Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арнамэнт цяпер і ў мініфутболе. Клюб «Сталіца» зрабіў форму-«вышыванку»


Мініфутбольны клюб «Сталіца» вырас з аматарскай каманды беларускай IT-кампаніі Softclub. Пасьля некалькіх удалых сэзонаў на чэмпіянаце Менску каманда трапіла ў Найвышэйшую лігу і стала прафэсійнай.

У «Сталіцы» і раней падкрэсьлівалі сваю беларускасьць. Лягатып клюбу выкананы на беларускай мове. Таксама па-беларуску «Сталіца» вядзе свой профіль у Instagram.

Зрабіць форму з нацыянальным арнамэнтам тут хацелі яшчэ летась. Але потым вырашылі дагуляць рэшту сэзону ў старым камплекце.

«Клюб „Сталіца“, як і наш тытульны партнэр, кампанія SoftClub — цалкам беларускі праект, — распавёў Свабодзе Дзьмітры Валошчык, брэнд-мэнэджэр каманды. — Мы хацелі падкрэсьліць нашу беларускасьць у форме».

Выязны камплект аздобілі з традыцыйным арнамэнтам «васьмірог». Абралі менавіта гэты матыў, бо васьмірог сымбалізуе энэргію і мужчынскі пачатак.

«Гэта важна для нас, бо мы — спартовы клюб, і нам патрэбныя перамогі, — кажа Валошчык. — Мы шукалі сымбаль, які б адлюстраваў мужчынскасьць і спартовасьць. І васьмірог вельмі пасаваў нам».

Дзьмітры Валошчык

Дзьмітры Валошчык

Зварот да нацыянальнага арнамэнту ў камандзе не называюць данінай модзе ці спробай «згуляць на маркетынгавым полі ў мініфутболе». У той жа час такі ход мог бы прыцягнуць у спартовыя залі новую публіку.

«Перадусім мы паказваем нашу сувязь зь Беларусьсю, — кажа Валошчык. — Таксама мы можам зьвярнуць увагу новай аўдыторыі. Бо мініфутбол — вельмі відовішчная і інтрыгуючая гульня, якая можа быць канкурэнтам хакею».

Дарэчы, у футболцы з нацыянальным арнамэнтам яшчэ да зьяўленьня новай формы сфатаграфаваўся Бэта — бразыльскі гулец «Сталіцы».

Падчас свайго адпачынку ў Гішпаніі бразылец выклаў у сацсеткі фота ў вышымайцы.

«Для нас гэта было нечаканасьцю і ў пэўным сэнсе гонарам, — кажа Валошчык. — Бразыльскі гулец абсалютна самастойна надзеў вышымайку. Калі потым размаўлялі зь ім, сказаў, што яна выглядае вельмі прыгожа».

Новую форму распрацоўвалі беларускія і італьянскія дызайнэры. Яе афіцыйная прэзэнтацыя адбудзецца ўвосень — перад пачаткам сэзону.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG