Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР знайшла спосаб узламаць iPhone падазраванага ў тэрарызьме


Узламаць зашыфраваны смартфон магчыма і бяз Apple, якая раней адмовілася дапамагаць ФБР стварыць «дзіру» ў сваёй абароне.

Міністэрства юстыцыі ЗША папрасіла суд адкласьці слуханьні супраць карпарацыі Apple па справе патрабаваньня ўзламаць тэлефон аднаго з падазраваных у леташнім тэракце ў Сан-Бэрнардына Саіда Фарука.

«У нядзелю, 20 сакавіка 2016 году, староньняя арганізацыя прадэманстравала ФБР магчымы мэтад разблякаваньня iPhone Фарука, — піша суду Мінʼюст. — Каб вызначыць, ці дзейны гэты мэтад і ці не пашкодзіць ён зьвесткі на iPhone Фарука, патрэбныя тэсты. Калі мэтад дзейны, ён ліквідуе патрэбу ў супрацы з боку Apple».

Раней Apple адмовілася выконваць рашэньне суду, паводле якога кампанія павінна была стварыць для праваахоўнікаў «дзіру» ў абароне пэрсанальных зьвестак на сваёй тэхніцы, каб ФБР магла атрымаць доступ да зьвестак тэрарыстаў. Генэральны дырэктар Apple Тым Кук выступіў з адкрытым лістом супраць рашэньня суду, яго падтрымалі шмат якія ключавыя фігуры IT-індустрыі, у тым ліку кіраўнікі Google і Facebook.

«Мы не чакалі, што апынёмся ў такой пазыцыі, у сварцы з урадам, — казаў Кук на прэзэнтацыі новых мадэляў iPhone 21 сакавіка. — Але мы верым, што ў нас ёсьць абавязаньні абараняць вашы зьвесткі і вашу прыватнасьць. Мы павінны рабіць гэта дзеля нашых кліентаў і дзеля нашай краіны. Гэта праблема, якая ўплывае на ўсіх нас. І мы ня станем ухіляцца ад гэтай адказнасьці».

Праблема з узломам iPhone палягала ў тым, што меркаваны тэрарыст не ўключаў сынхранізацыю з воблачным сэрвісам iCloud, зьвесткі зь якога можа атрымаць Apple, і заблякаваў смартфон пін-кодам — а колькасьць спробаў падабраць пін-код абмежаваная. Самі ж смартфоны і пляншэты Apple па змаўчаньні шыфруюць зьвесткі ў сваёй памяці.

Шыфраваць зьвесткі магчыма таксама на смартфонах на Android і іншых апэрацыйных сыстэмах, але, прыкладам, на Android яно ня ўключанае па змаўчаньні — яго трэба ўключаць уручную.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG