Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодні зварот Лукашэнкі: У Новы год зь пераменамі і бяз ломкі


У звароце Лукашэнка згадаў пагрозы чалавецтву, 70-годзьдзе перамогі ў Другой усясьветнай вайне і сваю перамогу на выбарах, крызіс і неабходнасьць пераменаў.

«Дарагія суайчыннікі! — пачаў зварот Лукашэнка без усьмешкі. — Новы год нездарма называюць казачным сьвятам. Ён зьмяняе звыклы сьвет, прыўносіць дзіўную атмасфэру ўрачыстасьці. Тое, што здавалася шэрым і сумным, раптам пачынае гуляць яскравымі фарбамі. У гэты момант разумееш, як важна любіць і шанаваць жыцьцё, якое яно прыгожае і цікавае, як непаўторна кожнае яго імгненьне».

Адразу Лукашэнка перайшоў да пагрозы чалавецтву і праву чалавека на жыцьцё. У адрозьненьне ад мінулага навагодняга звароту, ён сядзеў не каля кніжнай шафы ў цёмных танах, а стаяў перад сьветла-блакітным камінам. Падсьвятленьне твару Лукашэнкі было, наадварот, не халодным, як летась, а ў цёплых танах.

«За апошні год сьвет ня стаў спакайнейшым. Ад тэрактаў і ваенных канфліктаў гіне ўсё больш людзей. У самых розных кутках плянэты ўсё гучней гучаць галасы тых палітыкаў, хто ставіць свае амбіцыі вышэй за дабрабыт народу. Відавочна, што стары ўсясьветны парадак разбураецца. Ідзе новы перадзел сьвету, які не прынясе людзям нічога, акрамя бедаў і пакутаў».

У такой абстаноўцы, падкрэсьліў ён, яшчэ вастрэй адчуваецца каштоўнасьць міру і згоды ў Беларусі, якую атрымалася зьберагчы ад войнаў, тэрарызму і «ўнутранай смуты». Сымбалічным ён назваў сьвяткаваньне 70-годзьдзя перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Паводле ягоных словаў, нашыя бацькі, дзяды і прадзеды тады «вызвалілі родную зямлю і заваявалі незалежнасьць». Раней ён называў 70-годзьдзе Перамогі галоўнай падзеяй для Беларусі ў 2015 годзе.

Пасьля гэтага Лукашэнка перайшоў да тэмы сваёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах і паабяцаў прагрэс і перамены. Гэтым годам ён выступаў у сьвятлейшым сінім гарнітуры з блакітным гальштукам (летась — у цёмна-сінім ці чорным пінжаку з таго ж колеру гальштукам), на пінжак ужо не начэпліваў значык з чырвона-зялёным сьцягам.

«У кожнага была магчымасьць спакойна ўспомніць мінулае, ацаніць сучаснасць і вызначыць сваю будучыню. Мы разам выбралі мір і парадак, спакой і прадказальнасць, свабоду і незалежнасьць Беларусі. Сёньня грамадзтва чакае рух наперад. Скажу цьвёрда: Беларусь пойдзе шляхам разьвіцьця і прагрэсу. Гэта будуць разумныя перамены, зразумелыя людзям, а ня шлях абвалу, ломкі і рэвалюцыяў».

Гэта будуць разумныя перамены, зразумелыя людзям, а ня шлях абвалу, ломкі і рэвалюцыяў

Далей Лукашэнка нагадаў пра крызіс, прычынай якога ён назваў разлады і войны ў сьвеце, беды ў блізкіх і далёкіх суседзяў. У такой сытуацыі, каб пераадолець цяжкасьці, кажа Лукашэнка, трэба, як і раней, захаваць адзінства ў грамадзтве. Ён заклікаў не марнаваць сілы на крыўды, папрокі і сваркі. І нечакана перайшоў да філязофскіх пытаньняў:

«Стагодзьдзямі людзі спрачаліся пра тое, для чаго народжаны чалавек, у чым сэнс яго жыцьця. Верагодна, гэтыя развагі будуць працягвацца да таго часу, пакуль існуе чалавецтва. Але, напэўна, я не саграшу супраць ісьціны, калі скажу: чалавек народжаны для радасьці і шчасьця. Толькі парадокс у тым, што часам людзі шукаюць шчасьця ў далёкіх далях, не заўважаючы, што яно зусім побач. Яго можна знайсьці ў працы, творчасьці, спорце, у сваім жыцьці, у дзецях».

У час мінулага звароту за сьпінай Лукашэнкі стаялі ў рамках тры фатаздымкі, на якіх былі ён з малодшым сынам Мікалаем і сем’і яго старэйшага і сярэдняга сыноў. Гэтым разам сямейных фота не было, на каміне стаялі адно навагоднія ялінкавыя цацкі.

Па заканчэньні звароту Лукашэнка пажадаў усім знайсьці сваё шчасьце і не прайсьці міма яго:

«Шануйце жыцьцё, шануйце кожнае яго імгненьне, радуйцеся і дзяліцеся радасьцю з тымі, хто побач. У апошнія хвіліны году, што адыходзіць, мне хочацца пажадаць дабрабыту вам і вашым дзецям. Мае асаблівыя віншаваньні нашым каханым непаўторным беларускім жанчынам».

Таксама Лукашэнка адрасаваў асобныя віншаваньні вэтэранам, рабочым і сялянам, лекарам і настаўнікам, шараговым вайскоўцам і афіцэрам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG