Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новыя падрабязнасьці ў справе Сілівончыка. Вайсковы суд лічыць, што абрана мяккае пакараньне


Кірыл Сілівончык

Кірыл Сілівончык

Падставай для прысуду стаў адзін пост «Укантакце». У судзе Сілівончык пайшоў на супрацу са сьледзтвам і цалкам прызнаў сваю віну.

У адказ на хвалю салідарнасьці з асуджаным беларусам у інтэрнэце расейскія праваабаронцы раяць дачакацца рэакцыі самога Кірылы Сілівончыка.

22-гадовы сыстэмны адміністратар аднаго з прадпрыемстваў Ніжняга Ноўгараду, грамадзянін Беларусі Кірыл Сілівончык, інвалід 3-й групы, 9 красавіка 2015 году быў асуджаны на два гады калёніі-пасяленьня паводле артыкула 205.2 Крымінальнага кодэксу РФ «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці». Справу разглядаў Маскоўскі вайсковы акружны суд выязным паседжаньнем у Ніжнім Ноўгарадзе.

Прэс-сакратарка акруговага суду Ірына Жырнова паведаміла Радыё Свабода сутнасьць справы:

«Адзін-адзіны эпізод, які зьвязаны з разьмяшчэньнем у сеціве „Ўкантакце“ канкрэтнага паста. Сілівончык віну сваю прызнаў цалкам. У яго зафіксаваная яўка з павіннай. Ён заявіў хадайніцтва пра разгляд справы ў адмысловым парадку без правядзеньня судовага сьледзтва. Былі ўлічаныя ўсе зьмякчальныя абставіны: тое, што ўпершыню, і тое, што інвалід, і тое, што супрацоўнічаў са сьледзтвам. Таму абрана мяккае пакараньне, але зьвязанае з пазбаўленьнем волі ў калёніі-пасяленьні».

Ірына Жырнова пацьвярджае, што зьмешчаныя Сілівончыкам словы належаць яму асабіста, а сам допіс — не перапост. Вытрымку з тэксту прысуду Ірына Жырнова прадставіла Радыё Свабода.

Па словах Ірыны Жырновай, суд задаволіў хадайніцтва Кірыла Сілівончыка пра разгляд справы ў адмысловым рэжыме — «без правядзеньня судовага сьледзтва».

Паводле прэс-сакратаркі, Сілівончык цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 Ніжняга Ноўгараду (адрас: 603009 Нижегородская обл., г. Нижний Новгород, пр. Гагарина, 26а). Рыхтуюцца дакумэнты, каб этапаваць яго далей у калёнію.

Кірыл Сілівончык быў затрыманы 18 сьнежня ў Ніжнім Ноўгарадзе разам з грамадзянамі Расеі, якіх пазьней адпусьцілі.

МЗС Беларусі паведаміла Радыё Свабода, што інфармацыю пра справу Сілівончыка яны атрымалі яшчэ ў студзені:

«Апавяшчэньне аб выкананьнi працэсуальных дзеяньняў у дачыненьні да Сілівончыка К.В. было атрымана Пасольствам Беларусі ў Расеі ад кампэтэнтных органаў Расейскай Фэдэрацыі ў студзені 2015 году. Аб факце затрыманьня былі неадкладна праінфармаваныя кампэтэнтныя органы Рэспублікі Беларусь і маці затрыманага.

Пасольства Беларусі ў Расеі сочыць за разьвіцьцём дадзенай сытуацыі. Па консульскую дапамогу ў сувязі з парушэньнем правоў і законных інтарэсаў Сілівончык К.В., яго законныя прадстаўнікі або сваякі не зьвярталіся», — гаворыцца ў адказе МЗС на запыт Радыё Свабода.

Дзьмітры Ўтокін, праваабаронца з Камітэту супраць катаваньняў (Ніжні Ноўгарад), кажа, што артыкул 205.2 даволі рэдка выкарыстоўваецца ў сьледчай практыцы, бо склад злачынства «цяжка давесьці».

«А вось паводле артыкула 282 „Распальваньне розьні“ часта прыцягваюць», — кажа Ўтокін.

Паводле расейскага праваабаронцы, экстрадаваць Сілівончыка ў Беларусь немагчыма, і ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам ён мусіць адбываць пакараньне на тэрыторыі Расеі.

«Самае лепшае — наняць яму незалежнага адваката. І спытаць ягоную пазыцыю. Ці хоча ён дапамогі? Бо калі доказы неабвержныя і ён згодны з абвінавачаньнем, то можна пераканацца, што два гады пасяленьня — досыць мяккае пакараньне», — кажа Ўтокін.

Абараняла Кірылу Сілівончыка ў судзе «адвакат па прызначэньні» Юлія Баронец. Кантактаваць з журналістамі яна адмаўляецца.

Юлія Баронец была адвакатам абвінавачанага ў разгалошваньні дзяржаўнай тайны фізыка зь Ніжняга Ноўгараду Ўладзімера Голубева. Ад паслугаў Баронец Голубеў адмовіўся, аргумэнтаваўшы свой учынак наступным:

«Мне стала зразумела, што Юлія Баронец зьяўляецца не адвакатам, а добра праінфармаваным па сутнасьці і задачах спушчанай замовы памочнікам і кансультантам сьледчага».

Пакуль невядома, у калёніі адкрытага ці закрытага тыпу будзе адбываць пакараньне Кірыл Сілівончык.

XS
SM
MD
LG