Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Кірыла Сілівончыка: Мой cын — «нацыяналіст», на беларускай мове размаўляе


Кірыл Сілівончык

Кірыл Сілівончык

Два гады калёніі-пасяленьня прысудзіў 22-гадоваму Кірылу Сілівончыку, беларусу з Гомельшчыны, Маскоўскі акруговы вайсковы суд. Хлопца прызналі вінаватым паводле артыкула «Публічнае апраўданьне тэрарызму альбо публічныя заклікі да яго». І хоць Сілівончык да войска ня мае ніякага дачыненьня, у саюзнай Расеі гэты артыкул падпадае пад юрысдыкцыю вайсковага суду.

Натальля Сілівончык: «Для мяне гэта загадка, бо сын анідзе і ані ў чым ня ўдзельнічаў. Я ўжо напачатку пыталася ў адвакатаў, сьледчага — ён ідэйны? Ці ў складзе нейкай арганізацыі? Адвакатка сказала: „Не“. У Маскве наймалі адвакатаў у абарону Кірыла. Усё ішло да таго, што абыдзецца штрафам. Але вайсковы суд павярнуў па-іншаму. Такіх палітычных разглядае вайсковы суд. Мы не падавалі касацыйную скаргу, бо гэта мінімальнае пакараньне, якое маглі даць».

Натальля Сілівончык на суд ня езьдзіла, бо пачувае сябе ня лепшым чынам. Кірыл наказаў ёй не прыяжджаць. Апрача таго, паездка вымагае вялікіх грошай — і на квіткі, і на начлег. Маці дазналася ад адваката, у чым зьвінавацілі сына:

«Можа, я чаго і ня ведаю. Але адвакатка сказала, што ён пісаў нешта ў артыкуле, каб Украіна й Беларусь ядналіся супраць агрэсіі Расеі. Украінская тэма — яна даволі актуальная, і шмат моладзі пра гэта выказваецца. Але чамусьці іх не арыштоўваюць і не саджаюць, а вось Кірыл папаўся. Закрадаюцца такія думкі: штосьці тут ня так, бо казалі ж, што там нічога такога крымінальнага няма. І тут хапнулі. Ну што гэтыя мае тэлефанаваньні? Каб я магла быць на месцы, а то магла б і са сьледчым пагутарыць, і зь сябрамі».

У байнэце паведамляецца, што Кірыл Сілівончык працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе сыстэмным адміністратарам. Затрымалі яго зь сябрамі, але што зь імі, пакуль невядома. Падставай сталі допісы ў падтрымку Ўкраіны, якія разьмяшчаліся ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». Сам Кірыл нібыта заклікаў «забіваць маскалёў», «вярнуць Крым Украіне». На адным з малюнкаў паказана, як украінскі салдат рве расейскі сьцяг і топча герб.

Маці ня верыць у нейкія тэрарыстычныя выхадкі сына. Кажа толькі, што ня варта было нешта дрэннае пісаць пра Расею, калі ў ёй жывеш і працуеш.

Сына свайго Натальля Сілівончык ведае як шчырага патрыёта Беларусі. І называе «нацыяналістам» — у добрым сэнсе гэтага слова:

Я ведаю, што ён „нацыяналіст“ — на беларускай мове размаўляе

«Я ведаю, што ён „нацыяналіст“ — на беларускай мове размаўляе. Усе зь яго нават сьмяяліся. Ён нават пытаўся: „Мама, як ты ставісься да таго, што я размаўляю на беларускай мове?“ Я кажу: „Добра, добра. Маладзец! Беларуская мова наагул губляецца, а яна павінна разьвівацца. Прагрэс павінен быць“. Цяпер атрымліваецца так, што нават беларусы ня могуць расейскае слова перакласьці на беларускае. Нават чытаць некаторыя па-беларуску ня могуць. І размаўляюць хіба на мясцовым дыялекце. Так што яго беларускую мову я толькі вітала».

Натальля апавяла, што ў яе трое дзяцей. Муж памёр у сярэдзіне дзевяностых. Сама Натальля працуе ў сталоўцы ў Сьветлагорскім раёне. Выйшла другі раз замуж. Кірыл маладзейшы зь дзяцей — у чэрвені яму будзе толькі 23 гады. Ён скончыў у Гомелі машынабудаўнічы каледж па спэцыяльнасьці «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгіяў». І паступіў на завочнае навучаньне ў Гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт. Год пасьля каледжу шукаў сталай працы, жыў на найманай кватэры:

«Працы не было. Разумееце, ён год зьнемагаўся. А там ён зрабіў замоўшчыку праграму — як праграміст. Ён ім спадабаўся. Канечне, езьдзіў спачатку на пробныя заданьні. Ён, як выявілася, руплівы, адказны. Так і застаўся».

Маці ўдзячная ўсім, хто праз інтэрнэт уздымае голас за вызваленьне сына, які цяпер у сьледчым ізалятары ў Ніжнім Ноўгарадзе чакае накіраваньня ў калёнію-пасяленьне. Толькі ёй ня надта верыцца, што гэта нешта зьменіць у Кірылавым лёсе, бо ў Расеі свае законы, свае парадкі:

«Што ў сына прыхільнікі ёсьць — за гэта вялікі дзякуй. Але ў мяне сумнеў ёсьць, што гэта дапаможа. Магчыма, каб ён быў у Беларусі, то — так, можа, і дапамагло б. А там жа Расея. У іх свае законы, у нас — свае. Здаецца, аднолькава, але ў іх адно, а ў нас зусім іншае. Так што сумняюся, што гэта дапаможа. І, ведаеце, магчыма, больш на гэтую тэму і гаварыць ня буду».

XS
SM
MD
LG