Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік прэзыдэнта па эканоміцы Кірыл Руды прэзэнтаваў вядомую ўжо кнігу «Фінансавая дыета» ў перакладзе на ангельскую мову (відавочна, у разьліку прыцягнуць увагу замежных інвэстараў). У перакладзеным варыянце кніга памяняла назву. Цяпер гэта праца пра рэформу не дзяржаўных фінансаў, а дзяржаўнага капіталізму.

Функцыя і роля Кірыла Рудага ў беларускай палітычнай сыстэме даволі спэцыфічная. Навуковец, які стажыраваўся ў ЗША па праграме Фулбрайта, выглядае даволі экзатычна ў атачэньні «крепких хозяйственников». Беларускаму рэжыму ён патрэбен як прывабны твар у камунікацыі з заходняй супольнасьцю. Руды размаўляе з заходнікамі на зразумелай для іх мове ва ўсіх сэнсах, часта разважае пра рэформы. Нягледзячы на ўсе вокрыкі Лукашэнкі на адрас рэфарматараў, яму дазваляецца гаварыць больш, чым іншым чыноўнікам. Ва ўяўленьні заходніх партнэраў ён — памочнік прэзыдэнта па рэформах.

Як звычайна, у ягоным выступе падчас прэзэнтацыі кнігі было шмат правільных разважаньняў і добрых пажаданьняў. Ён лічыць, што Беларусь павінна пераходзіць ад дзяржаўнага капіталізму да капіталізму «з чалавечым тварам», дзе вялікая ўвага надаецца чалавечаму капіталу. Што ў эканамічнай палітыцы трэба прытрымлівацца «фінансавай дыеты», скараціць падтрымку дзяржпрадпрыемстваў зь дзяржбюджэту. Руды кажа, што прадпрыемствы павінны быць платнікамі падаткаў, а грамадзтва — атрымальнікам выгодаў, а пакуль сытуацыя часта адваротная, і прадпрыемствы атрымліваюць зь бюджэту больш, чым у яго ўносяць. Памочнік прэзыдэнта разважае, што законы трэба ня проста прымаць, але яшчэ і выконваць.

Кірыл Руды

Кірыл Руды

І галоўная выснова, дзеля чаго, уласна, і напісаная гэтая кніга ў ангельскім варыянце: эканоміцы краіны востра патрэбныя замежныя інвэстыцыі. «Разьвіцьцё інвэстыцыйнай палітыкі — адзін з наступных крокаў беларускай эканомікі», — лічыць аўтар.

Ідэя ня новая, яе на розныя лады выказваюць і іншыя высокія чыноўнікі. Вось і старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч у інтэрвію на канале «Беларусь 1» у нядзелю зазначыў, што існуе востры дэфіцыт інвэстыцыяў. «Бюджэт ня можа сабе дазволіць. Прыбытку ў дзейных прадпрыемстваў няма. Крэдыты бедныя і дарагія. Паводле разьлікаў ураду, дэфіцыт абаротных сродкаў ацэньваецца ў 8,4 млрд даляраў», — растлумачыў Мясьніковіч.

Але гэтыя доўгачаканыя грошы ніяк не ідуць у беларускую эканоміку. За першы квартал інвэстыцыі ў асноўны капітал зьнізіліся на 26,3% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Нават калі ствараецца афшор, як у беларуска-кітайскім парку «Вялікі камень», гэта ніяк не дапамагае. Вось Стас Івашкевіч у сваім дасьледаваньні паказвае, што, насуперак аптымістычным заявам чыноўнікаў, рэальна ў гэтым парку рэалізуецца толькі адзін праект будоўлі лягістычнага цэнтру. І ўсё!

Больш за тое, з краіны ўцякае ўласны капітал. Галоўнае абвінавачваньне на адрас буйных бізнэсоўцаў, якіх затрымаў КДБ (Чыж, Баскін, Мураўёў і інш.) — гэта вывад грошай за мяжу. Мусіць, гэта рабілася і раней, але цяпер працэс набыў шырокі і масавы характар. То бок, па меры разьвіцьця крызісу трымаць капіталы ў Беларусі стала небясьпечным. Бізнэс пусьціўся з краіны наўцёкі. А разам з грашыма спрабуюць уцякаць і самі «алігархі», іх затрымліваюць на дарогах і ў аэрапортах.

Усе развагі і добрыя пажаданьні Кірыла Рудага (як і Міхаіла Мясьніковіча) упіраюцца ў адну праблему, якую ён ці то не разумее, ці ня можа публічна агучыць.

Інвэстыцыі ідуць у краіну, якая разьвіваецца і ў якой існуе спрыяльны бізнэс-клімат. Ні таго, ні другога ў Беларусі не існуе.

Бо калі, як сьведчыць Руды, прадпрыемствы атрымліваюць зь бюджэту больш, чым у яго ўносяць, то такая эканоміка — банкрут. У рамках дзейнай беларускай сацыяльнай мадэлі вырашыць згаданыя праблемы немагчыма. Вось пра гэтую самую галоўную перашкоду чыноўнікі ня кажуць.

Капіталізм з чалавечым тварам, такі, дзе вялікая ўвага надаецца чалавечаму капіталу, у Беларусі немагчымы паводле азначэньня. Патэрналісцкая дзяржава з таталітарнымі інтэнцыямі, у якой галоўнае прызначэньне бізнэсу палягае ў тым, каб абслугоўваць дзяржаўны сэктар, а функцыя сыстэмы адукацыі — найперш забясьпечыць палітычную ляяльнасьць, апрыёры варожая творчасьці. Для разьвіцьця чалавечага капіталу патрэбна эканамічная і палітычная свабода, адмова ад ручнога кіраваньня гаспадаркай. Патрэбныя сурʼёзныя дыскусіі пра лёс краіны, а не палітычнае шоў у выглядзе Ўсебеларускага народнага сходу.

Вось Руды заклікае выконваць законы. Але ж вядома, што аўтарытарны рэжым і прававая дзяржава — рэчы несумяшчальныя. Бо незалежны суд разбурыць адну зь ягоных галоўных падвалінаў. Справа ня толькі ў тым, што Лукашэнка 22 гады вытоптваў і нішчыў усе «стрымліваньні і процівагі» аднаасобнай уладзе, каб правіць, не зважаючы ні на якія законы, правілы і нормы. Проста калі прыватная фірма пачне выйграваць у судзе пазовы да дзяржаўных структур (напрыклад, падатковай інспэкцыі) — гэта канец патэрналісцкай дзяржавы і беларускай мадэлі. І канец дзейнага рэжыму. Бо калі суды пачнуць апраўдваць апазыцыянэраў за вулічныя акцыі, то зьнікне страх.

Беларуская сацыяльная мадэль рэфармаваньню не паддаецца. І гэта яе галоўная характарыстыка.Таму ў беларускіх умовах пасада памочніка прэзыдэнта па рэформах — гэта як пасада намесьніка цара па рэвалюцыі. Нават калі гэта рэвалюцыя зьверху. Адзінае, што застаецца, гэта пісаць кнігі з добрымі пажаданьнямі. Можа хоць студэнты прачытаюць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG