Лінкі ўнівэрсальнага доступу

iPhone 7 зьявіўся ў Беларусі па двайной цане — за 3,5 сярэднія зарплаты


Apple iPhone 7

Apple iPhone 7

Новыя смартфоны Apple iPhone 7 і iPhone 7 Plus зьявіліся ў беларускіх інтэрнэт-крамах яшчэ да старту афіцыйных продажаў (якія, меркавана, пачнуцца ў кастрычніку). Рэкамэндаваная для ЗША цана самай таннай мадэлі, iPhone 7 32Gb, складае 649 даляраў (у беларускіх грошах гэта 1267 рублёў) .

Але ў Беларусі цэны пакуль удвая вышэй. Беларускія інтэрнэт-крамы прапануюць прывезеныя з замежжа iPhone 7 32Gb за 2500-2600 рублёў — удвая даражэй за рэкамэндаваную для ЗША цану.

Афіцыйная цана «белых» iPhone 7 32Gb у афіцыйных дылераў пасьля старту продажаў мае скласьці 1939 рублёў — толькі ў паўтара разы даражэй за рэкамэндаваную для ЗША цану. Некаторыя інтэрнэт-крамы ўжо прапануюць папярэднюю замову (але не дастаўку ў той жа дзень) па «белай» цане.

iPhone 7 Plus 128Gb неафіцыйныя пастаўшчыкі ў Беларусі прапануюць за 4500 рублёў. Яго рэкамэндаваная цана для афіцыйных дылераў у Беларусі — 2599 рублёў, для ЗША — 869 даляраў (1697 рублёў).

Самую дарагую мадэль, iPhone 7 Plus 256Gb, беларускія неафіцыйныя прадаўцы пакуль не прапануюць. Рэкамэндаваная цана для Беларусі — 2899 рублёў, для ЗША — 969 даляраў (1892 рублі).

Намінальная налічаная сярэдняя зарплата ў Беларусі склала ў ліпені 745,8 рублёў — на iPhone 7 32Gb спатрэбіцца 3,5 такіх. Большасьць беларусаў, 61,9%, жывуць на меней за 400 рублёў на месяц — нічога не купляць і ня есьці, каб набыць iPhone 7, ім прыйдзецца больш за паўгода.

XS
SM
MD
LG