фаўны ў сваёй гаспадарцы, што ў яго там і індакачкі, і трусы, і жарабцы. І што ён да майткоў распранаецца і пустазельле выдзірае. Гэта таксама праца на тое, што «мяне малююць дыктатарам, а я добры, люблю жывёлаў, гуманны чалавек шырокіх інтарэсаў».

Аднак Лукашэнка пры ўсім тым прагаворваў у мяккай форме цэлы шэраг прэтэнзіяў да Расеі. Калі коратка — гучала, што Расея не выконвае прынцыпаў раўнапраўнай інтэграцыі.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

— Часта такія прэсавыя канфэрэнцыі станавіліся нагодаў для скандальных заяваў. Але на гэты раз кіраўнік Беларусі быў вельмі асьцярожным і абачлівым. Назіральнікі зьвязваюць гэта з тым, што 22 лістапада чакаецца сустрэча Лукашэнкі з Пуціным.

— Сапраўды, дасюль не расстаўленыя кропкі над «і» ў нафтагазавым канфлікце, і прыезд Мядзьведзева ў Менск тут нічога ня вырашыў. Гара ўсялякіх папер падпісаная, але ўсё адно два правадыры зьбіраюцца сам на сам, як сказаў Лукашэнка, «ціхенька пасядзім» і парашаем пытаньні. Гэта таксама штрых таго, што інтэграцыя сырая, не працуюць дамоўленасьці, а працуе прынцып палітычнай мэтазгоднасьці.

Нешта пэўна дадуць у Маскве, на нейкія саступкі пойдуць. Таму Лукашэнка і рэдукаваў свае прэтэнзіі да Расеі, хаця яны і гучалі рэфрэнам цягам усяго выступу. На тле расейскіх хістаньняў і ў эканоміцы, і ў адукацыі, і ў дачыненьні да гісторыі Беларусь, маўляў, выгадна вылучаецца на фоне расейскай нестабільнасьці, хістаньняў і глябальных амбіцыяў.

— Калі Лукашэнку задалі пытаньне пра вынікі 20-гадовай інтэграцыі, то ён адказваў даволі пэсымістычна...

— Ён прамовіў фразу, што мы, маўляў, былі вялікімі рамантыкамі 20 гадоў таму. Але гэта таксама хітраватая фраза. Не рамантыкамі яны былі — а думалі пра рознае. У Маскве думалі — дамо абяцаньні пра раўнапраўную інтэграцыю, а потым далучым Беларусь, праз год-два. А ў Лукашэнкі былі, відаць, амбіцыі ці нейкія віды на крамлёўскі пасад. А атрымаўся аблом. Не ў рамантыцы справа.

Факт тое, што ў паперах Расея паабяцала роўныя ўмовы гаспадараньня, але яна іх не выконвае. Лукашэнка па-майстэрску бʼе ў гэтае слабое месца, бо нават цяпер у межах Эўразійскага Зьвязу ажно на 2025 год аднесена стварэньне адзінага рынку энэргарэсурсаў. Нашто тады было падпісваць паперы, калі няма тых самых «чатырох свабодаў» на практыцы?

Лукашэнка хітра ня Крэмль крытыкуе, а нейкіх неназваных ворагаў інтэграцыі, прагных алігархаў — але зразумела, што гэтыя папрокі накіраваныя самаму высокаму кіраўніцтву. Прагучала, што ёсьць і пагроза дэзінтэграцыі Эўразійскага зьвязу, калі ўзаемны гандаль будзе падаць. Так што няма ў Лукашэнкі даўно ніякіх ілюзіяў наконт інтэграцыі, ён чыста прагматычна стараецца ўхапіць, што можна.

— Даволі жорсткім для Лукашэнкі было пытаньне пра нізкія заробкі ў Беларусі. На гэта ён адказваў у нейкім апраўдальным тоне, відавочна было, што гэтае пытаньне яму ня вельмі спадабалася.

Гэта стварыла анэкдатычны эфэкт, што такія малыя заробкі, што без акуляраў не разглядзець

— Так. Лукашэнка адказваў кісла і няўпэўнена. Нават упершыню начапіў акуляры — і гэта стварыла анэкдатычны эфэкт, што такія малыя заробкі, што без акуляраў не разглядзець. І па сутнасьці яму даводзілася фактычна пераводзіць стрэлкі на «братнюю» Расею, — маўляў, вы па такіх цэнах гоніце нам газ, справядлівасьці няма, нашыя прадпрыемствы мусяць падціскацца і эканоміць на заробках. Таму замест нейкіх парадных заўвагаў атрымалася ўсё наадварот.

Лукашэнка па інэрцыі, як заўсёды на такіх шоў, спрабаваў паказаць перавагі беларускай мадэлі. Звычайна гэта працавала для журналістаў правінцыйных расейскіх гарадоў — глядзіце, Беларусь сапраўдная Эўропа, чысьценькая, акуратная. Але ўсё цяжэй рэклямаваць беларускую мадэль — бо яна зьдзьмулася, прасела. І ўжо нават такія добранадзейныя журналісцкія кадры з Расеі (бо ідзе сэлекцыя, каго запрашаць) задаюць нязручныя пытаньні.

Лукашэнка спрабаваў рэклямаваць сыходзячую натуру, фактычна дэградацыю старой мадэлі, якая ўжо вычарпала рэсурс. А бачаньня стратэгіі разьвіцьця Беларусі ён не прадэманстраваў. Для саміх беларусаў зразумелым засталося тое, што Лукашэнка ня бачыць, як Беларусі разьвівацца ва ўмовах постіндустрыяльнага грамадзтва. Ён фактычна стаяў на варце жыльлёва-камунальнай гаспадаркі старога ўзору, калгаснай сыстэмы старога ўзору — і падкрэсьліваў, што нічога ламаць ня трэба.

— Ці ўдалося яму вытрымаць нейкі балянс паміж дэкляраванай прарасейскасьцю і нейкай дозай беларускага патрыятызму?

— Я думаю, ён, як заўжды, лявіраваў. Гучалі ўсе тыя тэзы, што мы з аднаго кораня, расейская мова гэта наша мова — звычайны экспартны набор. Але разам з тым у яго пару разоў прарывалася раздражненьне ад таго, відаць, што расейкія мэдыі крытыкуюць за беларусізацыю — і прагучала: а што яшчэ ў Беларусі павінна адбівацца, калі не беларусізацыя? Заткнула ўсіх за пояс башкірская журналістка, якая на даволі добрай беларускай мове пачала сваё пытаньне, і Лукашэнка ў адказе таксама перайшоў на беларускую мову.

Мяккая беларусізацыя ісьці будзе, але вельмі павольна і непасьлядоўна, з аглядкай на Маскву

Але разам з тым ён зноў рэанімаваў старыя міты пра 90-я, што тут «нацмэны» былі ва ўладзе і рускіх пісьменьнікаў з праграм школьных павыкідвалі. Для мяне гэта азначае, што мяккая беларусізацыя ісьці будзе, але вельмі павольна і непасьлядоўна, з аглядкай на Маскву. Да таго ж улада баіцца разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, без чаго не магчыма мацаваць сапраўдны патрыятызм.

— А як вам гэтая цытата — «у мяне старэйшы сын такі чарнамазы»? Пра што гэтае слова сьведчыць? Ці Лукашэнка ня ведае абразьлівае значэньне гэтага слова? Ці можа гэткім чынам у яго прарвалася сапраўднае стаўленьне да свайго сына Віктара?

— Гэта прагучала вельмі няўдала, асабліва ў адказе на пытаньне прадстаўніка Чачні. Мне так падалося (натуральна, гэта маё субʼектыўнае меркаваньне), што, магчыма, тут адгалосак нейкіх жартаў між сабой, у вузкім сямейным коле.

Акрамя таго, у гэтым эпізодзе выявіўся алягізм разважаньняў Лукашэнкі. Толькі што ён падкрэсьлівае, што ў нас ніхто не чапляецца да «асобаў каўкаскай нацыянальнасьці», і тут жа расказвае, што ягонага сына міліцыянт спыніў менавіта паводле гэтай прыкметы. Наадварот, атрымліваецца, што ў нашай паліцэйскай дзяржаве могуць спыніць любога чалавека «неславянскай зьнешнасьці».

І такіх алягізмаў было шмат. Гэта сьведчаньне, што размагнічвае Лукашэнку такі фармат. Ён становіцца занадта вальяжным. І часам ня сочыць за сваімі словамі. Сапраўдны лідэр мусіць часьцей ладзіць прэсавыя канфэрэнцыі для ўласных, нацыянальных мэдыяў, зь вялікім прадстаўніцтвам недзяржаўных СМІ.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG