Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп празь некалькі гадзін пасьля інаўгурацыі падпісаў указ пра адмену некаторых палажэньняў так званай Obamacare — рэформы аховы здароўя, праведзенай папярэднім кіраўніком Белага дому Баракам Абамам. Ён даручыў фэдэральным ведамствам ігнараваць палажэньні Obamacare, датычныя падатковых патрабаваньняў і штрафаў.
Прынятая Абамам у 2010 годзе рэформа мэдыцынскага страхаваньня дае субсыдыі маламаёмным на мэдычную дапамогу. Большасьць уладальнікаў новай страхоўкі атрымліваюць датацыі ад дзяржавы. Крытыкі рэформы называюць яе занадта дарагой: празь яе падаткі для некаторых катэгорый грамадзян былі значна павышаны.
У перадвыбарнай кампаніі Трамп выступаў супраць Obamacare і неаднаразова абяцаў адмяніць рэформу. Ініцыятыву Абамы таксама крытыкавала рэспубліканская большасьць у Кангрэсе. 11 студзеня 2017 году Сэнат ЗША прагаласаваў за адмену рэформы.
Інаўгурацыя Дональда Трампа прайшла 20 студзеня. У прамове Трамп назваў інтарэсы Амэрыкі сваім галоўным прыярытэтам і паабяцаў вярнуць амэрыканцам працоўныя месцы і ўмацаваць межы. Адначасова ў Вашынгтоне праходзілі акцыі пратэсту.