Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Moody’s зьнізіла рэйтынгі Беларусі

абноўлена

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s зьнізіла сувэрэнны рэйтынг эмітэнта і рэйтынг незабясьпечанага доўгу Беларусі да «Caa1» з «B3». У прэсавым рэлізе агенцтва прагноз абазначаны як «нэгатыўны», перадае «Інтэрфакс».

Акрамя таго, агенцтва пагоршыла столю рэйтынгу валютнага доўгу Беларусі да «Caa1/NP» з «B3/NP», а столю рэйтынгаў абавязацельстваў і дэпазытаў у нацыянальнай валюце да «B3» з «B1» и столю рэйтынгу дэпазытаў у замежнай валюце да «Caa2/NP» з «Caa1/NP».

«Нэгатыўны прагноз адлюстроўвае меркаваньне Moody’s, што пазыцыя Беларусі па зьнешніх плацяжах, верагодна, працягне пагаршацца. А гэта ў сваю чаргу можа істотна паслабіць здольнасьць краіны абслугоўваць свае даўгавыя абавязацельствы ў замежнай валюце пасьля 2015 году», — гаворыцца ў прэсавым рэлізе Moody’s.

Выплаты Беларусі па валютных абавязацельствах сёлета складюць каля 4 мільярдаў даляраў, у 2016 годзе — 3,1 мільярда даляраў, у 2017 — 2,8 мільярда даляраў, у 2018 — 3 мільярды даляраў.

Таксама Moody’s адзначае пагаршэньне пэрспэктываў атрыманьня Беларусьсю зьнешняй фінансавай дапамогі.

Перагляд рэйтынгаў Беларусі Moody’s пачала 23 лютага 2015 году.

Барыс Жаліба: Калі ня знойдзем пару мільярдаў даляраў, то можам наагул збанкрутаваць

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

У гэтых рэйтынгаў ёсьць агульная градацыя, пачынаючы ад «А», «В» і гэтак далей паводле альфабэту. І чым далей літара ад пачатку, тым горшыя справы, — тлумачыць у камэнтары для Свабоды доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба:

«Нядаўна гэтыя рэйтынгі зьнізілі і для Расеі. Для яе гэта яшчэ больш балюча, паколькі яна значна болей за нас завязаная на ўсясьветныя фінансы.

Але і для Беларусі такі прагноз нічога добрага не нясе. Рэйтынгавыя агенцтвы робяць комплексны аналіз. Яны глядзяць на наш золатавалютны рэзэрв, на тое, што да сёньняшняга дня мы не правялі рэфінансваньня замежных пазыкаў. Нібыта з Расеяй ідуць перамовы пра рэфінансваньне, то бок узяць новыя пазыкі, каб заплаціць за старыя, ці пра рэструктурызацыю, то бок адсунуць тэрміны вяртаньня пазыкаў. Усё гэта ў сукупнасьці і падвяло міжнароднае агенцтва да зьніжэньня рэйтынгаў Беларусі.

Канечне, гэта сыгнал для замежных інвэстараў, што Беларусь сёньня непрывабная краіна для ўкладаньня сродкаў. І гэта ж сыгнал для традыцыйных нашых крэдытораў — Расеі, Кітаю, што наша фінансавая сытуацыя пагаршаецца.

Калі мы ня знойдзем пару мільярдаў даляраў, то мы можам наагул збанкрутаваць і аб’явіць дэфолт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG