Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам ужо зь 1 студзеня выключацца?» — кабэльныя апэратары супраць стварэньня дзярждыстрыб’ютара замежных тэлеканалаў


Праз праект указу аб стварэньні дзяржманапаліста ў распаўсюдзе замежных СМІ кабэльныя кампаніі падумваюць аб спыненьні працы. Замест яшчэ большага кантролю над тэлевізарамі дзяржава можа той кантроль страціць.

Міністэрства інфармацыі Беларусі рыхтуе ўказ аб стварэньні адзінага дзяржаўнага распаўсюдніка замежных СМІ. Праект рыхтаваўся без удзелу зацікаўленых кампаніяў галіны, узгоднены з усімі профільнымі ведамствамі і мае быць прыняты яшчэ да 1 студзеня 2016 году, распавяла Свабодзе старшыня праўленьня Тэлекамунікацыйнага галіновага саюзу Алена Клюйкова:

«Сытуацыя для нас сумная і цяжкая. Мы яе не разумеем, бо ў законе пра СМІ прапісана, што манапалізацыя дзейнасьці СМІ дзяржаўнымі органамі не дапускаецца, што замежныя і беларускія СМІ ў правах і абавязках роўныя».

Наконт новаўвядзеньняў экспэртка кажа:

«Мы ў поўнай зьбянтэжанасьці — як такая ідэя магла нарадзіцца? І чаму, калі гэта добрая справа, якая, як нам тлумачылі, мае зьнізіць цэны і навесьці парадак, яна не абмяркоўвалася з прафэсійнай супольнасьцю? Гэта парушэньне дырэктывы прэзыдэнта, дзе прапісана, што міністэрствы маюць раіцца з прафэсійнай супольнасьцю. Чаму ўказ трэба было засакрэціць?

„Гэты праект тычыцца ўсіх тэлеканалаў замежнай вытворчасьці, прычым паўсюль“.

Як мне здаецца, народ яшчэ не разумее, што ў сувязі са зьменамі ў закон пра СМІ год таму, гэта тычыцца і інтэрнэт-сайтаў — у лік пастаўшчыкоў паслуг уваходзяць і тыя, хто паказвае праграмы і празь інтэрнэт, і празь любыя іншыя тэхналёгіі. Гэты ўказ будзе тычыцца ўсіх да адзінага».

Клюйкова мяркуе, што любая дзяржава мае назіраць за інфармацыйнай прасторай і не дапускаць парушэньняў. Але сёньня Беларусь і так цалкам кантралюе рэтрансьляцыю замежных каналаў, а рэтрансьлятар мае атрымліваць дазвол у Мінінфарме:

«Супраць самога кантролю мы нічога ня маем. Міністэрства інфармацыі першым чынам мае праглядаць праграмы, згодна Канстытуцыі, на адсутнасьць гвалту, парнаграфіі і гэтак далей, таксама пры выдачы дазволаў міністэрства мусіць правяраць наяўнасьць правоў на рэтрансьляцыю на нашай тэрыторыі. Але гэты праект указу тычыцца эканомікі».

Алена Клюйкова нагадвае пра эканамічны крызіс, які да таго ж супаў зь пераходам на лічбавае вяшчаньне — апэратары не пасьпелі яшчэ акупіць пераход на «лічбу» і ня здолелі падняць цэны для спажыўца, а адзіны дзяржаўны дыстрыб’ютар проста пазбавіць іх апошняй магчымасьці зэканоміць:

«Адзіная магчымасьць эканоміі, што заставалася ў апэратараў, гэта выплаты за кантэнт. У асноўным дыстрыб’ютары замежных каналаў заплюшчваюць вочы на радыкальныя зьніжэньні дамоўленых цэнаў, якіх дабіліся за гэты год нашыя апэратары. На сёньня мы плацім літаральна ўмоўныя грошы, не супастаўляльныя з прайсавымі расцэнкамі гэтых каналаў на сусьветным рынку. Яны б і радыя цэны падняць, але сэнсу? Апэратар ці адключыцца, ці сыдзе ў запазычанасьці, а там на адвакатаў больш выдаткуешся, чым атрымаеш з апэратара. Выжываем неяк так.

„Калі будзе прыняты такі заканадаўчы акт, апэратары будуць вымушаныя адмовіцца ад забесьпячэньня паслугі кабэльнай, мабільнай і інтэрнэт-тэлевізіі...“

Але пры адзіным дзяржаўным дыстрыб’ютары, за якім будзе стаяць дзяржава, зь ім такіх дамоваў на такія цэны ня будзе. Расходы апэратараў вырастуць у разы. Мне ня першы дзень апэратары тэлефануюць і пытаюць: „Нам ужо зь 1 студзеня выключацца?“ Аказваць паслугу сабе ў мінус бізнэс ня будзе. Гэта кажуць ня толькі дробныя, але і самыя буйныя нашыя апэратары, акрамя, вядома, дзяржаўных».

Пры гэтым замежныя «брэндавыя каналы» зь сетак Discovery, Eurosport, Fox, National Geographic, Sony, Viasat, Universal і іншых проста ня змогуць працаваць з адзіным дзяржаўным дыстрыб’ютарам: іх правілы, кажа Клюйкова, забараняюць дзяржаўным і афіляваным зь дзяржавай кампаніям прадстаўляць іх інтарэсы, а таксама забараняюць працаваць з кампаніямі, што прадстаўляюць інтарэсы прамых канкурэнтаў. Розныя сеткі, што маюць, напрыклад, каналы пра прыроду, ня стануць адначасова супрацоўнічаць з адным дыстрыб’ютарам, каб не раскрываць камэрцыйныя таямніцы.

Калі ўказ будзе прыняты, у чым Клюйкова не сумняваецца, замежныя тэлеканалы стане магчыма глядзець толькі праз спадарожнікавыя талеркі — і такім чынам дзяржава замест дадатковага кантролю над тэлевяшчаньнем той кантроль страціць:

«Гэтыя каналы з нашага рынку проста сыдуць. А ў нас выдатна, хоць і незаконна, але вельмі актыўна працуюць „Трыкалор“ і „НТВ-Плюс“. Такія кампаніі працуюць неафіцыйна, але працуюць! Вы гэта ведаеце, выйдзіце на вуліцу — паўсюль талеркі вісяць».

«Людзі будуць проста сыходзіць на „талеркі“. І гэта будзе якраз стратай дзяржавай кантролю над інфармацыйным асяродзьдзем».

Пра тое, як гэты ўказ можа паўплываць на незалежны беларускамоўны тэлеканал «Белсат», Свабодзе распавёў кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў каналу Аляксей Дзікавіцкі:

«Нас няма ў кабэльных сетках, мы афіцыйна не распаўсюджваемся на тэрыторыі Беларусі, таму нам фактычна нічога новага гэты ўказ не нясе. Спадзяюся, што сайт „Белсату“ пад гэты ўказ ня трапіць. Але ў нас ёсьць замала інфармацыі, каб казаць пра гэта, ды, спадзяюся, што зможам неяк абысьці гэтую сытуацыю.

Зь іншага боку, тут нічога дзіўнага няма. Я думаю, беларускія ўлады ведаюць, што сытуацыя можа пагоршыцца з боку Расеі, і такім чынам хочуць абараніць інфармацыйную прастору Беларусі таксама і ад расейскіх каналаў. Бо вядома — у Расеі грошы на Беларусь сканчаюцца, быць можа, Пуцін будзе больш жорсткім у дачыненьні да Лукашэнкі ў наступным годзе.

Аднак жа, не забываем, што ёсьць спадарожнікавыя антэны, ёсьць шмат магчымасьцей абысьці забароны ў інтэрнэце, таму ня думаю, што гэтыя захады будуць сапраўды эфэктыўныя. Ведаючы, як у нас у Беларусі ўводзяцца розныя пастановы, можа быць і так, што гэта зашкодзіць абсалютна непалітычным праграмам. Але ня думаю, што ў кіраўніцтве Беларусі занадта пра гэта дбаюць.

Адзінае, што парадаксальна — цягам апошніх гадоў колькасьць спадарожнікавых антэнаў у Беларусі не расьце. Гэта значыць, што людзі, асабліва ў вялікіх гарадах, больш глядзяць кабэльнае ТВ. А такія захады дзяржавы могуць прывесьці да таго, што людзі зноў пачнуць ставіць спадарожнікавыя антэны. І ў гэтым сэнсе гэта можа быць для нас плюсам».

XS
SM
MD
LG