Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паставіць беларускую клявіятуру на тэлефон


У адрозьненьне ад Украіны ці Казахстану, беларускае заканадаўства не патрабуе ўжываць нацыянальную мову ў прадуктах, якія пастаўляюцца на беларускі рынак. Магчыма, менавіта таму на большасьці тэлефонаў, што прадаюцца ў Беларусі, няма беларускай мовы інтэрфэйсу і нават беларускай клявіятуры. Але выправіць гэта сваімі сіламі можна.

iOS

Яшчэ нядаўна на iPhone і iPad нельга было ставіць староньнія клявіятурныя праграмы, а ў стандартнай беларускае мовы не было. Беларусы мусілі карыстацца расейскай раскладкай, для літары І пераключацца на ангельскую, а замест Ў пісаць, напрыклад, значок японскай ены — ¥. Сытуацыя зьмянілася з выхадам iOS 8, дзе Apple нарэшце дазволіла ўсталёўваць староньнія клявіятуры (стандартная дагэтуль ня мае беларускай раскладкі).

Някепскую, даволі хуткую клявіятуру зь беларускай раскладкай прапануе «Яндэкс». Па змоўчаньні ў гэтай клявіятуры ўсталяваная расейская, ангельская і лічбавая раскладкі, між якімі можна пераключацца «змахваньнем» убок. У наладах (яны выглядаюць як звычайная праграма на рабочым стале) давядзецца выдаліць адну з трох раскладак, каб дадаць беларускую (ці ўкраінскую), але можна сьмела выдаляць лічбавую, бо на лічбы можна ўсё роўна пераключыцца асобнай кнопкай. Літара Ё ў беларускай раскладцы набіраецца па доўгім націсканьні на Е, а вось літары Ґ выбухной няма. У клявіятуры ёсьць аўтазамена і для беларускай мовы, але толькі для школьнага правапісу. Прыхільнікам клясычнага правапісу варта адключыць аўтазамену ў наладах.

У App Store таксама можна знайсьці Adaptxt Keyboard — добрую бясплатную клявіятуру зь беларускай раскладкай (праўда, без «наваротаў» кшталту літары Ґ ці аўтадапаўненьня словаў).

Ёсьць і праграма moVa ад мабільнага апэратара velcom — тэкст можна набіраць толькі ў ёй самой, але ня ў іншых праграмах (пошце, Safari, Facebook...). Але гэта адзіны варыянт для тых, у каго стары тэлефон ці пляншэт, які не падтрымлівае iOS 8 і больш новыя вэрсіі.

Усталёўвайце адну з праграмаў і ўключайце праз Налады — Асноўныя — Клявіятура — Клявіятуры — Новыя Клявіятуры — Дазволіць поўны доступ. Каб зрабіць клявіятуру стандартнай, націсьніце ў акне са сьпісам клявіятураў «Зьмяніць» і перацягніце вашу клявіятуру на верхняе месца ў сьпісе.

Android

У практычна ўсіх Android-смартфонах беларускай мовы ў стандартнай праграме клявіятуры няма. А калі і ёсьць, то ня ўключаная нават у тэлефонах, якія пастаўляюцца адмыслова для беларускага рынку. Зайдзіце ў налады (Settings), знайдзіце пункт «Мовы і клявіятуры» (Language and input), а там націсьніце на налады фірмовай клявіятуры. Праверце, магчыма, у сьпісе даступных моваў ёсьць беларуская.

Калі няма, адкрывайце Play Маркет (ён жа Play Store) і націскайце на пошук. Па запыце «belarusian keyboard» пакажацца мноства праграмаў, але ня ўсе са сьпісу будуць якаснымі клявіятурамі — і наагул клявіятурамі. Выбар значна большы, чым на iOS. Таму параім некалькі:

AnySoftKeyboard — адна з найлепшых беларускіх клявіятураў з шэрагу прычынаў. Яна бясплатная, адкрытая, «лёгкая» (не загружае памяць тэлефона і хутка працуе), сумяшчальная нават з самымі старымі апаратамі. Асобна для яе трэба ўсталяваць і ўключыць беларускую раскладку. Яшчэ адзін плюс — якраз у раскладцы. Акрамя базавай, ёсьць тыпаграфская, у якой можна пісаць (доўга націскаючы на адпаведныя літары і выбіраючы адзін з варыянтаў) спэцыфічныя знакі кшталту двукосьсяў-ёлачак ці доўгіх і сярэдніх працяжнікаў, а таксама расейскія і ўкраінскія літары (у тым ліку Ґ выбухную). Ёсьць і тыпаграфская раскладка беларускай лацінкі — магчыма, адзіная паўнавартасная раскладка беларускай лацінкі на ўвесь Play Store. Мець можна толькі дзьве раскладкі — кірылічную для беларускай-расейскай-украінскай і лацінкавую для беларускай-ангельскай-нямецкай-польскай і іншых.

SwiftKey Keyboard — таксама бясплатная, але крыху «цяжэйшая» (можа павольней працаваць на старых тэлефонах) клявіятура зь беларускай раскладкай, якую сама праграма прапануе выбраць спаміж іншых пры першым запуску. Праграма мае вялізны плюс: аўтадапаўненьне словаў зь вялікім беларускім слоўнікам. Ня трэба набіраць кожную асобную літару — каб напісаць «Жыве Беларусь», дастаткова правесьці пальцам па літарах «ж-ы-в-е», не адрываючы палец ад экрану, а праграма зразумее, што гэта «жыве» і нават прапануе дадаць наступнае слова, «Беларусь». І гэтае аўтадапаўненьне працуе для любых словаў і фразаў. Адзіная хіба — правапіс толькі школьны, тарашкевіцы няма. Бонус — мноства варыянтаў зьнешняга выгляду, «скурак» (skins) і наладаў.

MultiLing O Keyboard — яшчэ адна бясплатная клявіятура. Лёгкая, як AnySoftKeyboard, і зь «неадрыўнымі» падказкамі словаў (зноў жа, толькі школьны правапіс), як у SwiftKey, ды яшчэ і магчымасьцю ствараць уласную раскладку на базе гатовай. Напрыклад, у беларускую можна дадаць спэцыфічныя для казаскай мовы літары. Мінус — цяжкаваты для асваеньня інтэрфэйс наладаў.

Google Keyboard — фірмовая клявіятура Google, часта абнаўляецца, адпавядае фірмоваму стылю Android. Беларуская раскладка там ёсьць, але зь ёй бяда. Літара Ё ня мае асобнай кнопкі, і каб набраць ё, давядзецца доўга націскаць на Е, а калі ўсплыве дадатковае акно, навесьці палец на Ё і адпусьціць. Апостраф ставіцца такім жа чынам, шукаць яго трэба пасьля доўгага націсканьня на кнопку. Магчыма, зь цягам часу гэта выправіцца, але пакуль клявіятура Google адстае ад канкурэнтаў што да «беларускасьці».

Swype Keyboard — неблагая клявіятура зь беларускай раскладкай, але платная. Пасьля тэставага бясплатнага пэрыяду давядзецца набыць поўную вэрсію. Спрэчны набытак пры наяўнасьці бясплатных аналягаў, але мае значны плюс — вельмі багаты слоўнік для «неадрыўнага набору» беларускай мовы, у якім прапануецца як наркамаўка, так і тарашкевіца.

Windows Phone

Мінус Windows Phone — малая колькасьць староньніх праграмаў і поўная адсутнасьць альтэрнатыўных клявіятураў.

Плюс — стандартная клявіятура ўжо мае беларускую мову, хай і бязь літары Ґ выбухной, аўтадапаўненьня словаў і іншых бонусаў. Зайдзіце ў Налады, там дайдзіце да пункту «Клявіятуры», націсьніце ў ім плюсік, у сьпісе знайдзіце беларускую і пастаўце птушачку насупраць яе, а потым птушачку ўнізе экрану, каб прыняць зьмены.

Да таго ж Windows Phone — адзіная мабільная апэрацыйная сыстэма, цалкам афіцыйна перакладзеная на беларускую. Каб яе ўключыць, зайдзіце ў Налады, там — Мова, у ёй плюсік, у сьпісе — Беларуская — птушачка насупраць — птушачка ўнізе. Каб зьмены набылі сілу, трэба перазагрузіць апарат.

P.S. Беларускі інтэрфэйс для Android не выпускаўся афіцыйна, але робіцца аматарамі. Ён усталёўваецца досыць няпроста і можа быць ня цалкам сумяшчальны з усімі апаратамі, пераклад можа быць няпоўны. Але яго можна паспрабаваць усталяваць на свой страх і рызыку. Як гэта зрабіць, апісана тут.

XS
SM
MD
LG