Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Андрэй Тур, былы намесьнік міністра, прыхільнік рынкавай эканомікі


Андрэй Тур

Андрэй Тур

Андрэй Тур лічыўся лібэралам, ён быў больш вядомым, чым некаторыя міністры эканомікі і кіраўнікі ўраду.

У аўторак у Менску на 63-м годзе жыцьця пасьля сур’ёзнай хваробы памёр адзін з самых вядомых чыноўнікаў эканамічнага блёку Беларусі апошняга дваццацігодзьдзя, лібэрал старой школы Андрэй Тур,— паведамляе tut.by.

Тур быў сярод вышэйшых службовых асобаў Беларусі з 1995 году. Ураджэнец Ленінграда і выпускнік менскага наргаса, які абараніў кандыдацкую дысэртацыю ў 27 гадоў, а доктарскую — у 39, ён заняў тады пасаду намесьніка міністра эканомікі. Ён быў адным з доўгажыхароў сярод намесьнікаў міністра, займаючы гэтую пасаду да лістапада 2011 году.

Міністры эканомікі мяняліся, а прафэсар Тур заставаўся намесьнікам. На пытаньне: «Чаму Тура не мяняюць?» — экспэрты давалі адназначны адказ: «Першае — высокая кваліфікацыя. Другое, а можа, самае галоўнае — толькі ён мог паднесьці непапулярныя эканамічныя рашэньні як прагрэсіўныя».

Андрэй Тур выступаў за шэраг прагрэсіўных ініцыятываў, у прыватнасьці, не безь яго ўдзелу пабачыла сьвет дырэктыва № 4 аб лібэралізацыі. Яго часта можна было бачыць на мерапрыемствах, арганізаваных бізнэс-саюзамі. Ён ахвотна ішоў на дыялёг з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

У 2011-м годзе Тура прызначылі намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы яго на гэтую пасаду, заклікаў да пераменаў, адзначыўшы, што эканамічны блёк у Адміністрацыі прэзыдэнта павінен не дубляваць дзейнасьць ураду, а набыць палітычную афарбоўку. Гэтай пасадзе Тур пазбавіўся ў канцы 2013-га, пасьля прэзыдэнцкага разносу на «Барысаўдрэве».

Крытыку выклікала парада Андрэя Тура «жыць па сродках».

У апошнія гады Андрэй Тур быў загадчыкам катэдры ў БНТУ, нядаўна перанёс апэрацыю на сэрцы.

У Тура засталіся жонка і дачка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG