Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў роце ЁЛКА… значыць, пара заканчваць сьвяткаваньні


Belarus - banner Christmas tree
Belarus - banner Christmas tree

Год таму, таксама ў калядныя дні, мы высьвятлялі, якія калядныя постаці нашыя, а якія ня вельмі. Высьветлілі. Сьвяты Мікалай ці хай сабе і Зюзя —нашыя, каляднікі з Казой нашыя, а вось Сьнягурачка — гэта пэрсанаж расейскай літаратуры, роля якога гістарычна і сюжэтна не пасуе да нашых Калядаў ані традыцыйна-народных, ані хрысьціянскіх.

Сёньня пра важны калядны атрыбут. Як завем сьвяточнае дрэва? Елка, ёлка ці ялінка? Бытуе меркаваньне, нават у слоўніках савецкай пары запісанае, што дрэва — яліна ці елка, але са зьменай ролі нібыта мяняецца яго назва. Як казаў паэта,

А прынесьлі елку ў хату —
Стала ёлачкай яна.

Але разьбярэмся.

Сам па сабе корань ель-, едл- старажытны, агульнаславянскі і ня толькі.

Акрамя роду Picea, гэтым коранем завуцца таксама іншыя хваёвыя дрэвы. Маем слова ялавец — тое, што па-расейску "можжевельник". А славяне на захад ад нас гэтым коранем абазначаюць хваёвае дрэва роду Abies (польская jodła, сэрбская jела), якое ў цяперашніх беларускіх слоўніках завецца "піхта".

Але "піхта" ў беларускай мове — русізм, а ў расейскай гэта сьлед уплыву фіна-вугорскіх моваў (так мяркуюць сучасныя фінскія і расейскія этымолягі). У беларускай мове для піхты ё лепшае слова: ельніца.

Ельніца — Abies Dietr.—alba Mill, піхта белая (Киселевский А.И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. Мн.: 1967).

Дарма што цяпер гэтае дрэва ў нас вельмі рэдкае — у Чырвонай кнізе (ельніца расьце толькі ў Белавескай пушчы), варта вярнуць яму беларускае імя.

Ельніца
Ельніца

Немцы, ад якіх нашыя продкі, хутчэй за ўсё, і перанялі параўнальна новы звычай выстройваць каляднае дрэва, некалі бралі на гэтую ролю піхту-ельніцу (або і ўсякае хваёвае дрэва).

Адна з улюбёных немцамі калядных песень акурат ёй прысьвечаная — O Tannenbaum! Мэлёдыя даўнейшая, словы Эрнста Аншуца.

На беларускую гэтую песьню пераклаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Каб не заглыбляцца ў батанічныя дэталі, ён перадаў назву дрэва Tannenbaum абагульнена:

О хвойка-хвоя, хваінá,

О хвайныя іголкі!

І ў летні, і ў зімовы час

Ты зелянінай вабіш нас.

О хвойка-хвоя, хваіна,

О хвайныя іголкі...

(сьпявае Адась Матафонаў)

Дарэчы, яшчэ адзін, акурат найбольш у нас пашыраны, гатунак хваёвых дрэваў па-беларуску завецца двума сынонімамі: сасна і хвоя. А зеляніна хваёвых — гэта ігліца.

****

Вернемся да ялінкі-елкі-ёлкі. Паводле складанага правіла старадаўні гук [э] часам пераходзіў у [о] пасьля мяккіх — на пісьме гэта пераход літары е ў ё: дзень — дзённы. Працэс меў закрануць і пары словаў накшталт ельнік — ёлка. У расейскай мове так і адбылося. А ў беларускай — ня ўсюды. Яшчэ акадэмік Карскі заўважыў, што і на Барысаўшчыне, і на Ігуменшчыне, і на Ваўкавышчыне фальклярысты запісвалі слова елка, ня ёлка.

У іншых словах, у тым ліку імёнах, таксама бывае, што расейскай літары ё адпавядае беларуская е (э): рёбра — рэбры, тёща — цешча, опёнок — апенька, идём — ідзем, Алёна — Алена, Фёдор — Хведар. Гэтая рыса — адна з адметнасьцяў беларускае мовы ў параўнаньні з расейскаю. Часам яна тлумачыцца гукавымі зьменамі наступных зычных гукаў, часам — аналёгіяй зь іншымі формамі (гэта акурат выпадак зь елкаю).

Cлова ёлка ў значэньні адпаведнага дрэва ведаюць асобныя беларускія гаворкі, яно выразна лякалізуецца на Віленшчыне — там ужываецца і палянізм ёдла з тым жа значэньнем (хоць у польскай мове гэта 'піхта-ельніца'). І я вымушаны паправіць аўтарытэтны "Этымалягічны слоўнік беларускай мовы": формы ёлка няма ані ў "Віцебскім краёвым слоўніку" Міколы Касьпяровіча (1927), ані ў "Краёвым слоўніку Чэрвеншчыны" Міколы Шатэрніка (1929).

У іншыя гаворкі ды ў літаратурную мову слова ёлка прыйшло ўжо ў савецкі час для абазначэньня менавіта сьвяточнага дрэва. Яшчэ "ёлачкай" могуць называць узор вышыўкі. Гэта што да кораня ел-/ёл-.

А ёсьць жа яшчэ варыянты словаўтваральнага суфікса: -к-а або -ін-а. Беларускія этымолягі з агульнаславянскай пэрспэктывы і пра елку, і пра ёлку кажуць: такія формы "маюць вельмі абмежаваны характар: галоўным чынам беларуска-руская тэрыторыя".

А на пераважнай бальшыні абшару менавіта беларускае мовы вядомая назва дрэва ялíна, з варыянтамі éліна, ялінá, а нават ядлíна.

У першым вялікім зборы словаў беларускае мовы XIX стагодзьдзя — слоўніку Івана Насовіча — толькі яліна і ялінка. Елак-ёлак няма зусім. Дакладней, ёлка ёсьць: у сказе

Ёлка ў роце!

Гэта значыць — горка, прыкра ў роце. Многія ў Беларусі, нават расейскамоўныя, ведаюць і ўжываюць беларускі прыметнік ёлкі, які апісвае спэцыфічны непрыемны смак сапсаванага масла ці сала. Ёсьць і дзеясловы — зьялчэць, ёлкнуць. Этымалёгія слова зьвязаная з старымі яшчэ індаэўрапейскімі каранямі, як у слова эль. У кожным разе думаю, што беларускае слова ёлка са значэньнем горкага смаку падказвае нам, што для сьвяточнага дрэва лепей выбіраць іншыя словы. Што і рабілі клясыкі. Якуб Колас, верш "Дзед-госьць":

А ялінка!.. Чаго толькі

На яе няма галінках!

Сьвецяць зоркі і вясёлкі

У бліскучых павуцінках.

Няма слова "ёлка" як беларускага ў аўтарытэтным "Расійска-беларускім слоўніку" С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928). Там елка, яліна, ель.

Дарэчы, у расейскай мове слова "ёлка" мела і спэцыфічнае значэньне. Лексыкограф Уладзімір Даль запісаў выраз: "Идти под ёлку" — значыць ісьці ў кабак. Бо была там завядзёнка на карчму ставіць яліну. Адсюль таксама жартоўная назва карчмы-кабака — "Иван Ёлкин".

РГАКФД/Росинформ
РГАКФД/Росинформ

У нашых суседзяў-украінцаў са словам "ёлка" атрымаўся цэлы мэм-анэкдот. Былы прэзыдэнт Януковіч хацеў абвясьціць, што на месцы народных пратэстаў зьявіцца каляднае дрэва. І забыўся, як яно завецца па-ўкраінску. 10 сэкундаў думаў і ўсё роўна спудлаваў.

А трэба было сказаць ялинка. Гэта ва ўкраінскай мове адзінае нарматыўнае слова.

****

Цягам ХХ стагодзьдзя слова "ёлка" ў сьвяточным значэньні даволі моцна пранікла ў беларускую мову. Літаратары стварылі для дзяцей нямала тэкстаў пра "навагоднюю ёлку".

Хаця трэба разьбірацца. Скажам, Купала пераклаў вядомую расейскую песеньку на нямецка-швэдзкую мэлёдыю так, што наша паддосьледнае слова можа быць і празь літару ё (так пераклад публікуецца ў зборах твораў), і празь е (так сьпяваюць яе ў беларускіх асяродках цяпер): Узышла у лесе елачка...

Для маладзейшых беларускіх аўтараў выбар беларускага слова ялінка — натуральны: Да нас прыйшла ялінка — зялёная галінка .

Верш Сержа Мінскевіча, музыка Тацяны Грыневіч, сьпявае Адась Матафонаў:

Сьвяткаваньне пад назваю калядная ялінка, перажыўшы савецкія часы на эміграцыі, вярнулася на Бацькаўшчыну.

Цяпер нават імя такое дзецям даюць: многія чулі пра Ялінку Салаўёву, якая разам з бацькамі дамагаецца права вучыцца па-беларуску ў Магілёве. Сэмантыка імя, дарэчы, вядомая іншым народам: так, многія літоўкі носяць імя Eglė.

То хай жыве ялінка. Вясёлых Калядаў і шчасьлівага Новага году!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG