Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюб Алексіевіч: фабрыка думак або таварыства «Веды»


Якую ролю можа адыграць інтэлектуальны клюб, які стварае Алексіевіч?

Дракахруст: Пісьменьніца, нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч паведаміла пра намер адкрыць у Менску свой Інтэлектуальны клюб, які пачне працу зь верасьня сёлета.

«Там будуць выступленьні сапраўды вельмі вядомых у сьвеце, у Расеі, Беларусі інтэлектуалаў» — сказала яна.

Пісьменьніца патлумачыла звышзадачу клюбу наступным чынам: «Я лічу, што наша галоўная бяда — правінцыйнасьць. Нам трэба сябе за вушы цягнуць з таго стану, каб мы ўжо не былі людзьмі на балоце. Чым больш мы будзем сябе рамантызаваць, тым даўжэй мы будзем сядзець там, дзе мы сядзім».

Праблемы, якія абмяркоўваюць беларусы, даволі далёкія ад таго інтэлектуальнага мэйнстрыму, у якім жыве Эўропа

Я б адзначыў тры моманты гэтай ініцыятывы. Можа, у папроках наконт правінцыяналізму Алексіевіч і залішне крытычная, але варта сказаць, што беларускія інтэлектуалы сапраўды ў значнай ступені варацца ва ўласным соку. Ускосны паказьнік таго — акрамя Алексіевіч, у Беларусі няма ніводнага інтэлектуала, чые меркаваньні былі б цікавыя Эўропе, няма асобаў кшталту, скажам, паляка Міхніка, баўгарына Красьцева, славенца Жыжэка.

Праблемы, якія абмяркоўваюць беларусы, даволі далёкія ад таго інтэлектуальнага мэйнстрыму, у якім жыве Эўропа. І клюб Алексіевіч — спосаб наладзіць камунікацыю з гэтым мэйнстрымам. Гэта і «Эўропа — у Беларусь» і адначасна «Беларусь — у Эўропу». І не ў журналісцка-інфармацыйным сэнсе, маўляў, «Эўропа будзе лепш ведаць пра нашыя праблемы», а ў інтэлектуальным — будзе ведаць нашыя думкі, асэнсаваньні эўрапейскага ўзроўню, калі такія знойдуцца.

Гэта пэўнае выпрабаваньне. Алексіевіч неяк распавядала, як шмат гадоў таму запрасіла ў Менск францускага гісторыка і літаратуразнаўцу Жоржа Ніва. Падчас сустрэчы зь ім беларускія інтэлектуалы скардзіліся на дыктатуру. «Спадарства, я спачуваю вам, але пра гэта я чытаў у Le Monde. Вы раскажыце, якія ў вас ідэі», — сказаў Ніва. Паводле Алексіевіч, з гэтым у той гутарцы было ня надта.

Другі момант — клюб стане інструмэнтам сталага ўплыву Алексіевіч на беларускае грамадзтва. І ў тым сэнсе, што словы кожнага выступоўца ў клюбе будзе асацыявацца зь ёй, і ў тым, што выбіраць выступоўцаў будзе яна ў адпаведнасьці са сваімі ўяўленьнямі. Імёны першых дваіх — расейскага філёзафа Вольгі Седаковай і кінарэжысэра Аляксандра Сакурава перагукаюцца зь яе словамі пра «добры рускі сьвет», сказаныя ў інтэрвію пасьля ўручэньня прэміі. Можна дапусьціць, што выступоўцамі ў яе клюбе будуць не адным расейцы, але і яны таксама, і ў значнай ступені яны. Няцяжка меркаваць, што некаму гэта не спадабаецца і палітычныя дзіды вакол набэліянткі будуць ламацца гэтак жа спраўна, як ломяцца і цяпер.

Ну і трэці момант зьвязаны з той роляй, якую ў розных гучных падзеях у гісторыі адыгрывалі рознага кшталту інтэлектуальныя клюбы і салёны. Яны спараджалі новыя ўяўленьні, ідэі, ацэнкі, рабіліся, фігуральна кажучы, фабрыкамі вытворчасьці сэнсаў. Потым іх увасаблялі ў жыцьцё зусім іншыя людзі, але ўвасаблялі менавіта тое, што было прагаворанае ў тых клюбах і салёнах.

Можа, нічога з гэтага і не рэалізуецца па безьлічы прычынаў, як яно часта бывае ў Беларусі, прынамсі ў палітычнай сфэры. Але плян цікавы.

Цыганкоў: Можна толькі пагадзіцца з Вашай ацэнкай, што плян гэты цікавы і патрэбны. Мяркую, што агульным кансэнсусам будзе пажаданьне ўдачы гэтаму праекту. Гэта тое, чаго ад Сьвятланы Алексіевіч чакалі, паколькі яна яшчэ ў адным зь першых інтэрвію згадала пра такія намеры.

Якіх бы гасьцей яна ні запрашала, гэта будзе карысна для Беларусі, ня думаю, што гэта будзе несьці такое адценьне, што яна, як арганізатар, адказная за выбар гасьцей, і што гэта будзе накладацца на ўспрыманьне самой Алексіевіч. Я мяркую, што яна чалавек шырокіх поглядаў і будзе запрашаць людзей з розных краінаў, ня толькі блізкіх ёй поглядаў.

Якіх бы гасьцей яна ні запрашала, гэта будзе карысна для Беларусі

Мне ў сувязі з апошнімі дыскусіямі наконт Алексіевіч хацелася б сказаць, што ва ўспрыманьні яе ёсьць два полюсы, дзьве крайнасьці. Першая крайнасьць — успрымаць усё, што кажа і робіць Алексіевіч, як ісьціну ў апошняй інстанцыі, як словы прарока. І на крытыку Алексіевіч з боку іншых гучаць заявы — хто вы такія, каб крытыкаваць Алексіевіч, спачатку атрымайце Нобэлеўскую прэмію, потым і крытыкуйце.

Такі падыход мне здаецца няўдалым, элітысцкім і недэмакратычным. У Эўропе такі падыход не ацанілі б.

Іншая крайнасьць — нэгатыўнае ўспрыманьне ўсяго, што б яна ні рабіла. Людзі, якія адмоўна да яе ставіліся, наўрад ці пачалі ставіцца лепш пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі.

Мне здаецца больш адэкватным трэці падыход, калі людзі ўспрымаюць Алексіевіч як вялікага чалавека, вялікую асобу, але маюць свае перакананьні, але калі яны нязгодныя зь нейкай яе заявай і ўчынкам, яны маюць права зь ёй спрачацца, падкрэсьліваць сваю нязгоду.

Прывяду гістарычную аналёгію — Жан-Поль Сартр. Ён быў таксама ўганараваны Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры, але адмовіўся ад яе. Ён быў вельмі папулярны, быў уладаром думак і душаў многіх французаў. Але наўрад ці яго погляды адпавядалі поглядам усіх французаў, ён вельмі любіў левых, любіў камуністаў, да пэўнай мяжы любіў СССР, хаця і выступаў, скажам, супраць уварваньня савецкіх войскаў у Вугоршчыну.

Ці азначае яго талент, што ўсе французы павінны былі пагаджацца зь ім у гэтых яго поглядах? Ці азначала нязгода, што абыватэлі не сасьпелі да вышыні яго прасавецкай, пракамуністычнай думкі?

Магчыма, і не. Тое, што Францыя збольшага не пагаджалася са сваім вялікім Сартрам, гаворыць хутчэй на карысьць Францыі, а не на карысьць Сартра.
Адзін чалавек, нават вялікі, мае сваю праўду, іншыя людзі маюць іншую, і гэта трэба спакойна ўспрымаць.

Карбалевіч: Сьвятлана Алексіевіч патлумачыла, як яна бачыць гэты праект падчас выступу ў «прэс-клюбе Беларусь». Зь яе развагаў вынікае, што гэта не зусім клюб для пэўнай катэгорыі людзей у ангельскай традыцыі. То бок гэта ня нейкі сэмінар для інтэлектуалаў, які, напрыклад, доўгі час існаваў у Акадэміі навук. У такім варыянце, тэарэтычна разважаючы, клюб мог бы генэрыраваць нейкія ідэі, якія маглі б мець пэўны ўплыў на грамадзтва. Гісторыя ведае такія прыклады, калі ўплывовыя грамадзкія і палітычныя рухі зараджаліся сярод купкі інтэлектуалаў.

Гэта такі асьветніцкі, адукацыйны праект. Нейкі варыянт савецкага Таварыства «Веды» ў сучасным выглядзе

Але, паводле Алексіевіч, яна мае на ўвазе нешта іншае. У яе разуменьні, гэта нейкі лекторый, адкрыты для ўсіх жадаючых. Ён будзе дзейнічаць у галерэі інтэрнэт-парталу TUT.BY. Гэта будуць сустрэчы насельніцтва зь цікавымі людзьмі. Такія сустрэчы раз-пораз праводзяцца і цяпер. Я быў на адной такой сустрэчы ў гэтай галерэі з расейскім палітолягам Андрэем Піянткоўскім. Жанр просты. Кароткі выступ, потым адказы на пытаньні. Глыбіня пытаньняў на той сустрэчы мяне, па шчырасьці, ня ўразіла.

Гэта такі асьветніцкі, адукацыйны праект. Нейкі варыянт савецкага Таварыства «Веды» ў сучасным выглядзе. Магчыма будуць он-лайн трансьляцыі на TUT.BY. Зразумела, гэта карысны праект. Але цяжка казаць пра ягоны ўплыў на грамадзкае жыцьцё ва ўмовах усеагульнай апатыі, палітычнай сьпячкі і вялікай інфармацыйнай разнастайнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG