Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне зачынілі 16 беларускамоўных школ


Школы ў Сяльцы сёлета 1 верасьня не адчыніць дзьверы

Школы ў Сяльцы сёлета 1 верасьня не адчыніць дзьверы

Закрыцьцё вясковых школ называюць аптымізацыяй. Ліквідаваныя навучальныя ўстановы былі беларускамоўнымі. Гэты аспэкт у камэнтарах дзяржаўных службоўцаў не закранаецца.

Начальнік упраўленьня адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Рыжкоў лічыць, што ў малакамплектных клясах вучыць школьнікаў неэфэктыўна з гледзішча засваеньня вучэбнага матэрыялу. Калі ў кабінэце, кажа ён, двое-трое вучняў, то няма духу спаборніцтва, няма ў дзяцей навыкаў адаптацыі ў вялікім калектыве.

Зачыняюцца «непэрспэктыўныя» школы

«Часта дзіцяці, якое трапляе ў вялікі калектыў, складана адаптавацца і ўтрымаць той тэмп, які неабходна. І сёньня сапраўды такія непэрспэктыўныя ўстановы зачыняюцца. Ажыцьцяўляецца падвоз у буйнейшыя, абсталяваныя, сучасныя школы. Стараемся захоўваць школы, якія ўведзеныя ў апошнія гады і дзе створаныя больш камфортныя і прыцягальныя ўмовы для вучняў», — казаў кіраўнік абласнога ўпраўленьня.

Перад закрыцьцём школ, запэўніваюць чыноўнікі, пэдагагічнаму калектыву, бацькам вучняў і наагул насельніцтву тлумачаць, чаму трэба так зрабіць. Тым часам шмат каму зь вяскоўцаў, асабліва бацькам, такое рашэньне не даспадобы. Вяскоўцы лічаць: закрыцьцё школы прысьпешвае паміраньне паселішча.

Наперадзе Сялец з зачыненай сёлета школай

Наперадзе Сялец з зачыненай сёлета школай

Вёска Сялец, што ў Горацкім раёне, сёлета не пачуе школьнага званка. Мясцовую дзятву перавялі вучыцца ў Аўсянку, за пятнаццаць кілямэтраў. Сялецкія даўно рыхтаваліся да гэтага, бо на ўсю вёску — зь дзясятак вучняў і малых дзетсадаўскага веку. Яшчэ каля паўсотні дзяцей прывозілі ў школу з суседніх паселішчаў.

Прэзыдэнт кажа: усё павінна быць у вёсках...

Бацькі школьнікаў, з кім удалося пагутарыць, казалі, што чакаюць 1 верасьня зь няпэўнасьцю, бо дзеці выпраўляюцца ў чужую школу ды чужы калектыў.

«Наша школа добрая, праўда, дзяцей было малавата ў ёй, але настаўнікі былі харошыя. Нашы дзеці добра вучыліся і ў акадэмію нават паступалі. А цяпер школу зачыняюць», — казала адна зь вясковак журналісту, які адарваў яе ад працы на падворку.

Жанчына сама вучылася ў сялецкай школе і цяпер ня можа прыняць думку, што больш яе ў вёсцы ня будзе.

«Прэзыдэнт кажа: усё павінна быць у вёсках, але на справе ўсё зачыняецца», — кажа жанчына.

«Быў у нас сход, прыяжджала раённае начальства. Людзі рыхтаваліся да закрыцьця школы. Ды што яны маглі зрабіць, каб яе абараніць? Відаць жа, існуе ўказ прэзыдэнта: калі мала дзяцей у школах, дык іх зачыняць. Можа, вы што зробіце, каб не зачынялі нашай школы? Будынак жа добры. Як у Аўсянцы нашы дзеці будуць бяз нас, во гэтая думка — галоўнае. А як узімку дзяцей будуць вазіць, калі завее дарогу? Пра ўсё цяпер думаеш, ня толькі як падрыхтаваць дзіця да школы», — казала суразмоўніца.

Няма школы — ня будзе вёскі

Сялец — даволі вялікае яшчэ паселішча, але нямала дворышчаў тут пазарастала без гаспадароў. На ўскрайку вёскі фэрмы. Па дарозе да іх некалькі дыхтоўных катэджаў. У адным зь іх жыве яшчэ адна сямʼя са школьнікамі. Па словах маці, ёй яшчэ не патлумачылі, як будуць вазіць дзяцей у Аўсянку.

«Першы раз бацькоў зьбіралі на пачатку году. Абяцалі сабраць яшчэ раз, але пакуль не зьбіралі. А засталося пяць дзён да пачатку вучобы. Вядома ж, дзяцей давядзецца раней падымаць у школу, каб сабрацца да аўтобуса. Ня будуць свайго дасыпаць», — казала жанчына, паглядаючы на поле, на якім тарахцеў трактар з бульбакапалкай.

Вучань застаўся бяз школы

Вучань застаўся бяз школы

«Так, нас даўно рыхтавалі да закрыцьця школы. Сёлета часта нагадвалі пра гэта, — дадала вяскоўка. — У вёсцы пераважна жывуць старыя. Тут толькі, на пасёлку, крыху моладзі».

«Няма школы — ня будзе вёскі. Што тут застанецца: крама, фэрма. Дык ня будзе на ёй каму працаваць, і яе ліквідуюць», — дадала маці суразмоўніцы.

Настаўнікаў болей, чым дзяцей

Дагледжаная двухпавярховая школа — пасярод вёскі. Ля брамкі на камені пазначаная дата яе адкрыцьця: «1974». Па словах дырэктаркі зачыненай ужо школы, настаўнікі бяз працы не засталіся. Усіх уладкавалі, запэўніла яна. Дзяцей жа аўтобусамі будуць вазіць у Аўсянку. Сялецкая школа была зь беларускай мовай навучаньня. І ў Аўсянцы такая самая.

Школы няма, крама засталася.

Школы няма, крама засталася.

Старыя вяскоўцы навіну пра закрыцьцё школы ўспрымаюць неадназначна. Некаторыя з жалем заўважалі, што школьнае абсталяваньне ўжо павывозілі.

«Яна нам і ня нада, і няхай бы была», — сказаў адзін зь вяскоўцаў. Ягоныя дзеці даўно адвучыліся і ўжо маюць сваіх дзяцей. Зь Сяльца яны выехалі.

«Вёска жыла са школы. Аўтобус з Горак часьцей прыходзіў. А цяпер, як зачынілі школу, усё зьменіцца. Будынак загубяць, бо што ў ім можна разьмясьціць? Разабʼюць яго. Ці першая школа ў нас, якую зачынілі ў раёне? У суседніх вёсках будынкі разьбілі ўсе. Каму яны нада безь дзяцей? Няхай бы школа была ў нас, але дзяцей для яе ж няма, таму не адстаім мы школы. Правіцелі лічаць, што ў Аўсянцы школа лепшая», — кажа суразмоўца.

Старыя прадракаюць будынку школы занядбаньне, як і хатам без гаспадароў

Старыя прадракаюць будынку школы занядбаньне, як і хатам без гаспадароў

«Вёска наша вымірае, аднак нам бы хацелася, каб школу пакінулі. Пры гэтым мы ж разумеем, што там настаўнікаў болей, чым дзяцей. Настаўніку ж хочацца, каб было ня два вучні, а цэлая кляса», — дадала былая настаўніца сялецкай школы Тацяна Анісімаўна.

У малакамплектнай клясе навучаньне было індывідуальнае

Дарога ў Аўсянку асфальтаваная, але ўжо добра пабітая. Выбоіны нядаўна залівалі бітумам. Паводле кіроўцаў, такі «ямачны» рамонт шашу не ўратуе.

«Пачалося жніво, і гэты бітум укатаюць, як яго і не было. Вы паглядзіце, якія наладаваныя трактары езьдзяць. Да зімы і знаку не застанецца ад гэтага рамонту. Яміны зноў павылазяць», — сказаў пра дарогу да Аўсянкі адзін з кіроўцаў.

Дарога ў Аўсянку ў выбоінах і знаках рамонту

Дарога ў Аўсянку ў выбоінах і знаках рамонту

Ад Сяльца да бліжэйшай вёскі тры кілямэтры. З Палны́ дзяцей вазілі ў сялецкую школу. Зь першага верасьня павязуць у аўсянкаўскую.

Шмат каму з бацькоў падабаецца, што дзеці пойдуць у больш сучасную школу са сталым пэдагагічным калектывам.

Іншыя крытыкуюць рашэньне закрыць школу ў Сяльцы.

«Я свайго сына ў свой час не пусьціла вучыцца ў Аўсянку, бо ён быў малы, а дарога дванаццаць кілямэтраў. І цяпер пэўнасьці ніякай няма», — сказала адна з маці.

У свой час, кажа, яна зьвярталася да раённага начальства, каб дазволілі сына вазіць у дзіцячы садок вёскі Маслакі, за пяць кілямэтраў ад Палны. Неўзабаве пасьля звароту зрабілі садок у Сяльцы. Там сын адвучыўся тры гады, і за гэты час зьмянілася ў яго дзьве настаўніцы. Цяпер у аўсянкаўскай школе будзе трэцяя.

Пална́. Школы няма. Ёсьць Дом культуры зь бюстам Леніна

Пална́. Школы няма. Ёсьць Дом культуры зь бюстам Леніна

«Я, у прынцыпе, ня супраць аўсянкаўскай школы. Але нам незразумела, як больш за сорак дзяцей будуць у яе вазіць. Адным рэйсам ня выйдзе. Стоячы дзецям ехаць у аўтобусе нельга. Таму пэўнасьці ў нас няма, як усё гэта будзе».

«У сялецкай школе ў клясе было чатыры вучні. Гэта можна лічыць індывідуальным навучаньнем, — працягвала суразмоўніца. — Я не кажу, што мой сын настолькі ўжо выдатнік, але ён на свае сямёркі і васьмёркі ведаў матэрыял. Настаўніца сваіх вучняў пеставала, любіла. А як будзе ў аўсянкаўскай школе? Тое, што тузаюць дзяцей са школы ў школу, — гэта кепска. Як дзеці прыстасуюцца да новых умоваў? Усё гэта насьцярожвае нас, бацькоў».

Зусім кепска на вёсцы зь беларускай мовай

Бацькі не акцэнтавалі ўвагі на мове навучаньня. Некаторыя заўважалі, што настаўнікі вучаць дзяцей на расейскай мове, асабліва матэматычным дысцыплінам, хаця падручнікі беларускамоўныя. Чаму так, суразмоўцы патлумачыць не маглі. Але казалі, што для іх неістотна, на якой мове вучаць у школе.

Школа ў Аўсянцы. Вялікая і выглядае сучасна

Школа ў Аўсянцы. Вялікая і выглядае сучасна

«Вясковым настаўнікам складана трымацца беларускасьці, бо праграмы ды каляндарна-тэматычнае плянаваньне, якое распрацоўваецца Міністэрствам адукацыі, выдаюцца на расейскай мове. І ім даводзіцца гэтыя матэрыялы перакладаць», — кажа пэдагог з дваццацігадовым стажам Людміла Старавойтава. Яна вучыць дзяцей у вёсцы Рэчыца, што ў Чэрыкаўскім раёне.

«Распрацоўкі гэтыя кожны год мяняюцца, і патрэбны час, каб іх перакласьці на беларускую мову. А калі ўлічыць, што выкладаньню на беларускай мове матэматычных дысцыплін, напрыклад, ня вучаць у пэдагагічных ВНУ, то сытуацыя выглядае зусім кепска зь беларускай мовай у вясковай школе».

«Ёсьць бацькі, якія ня бачаць пэрспэктываў для далейшага навучаньня свайго дзіцяці, калі яго будуць вучыць на беларускай мове, і шукаюць расейскамоўныя школы, — дадае настаўніца. — Я сутыкалася з такімі бацькамі. Тлумачыла ім, што мой сын адвучыўся па-беларуску ў малакамплектным клясе і паступіў у расейскамоўны ліцэй без праблемаў. Мае довады для такіх бацькоў не пераканаўчыя».

Савецкі помнік у вёсцы Палёнка каля дарогі зь Сяльца на Аўсянкі. Бяз догляду зарастае. Ля пастамэнту — казённы вянок. Навокал занядбаньне

Савецкі помнік у вёсцы Палёнка каля дарогі зь Сяльца на Аўсянкі. Бяз догляду зарастае. Ля пастамэнту — казённы вянок. Навокал занядбаньне

Паводле начальніка абласнога ўпраўленьня адукацыі Ўладзімера Рыжкова, за апошнія пяць год колькасьць школьнікаў на сяле скарацілася амаль на тры тысячы чалавек. Зачынена 76 і рэарганізавана 46 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Уладзімер Рыжкоў дадае, што для падвозу дзяцей зь вёсак у школы атрымана 227 аўтобусаў. І чакаецца яшчэ пятнаццаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG