Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Доўгімі зімовымі вечарамі дазвольце казачным героям весяліць вас і вашых дзетак. Наша аўтарка Яна Шыдлоўская выбрала дзевяць зімовых казак, пэрсанажы якіх размаўляюць па-беларуску.

1. «Пэтсан і Фіндус сьвяткуюць Каляды»

Самотны, вынаходлівы Пэтсан і няўрымсьлівы, вясёлы каток Фіндус — пэрсанажы, якія зрабілі імя Свэна Нурдквіста сусьветна вядомым. Першую гісторыю пра дзядулю і яго гадаванца швэдзкі казачнік і ілюстратар напісаў у 1984 годзе. Цяпер сэрыя пра Пэтсана і Фіндуса налічвае больш дзесяці кніг. Казкі Свэна Нурдквіста перакладзеныя на трыццаць моў. Летась, акурат на пярэдадні Калядаў, зімовыя прыгоды дзядулі і коціка з’явіліся на беларускай мове ў перакладзе са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч. Гісторыя пачынаецца за некалькі дзён да Калядаў. Нарыхтоўваючы ў лесе яловыя галінкі, Пэтсан выцяў нагу. Тая моцна баліць, дзядуля не можа выйсьці на двор, каб прынесьці ялінку, не пасьпявае ў краму. У хаце не засталося нават малака, каб згатаваць сьвяточную рысавую кашу. Морква і бляшанка сардзінаў могуць стаць каляднай вячэрай. Фіндус у роспачы. Аднак, дзякуючы вынаходлівасьці Пэтсана, энтузіязму Фіндуса і добразычлівасьці суседзяў, дзядуля і каток сьвяткуюць свае самыя шчасьлівыя Каляды. Сярод іншых казкі Свэна Нурдквіста вылучаюцца тонкім гумарам, дарэчы, вельмі блізкім і зразумелым беларускаму чытачу, і, вядома, ілюстрацыямі, якія з задавальненьнем разглядаюць і дзеткі, і дарослыя.

2. «Мама Му, Крумкач і Каляды»

Маму Му і Крумкач — яшчэ адна зорная пара пэрсанажаў, якіх прыдумалі швэдзкія казачнікі Юя і Томас Вісландэры, а намаляваў ілюстратар Свэн Нурдквіст. Каляды Маму Му сьвяткуе, вядома, у кароўніку. Гаспадарова жонка ўпрыгожыла вокны каляднаю зоркай, гаспадар прынёс з лесу ялінку з маленькімі падарункамі і пачаставаў кароў сьвежым летнім сенам. Маму Му рыхтуе незвычайны пачастунак для гаспадара. Засмучаны толькі Крумкач. Ён сам мусіць дбаць пра падарункі самому сабе. Гара падарункаў у крумкачыным гнязьдзе вырасла да столі. Не дачакаўшыся Калядаў, нецярплівы Крумкач раскрывае ўсе пакункі і... на сьвяты ўсё роўна застаецца без віншаваньняў. Маму Му разам з курамі рыхтуе сюрпрыз для свайго сябра, да якога трэба ехаць на ровары. Крумкач узрушаны і ўсхваляваны. Для Мамы Му ў яго таксама знаходзіцца нешта незвычайнае.

Казачніца Юя Вісландэр неаднаразова наведвала Беларусь і падчас паездак сустракалася з маленькімі чытачамі. Са швэдзкай на беларускую мову гісторыі пра карову і яе сябра Крумкача перакладае Надзея Кандрусевіч. Беларускія дзеткі могуць чытаць на роднай мове кнігі «Мама Му, Крумкач і Каляды», «Мама Му будуе дамок», «Мама Му чытае», «Мама Му прыбірае». Нядаўна па-беларуску выйшла пятая кніга «Мама Му ў басэйне», паводле якой быў пастаўлены лялечны спэктакль. Па вэрсіі «Нашай Нівы», казка ўзначаліла сьпіс самых купляных кніг у кнігарні «Логвінаў» за лістапад.

3. «Мама Му на санках»

Яшчэ адна зімовая гісторыя ад Юі і Томаса Вісландэраў. Дзеяньне адбываецца на засьнежанай горцы, адкуль хочуць з’ехаць на пазычаных у гаспадаровых дзяцей санках Маму Му і Крумкач. Мама Му едзе «дакладна» па трасе, зьбіваючы ўсе калочкі, і больш за ўсё ёй падабаецца падаць. Калі падыходзіць чарга Крумкача каціцца з гары, ён паказвае карове сапраўдны слалам. Дадому, праўда, яму даводзіцца ісьці пешкі... Гісторыя напісана смачна, дынамічна і з гумарам.

Пераклад чарговай гісторыі пра Маму Му і Крумкача на беларускую мову ўжо гатовы. Выхад кнігі заплянаваны на пачатак новага года. Таму прачытаць яе зімой сваім дзеткам мы пасьпеем.

4. «Сьнежны чалавек»

Кніга «Сьнежны чалавек» швэдзкай казачніцы Эвы Суса і французскага ілюстратара Бэнжамэна Шо ў перакладзе са швэдзкай Алесі Башарымавай пабачыла сьвет у 2013 годзе. На яе прэзэнтацыі ў Менску аўтарка прысутнічала асабіста.

Браты Ўна і Макс выпраўляюцца катацца з засьнежанай гары на сноўбордзе. Тата кладзе ім у кішэні мандарынкі. Прагулянка пераўтвараецца ў сапраўдную прыгоду, бо ў лесе хлопчыкі сустракаюць Сьнежнага чалавека — з доўгай поўсьцю і вялікімі нагамі. Сьнежны чалавек нясе хлопчыкаў у сваю пячору, дзе Ўна і Макс знаёмяцца з добрай козачкай, гатуюць суп на малацэ з чарніцаў і шышак, атрымліваюць падарункі ад старога Сьнежнага чалавека. Увечары гаспадар пячоры вяртае хлопчыкаў на ўзгорак, недалёка ад дому, дзе іх чакае тата. Дома Ўна і Макс спасьцігнуць новае адкрыцьцё...

Нескладаны для дзіцячага ўспрыманьня сюжэт і добрыя малюнкі робяць кнігу пра Сьнежнага чалавека настольнай. Асабліва ў зімовую пару.

5. «Падарунак на Каляды»

Зборнік сьвяточнага апавяданьня пабачыў сьвет у 2014 годзе. У кнізе сабраныя цудоўныя творы замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову Альгерда Бахарэвіча, Ганны Якуты, Алесі Башарымавай, Насты Гвоздзевай, Сержука Мядзьведзева, Марыны Шоды, Натальлі Козінцавай. Дзеяньне ўсіх апавяданьняў адбываецца на зімовыя сьвяты. У зборнік увайшлі казкі братоў Грым, Ханса Хрысьціяна Андэрсэна, Чарлза Дыкенса, О.Генры, швэдзкага пісьменьніка Яльмара Сёдэльбэрга. Сярод аўтараў — прадстаўнік Анголы Жузэ Эдуарду Агуалуза, які піша пра ноч, калі схапілі Дзеда Мароза, і партугалец Жоржы ды Сэна, які адкрывае сакрэт, чаму барада ў Дзеда Мароза белая. Кніга будзе выдатнай чытанкай у цёмны зімовы час і дапаможа бацькам пазнаёміць сваіх дзетак з казачнай клясыкай і сучаснымі творамі. Да таго ж, зборнік стане выдатным падарункам.

6. «Каляды з хроснай»

Рэкамэндуецца ўсім хросным. «Каляды з хроснай» беларускай казачніцы Алены Масла — гэта незвычайная гісторыя маленькай дзяўчынкі Вікі, якая разам з маці з вялікага горада пераехала жыць да бабулі з дзядулям. Тату яна амаль ня бачыць, бо той працуе ў іншым месцы. Напярэдадні зімовых сьвят родныя Вікі захварэлі, і дзяўчынцы дазваляюць адсьвяткаваць Каляды і Новы год разам з хроснай, якая засталася жыць у вялікім горадзе. Чараўніца і фантазёрка ў добрым сэнсе гэтага слова, хросная жыве на апошнім паверсе самага высокага дома. Кожны дзень сябровак чакаюць прыгоды: яны праз вакно ловяць зоркі, якія пераўтвараюцца ў каменьчыкі, фатаграфуюць анёла, начароўваюць завіруху. Калі дом засыпае сьнегам, ладзяць гарналыжны курорт з трасай ад вакна хроснай да самай зямлі. Яны разам з дзецьмі лепяць сьнежнага лятучага Пэгаса, які з задавальненьнем катае сваіх новых сяброў. Сьвяткуюць Новы год разам з суседзямі, адвозяць падарункі дзеткам, выконваючы даручэньне Дзеда Мароза. Віка вучыцца быць чараўніцай, робячы цуды і добрыя ўчынкі. Два тыдні з хроснай праляцелі вокамгненна, напоўненыя радасьцямі, выпрабаваньнямі, цудамі, прыгодамі, сюрпрызамі і неспадзяванкамі. Але самы галоўны падарунак Віка атрымае тады, калі надыходзіць час разьвітвацца з хроснай і зьбірацца дадому...

7. «Казачка пра гандляра Пятра, козачку і Каляды»

Казка Ігара Кузьмініча найлепшым чынам падыходзіць для тых, хто хоча расказаць дзеткам пра старажытную традыцыю калядаваньня. Тэкст напісаны лёгкім, дынамічным стылем, з рыфмаванымі сказамі, вельмі лёгкімі для ўспрыняцьця на слых. Добрая і працавітая Козачка бегае па сьвеце, людзям дапамагае, праз яе на зямлі лета круглы год стаіць. Паклікаў неяк да сябе Козачку працавіты і шчодры гандляр Пятро. Папрасіў Казу ў хаце пасядзець, каб у яго з жонкай дзеткі з’явіліся. Пасадзіў яе за стол, квасам, куцьцёй з мёдам частуе, байкі расказвае. Засядзелася Каза ў гаспадара, пра свае справы забылася, і прыйшла на зямлю зіма. Людзі, апрануўшы кажухі і ўзяўшы ў рукі васьміканцовую зорку замест сонца, выпраўляюцца на пошукі Козачкі.

8. «З Новым годам!»

Гэтая кніга дапаможа зрабіць зіму і зімовыя сьвяты вершаванымі. Песенькі, вершы, п’есы, казкі і загадкі — у зборнік увайшлі творы для дзяцей рознага ўзросту. Сярод аўтараў — Рыгор Барадулін, Сяргей Грахоўскі, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч, Мікола Чарняўскі, Вера Бурлак, Артур Вольскі, Максім Танк, Аксана Спрынчан і шмат іншых выдатных беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. У кнізе можна даведацца, як сьвяткуюць новы год жывёлы ў лесе, якія прыгоды зімою мае Дзед Мароз, як да сьвятаў рыхтуецца ялінка, як правільна паклікаць спадара з падарункамі, каб ён абавязкова прыйшоў, а таксама атрымаць шмат карысных парад, як паводзіць сябе на зімовыя сьвяты. Многія вершы, дарэчы, могуць быць выкарыстаны для абароны навагодніх касьцюмаў.

9. «Зімовая кніга»

Гэта маляваная кніга нямецкай мастачкі і ілюстратара Ротраўт Сюзаны Бернер. У ёй няма слоў — толькі малюнкі. Расказваць маляваныя гісторыі можна на якой заўгодна мове. У нашым выпадку — па-беларуску. Сэрыя кніг- малюнкаў пра невялікае мястэчка прынесла аўтарцы сусьветную вядомасьць. Больш за паўмільёна іх копій ужо разышліся па 15 краінах сьвету. У сэрыю ўвайшлі пяць кніг: веснавая, летняя, восеньская, зімовая і начная, дзеяньне ў якіх адбываецца ў асобную пару году і, адпаведна, уначы. Усе кнігі зьвязаныя паміж сабою. Узімку, вядома, больш актуальнай для разгляданьня будзе зімовая кніга. Разглядаць яе можна бясконца, малюнкі складаюцца ў некалькі дзясяткаў сюжэтных гісторый. Вось толькі некалькі з іх: у горад едзе Санта Клаўс, пачынаецца будоўля дзіцячага садка, Зоі не пашанцавала на дарозе, Марк падчас прабежкі згубіў ключы і кашалёк, Віёла рыхтуецца да сьвяточнага канцэрта, на плошчы адкрыты калядны кірмаш, Эла і Цім выправіліся па елку. Усе героі кнігі маюць імёны, што таксама спрыяе разьвіцьцю ўвагі і памяці дзіцёнка.

Яна Шыдлоўская
для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG