Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч, Руды, Мацюшэўскі? Ці засталіся ў беларускім урадзе лібэралы


Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота
Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

Экспэрты лічаць, што сёньня лібэралы ва ўрадзе Беларусі або вымушаны хаваць свае погляды, або знаходзяцца на другасных ролях.

Сёньня стала вядома, што 31 траўня на 63-м годзе памёр былы намесьнік міністра эканомікі, адзін з самых вядомых чыноўнікаў Беларусі апошняга дваццацігодзьдзя Андрэй Тур. Ён лічыўся лібэралам ва ўладзе, прыхільнікам рынкавай эканомікі.

Свабода зьвярнулася да экспэртаў з пытаньнем: а ці ёсьць лібэралы ў сёньняшняй беларускай уладзе?

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што ва ўрадзе ёсьць дастаткова лібэралаў, але яны там не на першых ролях.

«Так, ва ўрадзе ідуць спрэчкі пра тое, як разьвівацца эканоміцы далей, ці праводзіць рэформы і якія. Мы ведаем, што Нацыянальны банк займае больш лібэральныя пазыцыі, ён імкнецца ў рамках эканамічнай навукі праводзіць больш пісьменную палітыку, а супраць яго выступаюць тыя, хто патрабуе танных грошай. Лічыцца таксама лібэралам першы віцэ-прэмʼер Мацюшэўскі. Наагул я думаю, што ва ўрадзе не на ўзроўні першых фігур, а на ўзроўні начальнікаў дэпартамэнтаў міністэрстваў досыць шмат лібэральных людзей. Яны атрымалі добрую адукацыю, яны атрымалі перападрыхтоўку ў Эўропе ў межах таго ж „Усходняга партнэрства“. То бок ва ўрадзе дастаткова людзей пісьменных, для таго каб праводзіць рэформы. Але гэта, вядома, ня першыя асобы», — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што казаць пра лібэралаў ва ўладзе можна толькі зь вялікай доляй умоўнасьці.

«На ўласнай кухні можна знайсьці шмат лібэралаў сярод міністраў і намесьнікаў міністраў. Але, на жаль, калі мы кажам пра лібэралаў, якія павінны рабіць лібэральную эканамічную палітыку — іх амаль няма ва ўрадзе. А нават калі ёсьць, дык той патэнцыял, які яны маюць, тыя ідэі, якія нясуць, яны, па сутнасьці, губляюць у працэсе бюракратычнага ўзгадненьня розных актаў заканадаўства. Так што — ведаеце, як ёсьць такія „сьпячыя агенты-шпіёны“, так ёсьць і „сьпячыя лібэралы“, якія могуць раскрыцца толькі тады, калі будзе попыт на іншую ідэалёгію і эканамічную палітыку з боку кіраўніцтва нашай краіны», — кажа ён.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка ня раз казаў пра тое, што, нягледзячы на просьбы з боку ўраду, ён ня бачыць неабходнасьці мяняць курс. Але, на думку Раманчука, гэта ня значыць, што сярод уладаў зьявілася нейкая «партыя рэфарматараў», да якіх і зьвяртаецца Лукашэнка.

«Ніякай „партыі рэфарматараў“ няма. Ёсьць чалавек, які зьяўляецца адным з архітэктараў і „шэрых кардыналаў“ гэтай сыстэмы — гэта Міхаіл Мясьніковіч.

Ён 20 гадоў быў галоўным ідэолягам дзяржплянавай сыстэмы, а сёньня ён бачыць, што ўсё выпампавалі з гэтай мадэлі і цяпер трэба манэтызаваць той рэсурс, які ёсьць. І таму сёньня Мясьніковіч робіць усё, каб заняць гэтую нішу рэфарматарства і быць першым у такой аўтарытарнай, але больш прагматычнай рынкавай эканоміцы. Гэта відавочна, мяркуючы па тых словах, якія ён кажа.

І таму Мясьніковіч расстаўляе тых людзей, якія працуюць у гэтым напрамку — гэта і Аляксандар Забароўскі [першы намесьнік міністра эканомікі], і Васіль Мацюшэўскі [першы віцэ-прэмʼер], і Кірыл Руды [памочнік прэзыдэнта па эканоміцы]. Гэтыя ўсе людзі ў добрых стасунках зь Мясьніковічам.

Таму гэта не прыйшла нейкая новая партыя, гэта проста трансфармацыя намэнклятуры, якая сёньня разумее, што па-старому ўжо немагчыма нічога зарабіць, і яны быццам бы пад лібэральнымі сьцягамі будуць рабіць нешта іншае.

Таму, я думаю, усё гэта ідзе ад адной крыніцы», — мяркуе экспэрт.

У размове са Свабодай Яраслаў Раманчук таксама выказаў спачуваньні родным і блізкім Андрэя Тура, якога знаў асабіста.

«Я добра яго ведаў. Гэта чалавек, зь якім ня сорамна было размаўляць. Нават многія тыя рэчы, якія мы прапанавалі, Андрэй Мікалаевіч іх падтрымліваў — і адкрыта, і ў кулюарах. Ён быў бліжэйшы да разуменьня лібэралізму, чым большасьць людзей ва ўладзе. Але разумець — адно, а рабіць — іншае. Адзін чалавек на пасадзе намесьніка міністра эканомікі, безумоўна, можа нейкую сваю думку прадставіць, але ня больш за тое. Сыстэма аказалася значна больш агрэсіўная і зьела яго, па сутнасьці», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG