Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за падзеньня цэн на нафту бюджэт Беларусі недаатрымае 1 мільярд даляраў


Андрэй Кабякоў

Андрэй Кабякоў

Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў заявіў, што нестабільная зьнешнеэканамічная каньюнктура робіць нэгатыўны ўплыў на даходную частку бюджэту Беларусі.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

Паводле дадзеных Мінфіна Беларусі, бюджэт можа недаатрымаць з-за падзеньня цэн на сусьветных рынках нафты да 1 млрд USD.

Між тым Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь цалкам выканае свае абавязаньні па пагашэньні зьнешняга доўгу ў 2015 годзе. Ён падкрэсьліў, што ўрад прыкладае ўсе намаганьні, каб асноўная частка зьнешняга дзярждоўгу ўсё-ткі была пагашана за кошт бюджэтных сродкаў.

«Усё ў сукупнасьці, плюс той аб’ём ЗВР, які мы маем, хай і невялікі, але дастатковы, каб на працягу 2015 году цалкам забясьпечыць свае даўгавыя абавязаньні па зьнешнім доўгу», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар, паведамляе Інтэрфакс-Захад.

Акрамя таго, кіраўнік ураду нагадаў, што Беларусь «працуе над новай праграмай зь Міжнародным валютным фондам». «Аналягічная праца ідзе над праграмай Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС», — дадаў ён.

«Усе гэтыя кірункі досыць пэрспэктыўныя. І я лічу, што яны могуць быць задзейнічаныя ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Кабякоў таксама паведаміў, што Расея павінна рэфінансаваць плацяжы Беларусі па дзяржаўным доўгу Беларусі. Паводле ягоных слоў, ужо ёсьць «адпаведныя рашэньні, дамоўленасьці», якія цяпер ужо практычна на заключнай стадыі.

«У нас ёсьць дамоўленасьці з расейскімі партнэрамі, каб цалкам рэфінансаваць нашы плацяжы, якія мы ажыцьцяўляем у гэтым годзе ў Расейскую Фэдэрацыю як па міждзяржаўных даўгах, так і па лініі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС», — заявіў кіраўнік ураду.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што цяжар выплаты зьнешняга доўгу ляжа перш за ўсё на плечы насельніцтва.

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Такія краіны, як Беларусь, Зымбабвэ або Расея, звычайна пагашаюць даўгі за кошт грошай насельніцтва і золатавалютных рэзэрваў. Самы просты спосаб сёньня пагасіць даўгі — гэта за кошт насельніцтва. Вось была праведзена дэвальвацыя, зарплата зьнізілася з 600 даляраў да 400, і вось гэтыя 200 даляраў розьніцы ідуць на вяртаньне даўгоў. Іншых варыянтаў тут няма: у Беларусі, на жаль, крызіс. Таму, калі ўрад кажа, што Беларусь будзе аддаваць даўгі, то хацелася б, каб яны сказалі: мы дапусьцілі буйныя макраэканамічныя памылкі, а цяпер, дарагія грамадзяне, мы будзем гэтыя памылкі за ваш кошт выпраўляць. Гэта было б сумленна і справядліва», — адзначыў экспэрт у інтэрвію Радыё Свабода.

Усяго за 2015 год Беларусь павінна выплаціць па зьнешнім доўгу каля 4 мільярдаў даляраў, кажа эканаміст.

«Гэта даволі-такі вялікія грошы, — канстатуе ён. — Нашы грамадзяне павінны запомніць, што аддаюць даўгі не прэм’ер-міністар і не прэзыдэнт, а самі людзі».

XS
SM
MD
LG