Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская амбасада ў Расеі «жорстка ўказала» тэлеканалу за сюжэт пра сэкс-турызм


Беларускае Міністэрства замежных спраў абурылася сюжэтам «РЕН-ТВ» «Сэкс-турызм ва Ўкраіне і Беларусі імкліва набірае абароты». У сувязі з гэтым прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Расеі сустрэліся з кіраўніцтвам гэтага расейскага тэлеканалу.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце, падпісаным намесьніцай кіраўніка МЗС Аленай Купчыной:

«Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Расейскай Фэдэрацыі праведзена сустрэча з кіраўніцтвам „РЕН-ТВ“, падчас якой было жорстка ўказана на відавочна нэгатыўны характар гэтага відэасюжэта адносна Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі расейскай тэлекампаніі прынесьлі выбачэньні за зьмест матэрыялу і некарэктныя дзеяньні яго аўтараў, а таксама запэўнілі, што гэты сюжэт ні ў якім разе не зьяўляецца адлюстраваньнем агульнай палітыкі тэлеканалу адносна Рэспублікі Беларусь», — цытуе Алену Купчыну БАЖ.

Паводле намесьніцы міністра замежных спраў Беларусі, «інфармацыйная палітыка тэлекампаніі „РЕН-ТВ“ па беларускай тэматыцы будзе адсочвацца асабліва ўважліва».

Купчына таксама паведаміла, што МЗС вядзе сталы маніторынг матэрыялаў пра Беларусь у замежных СМІ:

«Указаны сюжэт тэлекампаніі „РЕН-ТВ“ таксама не застаўся незаўважаным».

14 верасьня «РЕН-ТВ» паказаў сюжэт «Сэкс-турызм ва Ўкраіне і Беларусі імкліва набірае абароты». Ён дагэтуль даступны на сайце тэлекампаніі.

«Любая дзяўчына, якая прыходзіць у менскі клюб, — гэта мяса. Гэта тавар, які каштуе пэўнай колькасьці грошай», — кажа ў сюжэце «РЕН-ТВ» аглядальніца аднаго з інтэрнэт-выданьняў Натальля Капіца.

«Калі падае эканоміка, сэкс-турызм становіцца важным артыкулам даходу. Грыўні і беларускія рублі, якія замежнікі пакідаюць у Кіеве і Менску, — даходны артыкул бюджэту краін былога СССР. Грошы невычэрпным патокам льюцца ў дзяржказну», — гаворыцца ў сюжэце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG