Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Здаецца, я нарэшце зразумеў, за што расейцы так любяць Беларусь.

У Беларусі праходзіць чарговы штогадовы прэс-тур расейскіх рэгіянальных журналістаў і (павеў часу!) блогераў. Усе гэтыя дні дзяржаўнае тэлебачаньне паказвае прыхільныя і захопленыя (непадробна, шчыра захопленыя) выказваньні прыежджых расейскіх журналістаў наконт беларускіх рэаліяў. «Люди не болтают, а работают», «Спокойная страна, всё качественно», ну і (як бяз гэтага) — «На улицах чисто, везде порядок, всё работает».

А яшчэ нярэдка ад расейскіх турыстаў ці наведнікаў беларускіх санаторыяў можна пачуць ці прачытаць у камэнтах сакрамэнтальную фразу «У вас тут, как в Европе. Ну почти».

Тут я і бачу галоўную прычыну любові расейцаў да цяперашняй Беларусі. Зь іхняга пункту гледжаньня Беларусь — гэта нейкая іншая, «правільная» Эўропа — у адрозьненьне ад той, «няправільнай», якая існуе на Захад ад Берасьця.

У той, «няправільнай», а дакладней, «сапсаванай» Эўропе — гей-парады, незразумелая дэмакратыя, арабскія кварталы, паліткарэктнасьць і «адны чорныя ў Парыжы».

А тут, зь іхняга пункту гледжаньня, «правільная» Эўропа, бо касьцёлы, добрыя дарогі, чысьціня і парадак, усе працуюць, на вуліцах адны славянскія твары і «Бацька ў руках трымае ўсю краіну».

І нават віцэ-прэм’ер Сямашка нагадвае ім Касыгіна (так выказаўся адзін расейскі журналіст падчас прэс-канфэрэнцыі з Лукашэнкам).

А яшчэ тут усе па-расейску гавораць. Як расейскай душы не любіць такую краіну?

Гэткая своеасаблівая псыхалягічная праекцыя, у якой дзіўным чынам адначасова спалучаюцца мары пра эўрапейскасьць Расеі і прарасейскасьць Эўропы.

Масавым расейскім уяўленьням пра «Эўропу» мы ўжо, здаецца, адпавядаем. Застаецца адкрытым пытаньне, ці хочам мы стаць Эўропай сапраўднай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG