Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каву, калі ласка, з кнігай Дубаўца», або 10 кавярняў з паліцай для беларускага буккросінгу


Нядаўна ў 10 менскіх кавярнях зьявіліся стылёвыя кубічныя паліцы, у якіх разьмясьціліся кнігі з творамі сучаснай беларускай літаратуры. Беларускі буккросінг ініцыяваны кампаніяй Velcom у межах сацыяльна-культурнага праекту Movabox.

Наша аўтарка Паліна Масьлянкова прайшлася па гэтых кавярнях, прыхапіўшы з сабой у падарунак 10 кніг з уласнай бібліятэкі і 10 кніг зь «Бібліятэкі Свабоды».

1. Кавярня «26» (вул. Сьвярдлова, 26)

Распачала я свой шлях з кавярні, якая месьціцца непадалёк ад чыгуначнага вакзалу. Тут мяне сустрэў ветлівы барыста Яраслаў, які з задавальненьнем і па-беларуску апавёў пра тое, як карыстаецца попытам беларуская скрынка ў наведнікаў. Аказваецца, большасьць зь іх бяруць і гартаюць кніжкі проста ў кавярні за кубачкам кавы, аднак браць дадому саромеюцца. А вось прыбіральшчыца ўзяла дадому кнігу «20 крокаў да беларускай мовы» і зрабіла ксэракопію для свайго сына, а таксама занесла копію ў школу і перадала настаўніцы беларускай мовы. У школе цяпер мова вывучаецца на ўзроўні лапцяў, а яна прыйшла і паказала, што існуюць навучальныя кнігі з рознымі сучаснымі цікавінкамі. І яны цяпер выкарыстоўваюць гэтую кнігу на занятках. «Я сам неяк сустракаў у кавярні на праспэкце кнігу спадара Лабадзенкі „Дзіцячая замова“ і зь цікавасьцю гартаў. Каб у нас так выкладалася мова, то і я лепш бы размаўляў», — дадае Яраслаў на сваёй вельмі прыстойнай беларускай.

Аказалася, што да мяне ў рэйдзе па кавярнях паўдзельнічала сучасная аўтарка Зоя Доля, якая расклала ў боксах свае кніжкі «Акно ў замежжа».

2. Кавярня «Утопія 60» (вул. Леніна, 9)

Непадалёк ад філфаку БДУ ёсьць яшчэ адна кавярня, якая прымае ўдзел у праекце Movabox. Праўда, тут ён стаіць на вінтажным прайгравальніку ў глыбіні залі па-за зонай увагі барыста. Аднак кніг тут паменела. Аказваецца, пару дзён таму зайшлі наведнікі, спыталі пра Movabox, узялі кніжкі і нават кавы не папілі. «А так да папулярызацыі літаратуры праз кавярні мы ставімся пазытыўна, кніжкі і кава — гэта заўжды добра. У нас і свой стэляж з часопісамі, і свая бібліятэка ёсьць», — дадае барыста.

3. Кавярня Feelini (Інтэрнацыянальная вул., 36)

Гэтае месца знаходзіцца ў бізнэс-цэнтры кампаніі Velcom. Нягледзячы на крыху іншы фармат (тут, у адрозьненьне ад іншых кавярняў, можна добра падʼесьці), кафэ Feelini таксама прыняло ўдзел у праекце. Высьветлілася, што далёка ня ўсе афіцыянты ў курсе, што ж гэта за адмысловая паліца з кніжкамі і навошта яна. Аднак да мяне падбег афіцыянт Леанід і па-беларуску пачаў апавядаць пра буккросінг і пра тое, што сам ён на днях пакінуў «Тараса на Парнасе» ў кавярні «Утопія 60», але падазраваў, што гэтыя боксы разьлічаныя выключна на сучасную літаратуру. Я супакоіла Леаніда, што мы ня супраць клясыкі, і паведаміла, што гадзіну таму была ва «Ўтопіі 60» і кніжкі гэтай ужо ня бачыла. А значыць, пільныя філфакаўцы адсачылі клясыку, якая, напэўна, прыйшлася дарэчы на занятках.

4. Кавярня «Добры кут» (Ракаўская вул., 20)

У кавярні-крамцы «Добры кут» мяне ветліва сустрэла барыста Насьценька. Апроч нас тут яшчэ была наведніца Мая (кавярня настолькі маленькая і ўтульная, што Насьценька знаёміць між сабой усіх наведнікаў), якая ў чаканьні сяброўкі аддавала перавагу моднай цяпер мэдытатыўнай расфарбоўцы — зэндудлу — перад чытаньнем сучасных твораў. Аднак сюды ўжо завітвалі аматары літаратуры, бралі кніжкі і нават ужо пасьпелі вярнуць прачытанае. Насьценька ўсім раіць пагартаць кніжкі, але часам зьдзіўляецца, што беларусы размаўляюць на іншай мове і кажуць, што беларуская непрыгожая.

Сама ж барыста не пасьпявае чытаць, бо працы шмат, дый непрыгожа будзе, калі зойдзе наведнік, а яна ўся ў кнізе.

5. Кавярня CoffeeMall (вул. Раманаўская Слабада, 7)

У кавярні CoffeeMall Movabox не заўважыць немагчыма: ён стаіць насупраць уваходу і прываблівае позіркі наведнікаў. Тут мне апавёў супрацоўнік кавярні Максім, што ажыятажу вакол гэтых кніжак няма, але людзі падыходзяць, пытаюцца, гартаюць, аднак дадому не бяруць. Найбольшай папулярнасьцю карыстаецца кніга «20 крокаў да беларускай мовы». З прынесеных мной Максіма зацікавіла «Вострая брама» Сяргея Дубаўца. Прыемна, што Максім таксама са мной гутарыў па-беларуску.

6. Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а)

Галерэя «Ў»

Галерэя «Ў»

Барыста ў галерэі «Ў» па-беларуску расказаў, што кніжкі звычайна вандруюць па кавярні. Напачатку і напрыканцы зьмены заўжды заўважаеш іх на розных століках. Наведнікаў вельмі шмат, замаўляюць то капучына, то эспрэса, заўзята абмяркоўваюць нейкія праекты — як на мяне, дык ім не да чытаньня. Хіба ў чаканьні кампаніі пагартаць нешта з сучаснай літаратуры. Аднак во «20 крокаў да беларускай мовы» ўжо пайшлі па руках. Можа, і Чэслаў Мілаш зь Юрыем Дракахрустам будуць запатрабаваныя сярод аматараў галерэі «Ў».

7. Кавярня Coffee&Кава (пр. Незалежнасьці, 35)

Кніжная скарбонка Movabox, што ў кавярні Coffee&Кава, апрача стандартнага набору, зьдзівіла «Салярысам» Станіслава Лема. Наведнікі кавярняў, і я ў тым ліку, успрынялі гэты праект больш шырока, чым задумвалася першапачаткова. У гэтай кавярні ёсьць свае паліцы для буккросінгу, а кубічная скрынка ад Velcom сталася своеасаблівым працягам канцэпцыі кавярні.

8. Кавярня DreamCafe (вул. Якуба Коласа, 8)

У кавярні DreamCafe Movabox разьмешчаны найбольш выгодна, у наведнікаў так і цягнецца рука ўзяць што-небудзь і пагартаць. І хаця хлопцы былі занятыя абмеркаваньнем нейкага праекту (наогул, у мяне стварылася такое адчуваньне, што ўсе арыгінальныя беларускія стартапы зараджаюцца менавіта ў кавярнях), яны зацікавіліся, што ж я туды паклала, і пагарталі што-нішто з паліцы.

9. Кавярня Wake Up Coffee (вул. Харужай, 5)

Гэты праект тут яшчэ толькі распачаўся, таму цяжка сказаць, наколькі ён карыстаецца папулярнасьцю. У кавярні ля Камароўскага рынка да «мовабоксаў» нехта падыходзіць, нешта бярэ, але мала яшчэ пакуль што прыносілі. У кавярні ёсьць і свая паліца для буккросінгу. Дык кнігі беларускіх аўтараў, што на ёй былі, супрацоўнікі пераставілі ў Movabox. Напрыклад, я там знайшла кніжку Сяргея Календы.

10. Кавярня Buffet (вул. Сурганава, 46)

У апошняй, дзясятай, кавярні я ўжо і сама ўзяла капучына і пасядзела ва ўтульнай залі Buffet, якая разьмешчаная ў адным будынку з кнігарняй «Белкніга». На другім паверсе кавярні аказаўся ня толькі Movabox, але і ўсё памяшканьне было ўпрыгожана адпаведна тэматыцы праекту: на ўсю чорную сьцяну для маляваньня крэйдай расьцягнуўся цмок (герой кнігі Людмілы Рублеўскай), у рамах разьвешаны постэры ў стылі Movabox, разьмешчаныя хэштэг і адрас сайта праекту. Аднак у «мовабоксе» я знайшла шмат «левых» кніг: старыя нямецкія фотаальбомы, Дзюма ў патрапаным пераплёце і расейскім перакладзе... Як і сказала барыста, тут, на другім паверсе, няма кантролю, наведнікі пхаюць у бокс усё, што кепска ляжыць, не адсочваючы канцэпцыю чытаньня па-беларуску.

Якіх маштабаў дасягне беларускі буккросінг і наколькі шырока пойдзе ён у народ, залежыць толькі ад нас — каваманаў і кнігалюбаў. Але ён ужо перакрочыў межы сталіцы ды атабарыўся ў кавярнях Берасьця, Віцебску, Гомеля, Горадні, Магілёва i Мазыра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG