Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-5 дзіцячых бібліятэк Менску, дзе можна знайсьці беларускамоўныя кнігі


У Беларусі такія малыя наклады беларускамоўных дзіцячых кніг, што сьвядомыя бацькі імкнуцца кожную новую вартую кніжку набыць яшчэ на прэзэнтацыі, бо адразу пасьля яе кніга рызыкуе стаць бібліяграфічнай рэдкасьцю. Я так і працягвала рабіць да апошняга часу, пакуль аднойчы не завітала ў дзіцячую бібліятэку. Вядома, шматлікія каштоўныя выданьні грэх не набыць, але цяпер, маючы вольны доступ да бібліятэчных кнігасховішчаў, можна хоць крыху паашчаджаць грошы, прынамсі, на папулярных выданьнях, якія, як правіла, трапляюць ва ўсе бібліятэкі.

Каб скласьці які-кольвек рэйтынг дзіцячых бібліятэк Менска, мне давялося зьвярнуцца да лічбаў: у якіх бібліятэках найбагацейшыя кнігазборы і які адсотак у іх належыць выданьням на беларускай мове. І вось яна, бязьлітасная статыстыка:

Ва ўсіх бібліятэках беларуская літаратура складае каля 15-20 адсоткаў ад агульнага фонду, прычым, паводле бібліятэчных правілаў, да беларускай літаратуры належаць выданьні, выдадзеныя ў Беларусі незалежна ад мовы, а беларускамоўныя перакладныя кнігі стаяць побач з расейскімі перакладамі і губляюцца сярод іх.

Калі б я ўзяла пад увагу толькі лічбы, то ў наш топ трапілі б толькі першыя пяць-шэсьць бібліятэк. Але ў бібліятэцы № 2, у якой (пасьля Цэнтральнай) найбольшая колькасьць беларускамоўных кніг, ледзь-ледзь можна выбраць 5-6 цікавых выданьняў для хатняга чытаньня. А ў бібліятэку № 5, у якой найбагацейшы (пасьля Цэнтральнай) кніжны фонд, я спачатку месяц не магла дазваніцца, пасьля двойчы езьдзіла на іншы край горада, таму што на сайце бібліятэкі быў указаны іншы сандзень, а ў выніку застала напаўпустыя неахайныя стэляжы і бібліятэкарку, якая нават размаўляць са мной не хацела.

Таму гэты рэйтынг будзе вельмі прыватным, у ім я раскажу пра 5 бібліятэк, якія мяне ўразілі сваёй атмасфэрай, пацешылі кніжным асартымэнтам ды рознымі імпрэзамі, парадавалі адметным стаўленьнем да беларускай кнігі і ветлівасьцю да чытачоў.

1. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя Астроўскага

З наведваньня Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, якой летась споўнілася 90 гадоў, і ўзьнікла ідэя гэтага ТОПу, бо яна ўражвае нават дарослых, а дзеці ў захапленьні выгукваюць: “Гэта найлепшая бібліятэка ў сьвеце!”

Цудоўныя домікі і горкі, стэляжы і дэталі, якія ствараюць непаўторную атмасфэру казкі і гульні, былі падораныя бібліятэцы Швэдзкім інстытутам і Амбасадай Швэцыі ў Беларусі, а таксама Музэем казак Юнібакен, што ў Стакгольме. У дзіцячых доміках ёсьць яшчэ домікі для хамячкоў, за якімі любяць назіраць дзеці, пакуль мамы выбіраюць кніжкі для сямейнага чытаньня.

У гэтай бібліятэцы, безумоўна, самы багаты кніжны фонд – 120 тысяч асобнікаў, у тым ліку больш за 20 тысяч – беларускамоўныя выданьні. Бібліятэку рэгулярна наведваюць 18 тысяч чытачоў. Амаль штодзень для школьнікаў і дашкалятаў праводзяцца мерапрыемствы з удзелам літаратараў ці іншых выбітных асобаў альбо арганізуюцца самастойна калектывам бібліятэкі.

Яркія і папулярныя беларускамоўныя кніжкі тут ляжаць навідавоку, іх не трэба вышукваць на паліцах сярод іншых расейскамоўных выданьняў. У гардэробе разьвешаныя вытрымкі з беларускамоўнай дзіцячай пэрыёдыкі і кароткія расейска-беларускія слоўнічкі. Дзейнічае палічка буккросінгу.

Бібліятэкаркі шчыра цешацца беларускамоўным наведнікам, усьміхаюцца і дапамагаюць у пошуку і выбары кніг. Сюды можна запісацца ў любым узросьце, на старэйшы абанэмэнт можна браць да шасьці, а на малодшы – да дваццаці кніг на месяц.

Ва ўсіх наведаных бібліятэках я папрасіла бібліятэкараў скласьці ТОП-5 найбольш папулярных беларускамоўных кніг малодшага абанэмэнту, на які яшчэ не аказвае істотнага ўплыву школьная праграма.

Тандэм Вісландэр і Нурдквіста. Кнігі пра Маму Му

Вольга Гапеева. Сумны суп

Людміла Рублеўская. Прыгоды мышкі Пік-Пік

Натальля Бучынская. Прыгоды маленькай Машынкі

Народныя казкі з сэрыі “У сьвеце казак”

2. Дзіцячая бібліятэка №1

Гэтая дзіцячая бібліятэка разьмешчаная куды бліжэй да цэнтру, чым цэнтральная: варта толькі збочыць з праспэкту Незалежнасьці на вуліцу Гарадзкі вал, і мы на месцы. У будынку бібліятэкі шмат утульных заляў, у краязнаўчай, да прыкладу, разьмешчаныя інсталяцыя і кніжная выстава, прысьвечаныя 70-годзьдзю вызваленьня Менска ад нямецкай акупацыі. А ў чытальнай залі ёсьць беларускае падвоканьне, на якім расстаўленыя найлепшыя беларускія дзіцячыя выданьні апошніх гадоў.

У бібліятэцы праходзяць імпрэзы ў межах літаратурнай гасьцёўні, дзейнічае прэс-клюб “За кампанію”. На адной з паліцаў ёсьць таблічка “Задай пытаньне аўтару” – і калі пытаньняў назьбірваецца шмат, то бібліятэка запрашае зацікаўленых чытачоў на сустрэчу з аўтарам улюбёных кніг. На стойцы рэгістрацыі кніг і на дзьвярах тут разьмешчаныя рэклямкі пэўных выданьняў, якія дапамагаюць зарыентавацца, калі не ведаеш, што б такое ўзяць пачытаць.

Фонд бібліятэкі складаюць 65 тысяч асобнікаў, зь іх каля 12 тысяч – на беларускай мове. Склад фонду пастаянна папаўняецца тымі выданьнямі, якіх нестае, у тым ліку і дзякуючы дараваньням чытачоў, якіх у бібліятэцы налічваецца каля 7,6 тысяч. Апрача кніг, у бібліятэцы яшчэ жывуць рыбкі, папугайчык і пацешныя грызуны.

Нядаўна ў бібліятэцы была зробленая перастаноўка. Незапатрабаваную цяпер, у часы інтэрнэту, чытальную залю пераабсталявалі пад залю для дашкалятаў, якіх сярод чытачоў значна паболела. Гэта дарослыя цяпер пераходзяць на электронныя кнігі, а малым дзеткам аніякі экран не заменіць яскравых малюнкаў, мастацкіх шрыфтоў і рытуалу перагортвання старонак. Да таго ж добра ілюстраваныя дзіцячыя кнігі каштуюць нятанна, а інтарэс да іх праз месяц-два ў малечы згасае. Таму куды лепш іх вярнуць у бібліятэку і набраць новых кніжак, чым старыя ставіць на паліцы і ісьці ў кнігарню па новыя.

ТОП-5 беларускіх кніг тут на малодшым абанэмэнце выглядае прыблізна так:

Натальля Бучынская. Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by

Людміла Рублеўская. Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны

Алена Масла. Таямніцы закінутай хаты

Павал Місько. Эрпіды на плянэце Зямля

Раіса Баравікова. Казкі астранаўта

3. Дзіцячая бібліятэка № 4

Гэтая бібліятэка знаходзіцца за пару прыпынкаў ад чыгуначнага вакзала ў бок Лошыцы, у ёй часта можна знайсьці тое, чаго няма нават у Цэнтральнай бібліятэцы. Фонд гэтай кніжні налічвае 54 тысячы асобнікаў, зь іх 11 тысяч – літаратура на роднай мове.

Ужо з ганку бібліятэка прываблівае наведнікаў зімовым дэкорам: выцінанка на вокнах, росьпіс шыбаў, сьнежная інсталяцыя – усё гэта зацягвае ў бібліятэку нямала чытачоў зімовымі вечарамі. Вясёлыя стэляжы-кузуркі, мяккія цацкі, яркія вокладкі і карцінкі пабачыць кожны маленькі чытач, хоць раз завітаўшы сюды.

Атмасфэра ў бібліятэцы пануе творчая: на сьценах вісяць малюнкі чытачоў з гуртка “Экаэскіз” па матывах сучасных аўтарскіх казак, залю старэйшага абанэмэнту ўпрыгожвае выстава самаробных ялінак з паперы ды іншых падручных матэрыялаў. Тут ёсьць і музэй аўтографаў: аўтары, якія наведваюць бібліятэку, пакідаюць цёплыя словы ў сваіх кнігах на ўспамін нашчадкам.

А ў куточку разьмясьцілася беларуская хатка, у якой праводзіць свае заняткі клюб “Рамонак”. Тут дашкаляты вывучаюць беларускія літары і тэматычныя групы лексікі (посуд, мэбля, грыбы, ягады), чытаюць вершы, адгадваюць загадкі, удзельнічаюць у віктарынах.

Супольна са школамі і садкамі Кастрычніцкага раёна бібліятэка праводзіць мерапрыемствы, прысьвечаныя юбілейным датам, абрадам і сьвятам, выбітным людзям, кніжным навінкам. Прычым кожную тэму супрацоўнікі бібліятэкі спрабуюць раскрыць у розных кірунках: да прыкладу, выстава хэндмэйд-лялек ці саломкі суправаджаецца тэматычнай кніжнай выставай і майстар-клясамі. Так, пабачыўшы выставу рамёстваў, з кніг і прэзэнтацый даведаўшыся пра гісторыю і таямніцы майстэрства, а потым яшчэ зрабіўшы ўласнаруч ці то саламянага павучка, ці то велікодную птушку-нясушку, ці то тэкстыльную ляльку, дзеці лепш успрымаюць інфармацыю, актыўна разьвіваюць свой творчы патэнцыял і эрудыцыю.

ТОП-5 беларускіх кніг тут апошнім часам складаюць:

Вольга Гапеева. Сумны суп

Чытанка для маленькіх

Анатоль Бутэвіч. Прыгоды віруса Шкодзі

Раіса Баравікова. Казкі астранаўта

Людміла Рублеўская. Прыгоды мышкі Пік-Пік

4. Дзіцячая бібліятэка № 10

Разьмешчаная гэтая бібліятэка на беразе рэчкі, недалёка ад станцыі мэтро Ўсход. Сьцены сходаў упрыгожваюць крэатыўныя міні-плякаты, што матывуюць да чытаньня і любові да кнігі. А ў холе выстаўленая інсталяцыя Руслана Сяргеева – зь першых крокаў адчуваецца падыход!

Фонд бібліятэкі складаюць 57 тысяч кніг і пэрыядычных выданьняў, зь іх каля 9 тысяч – па-беларуску. У бібліятэцы ёсьць залі малодшага і старэйшага абанэмэнту, канфэрэнц-заля і вельмі ўтульная чытальная заля з яркімі кнігамі расейскіх выдавецтваў “Паляндрыя”, “Самакат”, “Махаон”, “Компас-Гід” ды найлепшымі айчыннымі выданьнямі. Асобныя стэляжы прысьвечаныя году авечкі і году моладзі. Таксама, як і ў Цэнтральнай бібліятэцы, дзейнічае палічка буккросінгу.

Беларускім кнігам тут адведзеныя асобныя стэляжы-домікі, самыя яркія сэрыі стаяць навідавоку на асобных палічках – і не карэньчыкамі, а вокладкамі, каб вочы чапляліся за назву, малюнак, а рукі цягнуліся пагартаць і пачытаць. У сёньняшніх умовах бібліятэкары мусяць быць крыху мэрчэндайзарамі, каб аднавіць, захаваць і памножыць інтарэс да беларускамоўнай кнігі, і вельмі добра, што шмат ужо дзе бібліятэкары разумеюць гэта.

Мне вельмі пашэнціла, што ў дзень, калі я завітала, у бібліятэцы праводзіўся сэмінар па павышэньні кваліфікацыі для рэгіянальных бібліятэкараў і лялечны спэктакль цэнтру “Сафія” за здаровы лад жыцьця, у якім удзельнічалі хлопцы з Латвіі і ЗША, якія мяне разумелі па-беларуску! Мне нават не давялося распытваць бібліятэкарак пра іх пазакніжную працу – я ўсё пабачыла на свае вочы.

ТОП-5 тут склаўся такі:

Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Касьмічная адысэя хлопчыка Стасіка

Раіса Баравікова. Казкі астранаўта

Людміла Рублеўская. Прыгоды мышкі Пік-Пік

Алена Масла. Як пані Чаротная на госьці ў Палангу бегала

Натальля Бучынская. Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by

5.Дзіцячая бібліятэка № 11

Гэтая ўтульная дзіцячая бібліятэка знаходзіцца ў Фрунзэнскім раёне Менска, на вуліцы Жудро. Завітала я туды акурат у калядныя сьвяты, і яна мяне прыемна ўразіла крэатыўным сьвяточным аздабленьнем.

Апрача навагодніх інсталяцый з кніг, тут яшчэ экспануюцца вырабы таленавітых бібліятэкараў і чытачоў.

Фонд бібліятэкі налічвае 43 тысячы асобнікаў, з іх каля 7 тысяч беларускамоўныя. У бібліятэцы запісана 5 тысяч чытачоў, апошнім часам аўдыторыю бібліятэкі актыўна папаўняюць пэнсіянэры і чытачы сталага ўзросту, якія закінулі электронныя кнігі і вярнуліся да вытокаў, – тут рады чытачам любога ўзросту. Бібліятэкаркі заўважаюць, што ў апошнія гады маладыя бацькі сталі больш сьвядомыя і змалку прывучаюць дзяцей да кнігі, таму малодшы абанэмэнт складае палову ад усіх чытачоў.

У бібліятэцы жыве чорны трусік Вугалёк, які свабодна скача паўсюль, забаўляе дзетак і хаваецца за стэляжамі. Яму прысьвечаная тэматычная выстава на падвоканьні: кніжкі пра зайчыкаў і трусікаў, вершы, апавяданьні, аплікацыі і малюнкі маленькіх чытачоў. За перамогу ў віктарынах, конкурсах і проста за частае наведваньне дзеці атрымліваюць падарункі – прызы, якія ідуць у дадатак да пэрыядычных выданьняў.

ТОП-5 беларускіх кніг для малечы:

Алена Масла. Вандроўка з божымі кароўкамі

Анатоль Бутэвіч. Прыгоды віруса Шкодзі

Уладзімер Ягоўдзік. Сем цудаў Беларусі

Натальля Бучынская. Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by

Андрэй Федарэнка. Шчарбаты талер

У выніку майго рэйду па бібліятэках цяпер у нас ёсьць цэлая калекцыя бібліятэчных білетаў і вялізныя стосы кніг, якія трэба вяртаць у розныя канцы горада, новыя ўражаньні і эмоцыі маёй дачушкі, а таксама ТОП-5 самых папулярных дзіцячых пісьменьнікаў (ой, пісьменьніц!) паводле меркаваньня бібліятэкарак: Алена Масла, Людміла Рублеўская, Раіса Баравікова, Натальля Бучынская, Вольга Гапеева.

Паліна Масьлянкова

для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG