Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Літвы наведаў новы навучальны корпус ЭГУ


Прэзыдэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) акадэмік Анатоль Міхайлаў разам зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам і канцлерам Міністэрства асьветы і навукі Томасам Даўкантасам агледзелі комплекс аўгустынскага кляштара ў Вільні, куды ўжо ў наступным акадэмічным годзе плянуе пераехаць унівэрсытэт. Пра гэта паведамляе сайт ЭГУ.

Літва падтрымлівае ЭГУ ад моманту заснаваньня ўнівэрсытэту ў Вільні ў 2005 годзе, калі з-за палітычнага ціску з боку беларускіх уладаў установа была вымушана спыніць дзейнасьць у Менску і стаць адзіным у Эўропе ўнівэрсытэтам у выгнаньні. На міжнароднай донарскай канфэрэнцыі ў 2009 годзе ўрад Літвы ўзяў на сябе абавязак перадаць унівэрсытэту памяшканьні аўгустынскага кляштара, што ў Старым горадзе Вільні. На гэты момант унівэрсытэт, які ўжо 10 гадоў дзейнічае ў Вільні, раскіданы па розных частках літоўскай сталіцы.

«Радуе тое, што дзякуючы намаганьням Міністэрства асьветы і навукі рэканструкцыя будынка Аўгустынскага кляштара завершаная і ён цалкам прыстасаваны пад патрэбы ЭГУ. Гэта сьведчыць пра ўсебаковую падтрымку Літвой такога істотнага міжнароднага праекту, як ЭГУ. У самым сэрцы Вільні ўнівэрсытэт будзе працягваць нашы агульныя гістарычныя традыцыі, тым самым замацоўваючы за Вільняй статус рэгіянальнага акадэмічнага цэнтру, дзе ствараюцца магчымасьці для моладзі зь Беларусі і іншых усходніх краін атрымліваць адукацыю, якая грунтуецца на эўрапейскіх каштоўнасьцях», — сказаў міністар Лінас Лінкявічус.

Па словах прэзыдэнта ЭГУ Анатоля Міхайлава, цяжка пераацаніць тыя магчымасьці, якія адкрываюцца перад унівэрсытэтам, калі ён разьмесьціцца ў такім унікальным месцы Старога гораду: «Я ўпэўнены, што гэта будзе дадатковым моцным імпульсам для разьвіцьця ЭГУ».

Сёлета ЭГУ адзначае дзесяцігодзьдзе працы ў Літве. 10 сакавіка ў Вільні з ініцыятывы Эўрапейскай камісіі і Міністэрства замежных спраў Літвы адбылася міжнародная Донарская канфэрэнцыя, удзельнікі якой абмеркавалі пэрспэктывы разьвіцьця ВНУ і пляны наконт забесьпячэньня якасьці адукацыі, а таксама яшчэ раз пацьвердзілі падтрымку місіі ЭГУ, які спрыяе дэмакратычным трансфармацыям беларускага грамадзтва і забесьпячэньню сувязяў паміж Беларусьсю і Эўропай.

Падтрымку ўнівэрсытэту аказваюць Эўрапейская камісія, урады Паўночных краін і іншых дзяржаў Эўразьвязу, а таксама прыватныя фонды ЗША і краін Эўропы. ЭГУ застаецца адным з прыярытэтных кірункаў для беларускай моладзі: 230 з 264 студэнтаў, прынятых сёлета на бакаляўрскія і магістэрскія праграмы, — беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG