Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія алімпійцы паедуць у Бразылію ў форме з нацыянальным арнамэнтам. Фота


Абноўлена: дададзенае падрабязнае апісаньне калекцыі ад аўтараў.

У Нацыянальным алімпійскім камітэце 27 чэрвеня прайшла прэзэнтацыя параднай і спартовай формы беларускай алімпійскай зборнай. На прэзэнтацыі форму асабіста ацэньваў Аляксандар Лукашэнка.

Форму, якую абралі беларускія спартоўцы і трэнэры, распрацавала беларуская дызайнэрка Юлія Латушкіна. Як распавяла дызайнэрка Свабодзе, натхненьнем для калекцыі стаў сапраўдны традыцыйны беларускі рушнік.

Калекцыя Латушкінай «Беларусь спартовая. Сіла перамогаў» выкананая ў чырвоным, шэрым і белым колерах з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту, пашытая на прадпрыемстве ў Лідзе. Таксама яна прапаноўвала як варыянт формы іншую калекцыю, сінюю — «Беларусь сінявокая. Васількі», а беларускі дызайнэр Іван Айплатаў прапаноўваў калекцыю, выкананую супольна зь «Беллегпрамам».

Як зацьверджаную форму, так і два іншыя прапанаваныя варыянты Лукашэнка папрасіў выпусьціць у вольны продаж.

Студыя Юліі Латушкінай прадставіла Свабодзе здымкі фатасэту ў параднай форме. Фатограф: Яўген Грабкін. Мадэлі на фота: Ульяна Валахоўская (на першым фота па цэнтры) і Анастасія Шышкіна (на першым фота справа).

У аснове распрацоўкі дызайну, як кажуць аўтары, ляжыць ідэя выкарыстаньня трох колераў, якія заўсёды асацыяваліся з Беларусьсю: белы – колер сьветлай скуры, валасоў, а таксама адзеньня беларусаў; чырвоны – колер сонца і сымбаль жыцьця; шэры – колер тканага лёну.

Галоўны элемэнт у дызайне калекцыі – беларускі арнамэнтальны васілёк, які выкарыстоўваўся ў традыцыйных беларускіх ручніках. Арнамэнт сымбалізуе ўраджайнасьць, дабрабыт, сілу і чысьціню. Стужка з такім арнамэнтам пакладзеная ў аснову прынтаў для алімпійскай формы.

Калекцыя распрацоўвалася з улікам клімату Бразыліі, а таксама асаблівасьцей целаскладу атлетаў. Элемэнты формы можна камбінаваць між сабой, усе яны, выкананыя ў адным стылі.

Футболкі, майкі пола і сукенкі зробленыя зь віскозы і трыкатажнага палатна «Сьвітанку». Пінжакі, порткі і сукенка – з натуральнай воўны з 3% элястычнага валакна атэлье Linea, ёсьць падшэўка зь віскозы. Абутак спартоўцаў – скураныя кеды-сьліпоны вытворчасьці «Марка». Таксама ў камплекты формы ўключаныя мужчынскія і жаночыя скураныя торбы вытворчасьці «Галянэі», торбы-партпледы, парасоны, нататнікі і асадкі, касмэтычкі, чахлы для тэлефонаў, бутэлькі для вады, кубкі для гарбаты і бірулькі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG