Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Нехта ў Францыі думае, што Пуцін — ратунак для Эўропы» — францускі філёзаф Мішэль Эльчаніноф у Менску


Мішэль Эльчаніноф (зь мікрафонам) выступае ў Менску

Мішэль Эльчаніноф (зь мікрафонам) выступае ў Менску

Аўтар кнігі «У галаве ў Пуціна», галоўны рэдактар часопіса «Philosophie Magazine» Мішэль Эльчаніноф распавёў Радыё Свабода, як французамі авалодвае ідэалёгія Крамля, і што такое «антрапалягічная паніка».

У Менск Мішэль Эльчаніноф быў запрошаны праектам ECLAB_Интеракция з прэзэнтацыяй кнігі «Новыя дысыдэнты» (‘Les nouveaux dissidentsʼ, Edition Stock, 2016). Беларускімі героямі яго кнігі сталі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, паэт Дзьмітры Строцаў, галерыстка Ганна Чыстасэрдава і сьвятар Аляксандар Шрамко.

— Вы сказалі ў сваім выступе, што людзі ў Францыі «стаміліся ад дэмакратыі». І што ўяўляецца як яе альтэрнатыва?

— Людзі ня ведаюць «што». Яны ненавідзяць тое, што ў сфэры пуцінізму называецца «паліткарэктнасьць», «абарона правоў», «абарона правоў меншасьцяў». Ёсьць агульны настрой, які стымулююць некаторыя інтэлектуалы: такія мэдыйныя філёзафы, як Мішэль Анфрэ ці Эрык Зэмур. Яны цяпер увесь час на тэлебачаньні і ў часопісах кажуць, што ў прынцыпе парадыгму 1968-га году трэба закрыць. (У 1968-м у Францыі адбыліся масавыя пратэсты ў тым ліку супраць расізму, у падтрымку правоў чалавека, якія скончыліся адстаўкай тагачаснага прэзыдэнта Шарля дэ Голя і значнымі пераменамі ва ўсіх сфэрах францускага грамадзтва — РС.)

Маецца на ўвазе парадыгма таго, што трэба быць талерантным, любіць замежнікаў, быць талерантным да сэксуальных меншасьцяў, быць касмапалітам. Дык вось, цяпер кажуць, што «трэба закрыць гэтую «дужку», адкрытую ў сярэдзіне 60-х, бо яна прывяла краіну ў тупік. Яны кажуць, што Эўропа ў тым выглядзе, у якім яна будуецца, занадта фармальная. Што дэмакратыя, якой мы яе ўяўляем і ў якой мы жывём, занадта слабая.

А значыць зьяўляецца сапраўдная спакуса аўтарытарызму. Што такое аўтарытарызм? Гэта найперш моцная асоба, якая мае перавагу над народам, і якая не праходзіць праз рэпрэзэнтатыўныя структуры. Чалавек, які «кажа так, як ёсьць». Вось гэтая тыпова пуцінская рыторыка, я называю яе — «называць рэчы сваімі імёнамі».

Гэта альбо падпольны пуцінізм альбо вельмі шчыры пуцінізм. Некаторыя палітыкі і інтэрнэт-сайты, часопісы адкрыта прапагандуюць, што Пуцін, ягоная канцэпцыя сьвету, Эўропы і дэмакратыі — гэта ратунак для Эўропы.

Вядома ж, так думае ня большасьць французаў, бо бальшыня ўсё ж такі ставіцца да гэтага досыць асьцярожна. Але ў агульным настроі такія перакананьні растуць. Адна з прыкметаў гэтага руху — вядома ж, Кангрэс руху Нацыянальны фронт. Вось знак таго, што настроі супраць фармальнай дэмакратыі і духу 68-га году дужэюць. Нацыянальны фронт у 2015 годзе фактычна атрымаў 25 працэнтаў на эўрапейскіх выбарах і на рэгіянальных выбарах. Цяпер Марын лё Пэн маўчыць, бо яна рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў у наступным годзе.

Кніга «Новыя дысыдэнты»

Кніга «Новыя дысыдэнты»

— Ці гэта азначае, што дэмакратыя ўзору 68-га году была па сутнасьці барацьбой за правы «белага чалавека тытульнай нацыі» і з-за гэтага адбыўся крызыс?

— Не, ня думаю. Менавіта ў 60-я гады сталі абараняць правы альжырцаў, тых людзей, якія цярпелі ад калянізацыі. Але вось што я заўважаю. Я нядаўна быў у маленькім гарадку каля Грэноблю. І там такая «ўтопія 68-га году» — перамешаныя ўсе нацыянальнасьці, усе сацыяльныя асяродзьдзі. Яны гэта пабудавалі, жылі ў гэтым, а сёньня ўсе перажываюць гэта як кашмар. Бо моладзь, дзеці мігрантаў ня лічаць сябе ў дастатковай ступені французамі, крытыкуюць Францыю, наноў адкрываюць для сябе іслам. А старое пакаленьне «людзей 68-га году» не разумее маладых. Тое, што калісьці было задумана як магчымая гармонія паміж мігрантамі і французамі, сёньня ў тупіку. Гэта правакуе антыдэмакратычную рыторыку кшталту «мы занадта шчодрыя да мігрантаў, занадта талерантныя да ісламу» і так далей.

— І ў чым тады сыстэмная памылка? Нават калі згадаць нядаўнія тэракты ў Францыі і Бэльгіі, яны зьдзейсьненыя людзьмі, якія вырасьлі ў гэтых краінах...

— Яны не былі дастаткова інтэграваныя — гэта факт. Па-першае, у нас фактычна апошнія 40 гадоў масавае беспрацоўе. Яно закранае самых бедных, а сярод іх вельмі шмат мігрантаў і дзяцей мігрантаў. Дзеці мігрантаў жывуць у раёнах, якія часта зьяўляюцца «гета». Пачуцьцё прыніжэньня і, канечне, цяга да фанатызму і радыкальнага ісламу — і вось некаторыя ператварыліся ў тэрарыстаў. Так, ёсьць сацыяльны працэс, які працяглы, які мае свой сэнс і сваю гісторыю і які зрабіў магчымым, што некаторыя з гэтай моладзі знайшлі сябе ў джыхадызьме і зьдзейсьнілі тэракт. Іх, вядома ж, абсалютная меншасьць. Але недавер да дзяржавы, недавер да правілаў гульні, якія прапануе Францыя, узрасьлі ў гэтых прадмесьцях і выліліся ў сацыяльную незадаволенасьць, а ў некаторых выпадках — у радыкалізацыю і тэрарызм. Гэта, вядома ж, агульны працэс.

Прапануюцца два варыянты, як гэтаму супрацьстаяць. Ёсьць людзі, якія думаюць, што трэба рабіць усё, каб гэтых людзей прывесьці ў рамкі Рэспублікі. І тыя, хто думаюць, што мы зрабілі памылку, калі прынялі іх, што зь імі трэба быць стражэй.

— Наколькі важны рэлігійны фактар, і як францускія інтэлектуалы прапануюць «даць рады ісламу»? Наколькі іслам успрымаецца як пагроза?

— Ёсьць вялікая дыскусія. Некаторыя лічаць, што трэба зрабіць больш жорсткімі правілы разьдзяленьня рэлігій і дзяржавы. Каб не было, напрыклад, адмысловай ежы ў школах (кашэрную і халяльную ежу прапануюць у некаторых школах — РС.). Яны лічаць, што трэба зьняць усе рэлігійныя прывілеі і быць з рэлігіяй стражэй. Бо ў Францыі ёсьць мадэль разьдзяленьня рэлігіі і дзяржавы, таму іслам і юдаізм мусяць падпарадкоўвацца праву Рэспублікі.

Ёсьць іншы бок. Тыя, хто лічаць, што раз іслам робіцца папулярным сярод французаў неарабскага паходжаньня, то трэба зьмякчаць правілы разьдзяленьня дзяржавы і рэлігіі. Яны кажуць, што ў Францыі паўсюль ёсьць цэрквы ў публічнай прасторы, што рэлігія жыве ў агульнай прасторы і трэба такога ж кампрамісу дасягнуць з ісламам. Каб той, хто верыць, хто хоча насіць хіджаб, хто хоча пасьціць рамазан, маглі б гэта рабіць у рамках рэспублікі. Таму трэба больш шчодра зь імі сябе паводзіць. Вядома ж, выключыўшы ўсіх ісламістаў, фундамэнталістаў, джыхадыстаў. Але каб нармальныя мусульмане не пачуваліся маргіналізаванымі і прыніжанымі. Трэба зь імі дамовіцца, як Напалеон дамовіўся з габрэямі ў пачатку 19 стагодзьдзя — такі «новы канкардат».

— Чаму ў гэтым кантэксьце ідэалёгія Пуціна робіцца прыцягальнай? Ён увасабляе проста прагу да стабільнасьці і парадку? Ці ў ягонай ідэалёгіі ёсьць нешта адмысловае, што падаецца французам асабліва актуальным?

— У Францыі даўно не было прэзыдэнта, які для ўсіх увасабляе моцную асобу. Быў Мітэран, але тыя, хто быў пасьля яго — Жак Шырак, нэрвовы Нікаля Сарказі ці сымпатычны Франсуа Алянд — ніякія не «сапраўдныя дзяржаўнікі». Людзі настальгуюць па дэ Голю і Мітэрану — яны былі сапраўдныя лідэры. Гэта першы аспэкт.

Другі аспэкт — антыамэрыканізм. Гэта сапраўдная француская хвароба. Тыя, хто ненавідзіць Амэрыку, заўжды спасылаюцца на дэ Голя, які, дарэчы, ня быў такім ужо антыамэрыканскім. Яны кажуць, што лідэры Францыі ніколі не залежаць ад англасаксонскага ўплыву, ад Амэрыкі. І Пуцін увасабляе антыамэрыканскую пазыцыю. Усе нашы праціўнікі Амэрыкі — гэта былыя камуністы, ультралевыя, і натуральна «сувэрэністы» — правыя рэспубліканцы і ўльтраправыя.

Трэці аспэкт — кансэрватызм. У 2013 годзе былі вялікія дэманстрацыі ў Францыі супраць закона, які легалізаваў гомасэксуальны шлюб. Гэта быў рух, які ніхто не прадбачыў. Алянд як прэзыдэнт гэта не прадбачыў. Я як журналіст гэта не прадбачыў. Была антрапалягічная паніка. Што ня будзе сямʼі, ня будзе бацькоў і дзяцей — такая «амэрыканска-гендэрная хваля», якая зьнясе ўсе нашы традыцыі.

Людзі напалохаліся, што іх разуменьне сямʼі зьменіцца. Устала пытаньне пра тое, што гомасэксуальныя пары змогуць адаптаваць дзяцей. Напрыклад, у Расеі ёсьць сурагатнае мацярынства, а ў Францыі няма. У Францыі сталі казаць — «які жах, у дзіця будзе два бацькі, дзьве маці, а ідэя, што сямʼя — гэта бацька і маці, зьнікне. І яны напалохаліся. Гэта ірацыянальная рэакцыя на тое, што іх традыцыйная мадэль сямʼі зьнікне.

І тыя, хто напалохаўся, пачалі казаць, што трэба ахоўваць традыцыйную сямʼю. У гэты час Пуцін, які за гэтым сачыў у Крамлі, у верасьні 2013 году стаў казаць, што трэба выратаваць традыцыйную сямʼю, што калі на Захадзе гомасэксуальную пару прыраўнавалі да традыцыйнай сямʼі — гэта вельмі кепска. Паміж некаторымі францускімі дэманстрантамі і Крамлём была прамая сувязь, яны дапамагалі адзін аднаму. Тыя, хто баіцца нейкага «маральнага ўпадку» адразу ж пачулі Пуціна, які разгарнуў сваю кансэрватыўную рыторыку ў канцы 2013 году.

Усе гэтыя аспэкты моцныя ў Францыі з прычыны нашай палітычнай гісторыі. Антыамэрыканізм — француская традыцыя, а кансэрватызм зьвязаны з пашырэньнем думкі, што пара закрыць тое, што адкрыла краіна ў 60-х гадах. Ім здаецца, што Пуцін кажа рэчы, якіх ня кажуць у Францыі. Вось глыбокія карані гэтай спакусы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG