Старшыня Савету рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заклікаў Усясьветны банк падтрымаць беларускую пазыцыю ў дыялёгу зь Міжнародным валютным фондам. Ён назваў важнай тут ролю Ўсясьветнага банку.
«Мы будзем вам вельмі ўдзячныя, калі вы падтрымаеце беларускую пазыцыю ў гэтым дыялёгу», — сказаў Мясьніковіч на сустрэчы ў Менску зь віцэ-прэзыдэнтам рэгіёну Эўропы і Цэнтральнай Азіі Ўсясьветнага банку Сырылам Мюлерам.
Мясьніковіч адзначыў, што менавіта ён у 1992 годзе падпісаў дакумэнты пра ўступленьне краіны ў Групу Ўсясьветнага банку.
«Я манітору сытуацыю і бачу, што мы ўвесь час прырастаем новымі праектамі», — цытуе БелТА Мясьніковіча.
Раней міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын сказаў журналістам, што падчас чарговай місіі МВФ беларускі бок будзе ініцыяваць абмеркаваньне пытаньня пра новую праграму.
Ён сказаў, што МВФ і Беларусь прыходзяць да ўсё большага паразуменьня.