Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія ўлады ставяць помнік расейскаму губэрнатару


Помнік губэрнатару Аляксандру Дамбавецкаму, які кіраваў Магілёўшчынай у другой палове 19 стагодзьдзя і якога прызначыў на гэтую пасаду расейскі імпэратар Аляксандар III, зьбіраюцца паставіць у Магілёве. З ініцыятывай ушанаваць памяць Дамбавецкага днямі выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі на сэсіі аблсавету.

Паводле кіраўніка рэгіёну, Аляксандар Дамбавецкі — калясальная фігура, якая ўражвае сваім маштабам і памяць пра якога павінна быць ушанаваная. Плянуецца, што помнік паставяць альбо на замчышчы, на якім некалі на загад Дамбавецкага разьбілі сад, альбо на найстарэйшай у Магілёве плошчы, якая цяпер называецца плошчай Славы.

Зборам сродкаў будуць займацца дэпутаты.

Гісторык, сябра Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк на пытаньне, ці заслугоўвае Дамбавецкі помніка, адказвае адназначна:

«Як можна быць супраць такой ініцыятывы, калі гэта ўзорна-паказальны губэрнатар? Ён тутэйшы, свой. Ён беларус. Чалавек, які зрабіў бездакорную паслужную кар’еру. Выцягнуў Магілёўскую губэрню з адстаючых, якой яна заўсёды была. Гэта чалавек, які зрабіў навуковы подзьвіг. Пад ягоным патранатам мясцовая інтэлектуальная эліта прадэманстравала, што Магілёў паводле сваёй інтэлектуальнай насычанасьці нароўні можа барукацца з цэнтрамі тагачаснай эўрапейскай часткі Расеі».

Гісторык адзначае, што дзякуючы руплівасьці Дамбавецкага сьвет пабачыла ўнікальная трохтомная навуковая праца «Вопыт апісаньня Магілёўскай губэрні». Такіх выданьняў, адзначае Ігар Марзалюк, у ніводнай з расейскіх губэрняў не было:

«Такога выданьня ня мелі ні Пецярбург, ні Масква. Гэта самая поўная энцыкляпэдыя магілёўскага жыцьця 19 стагодзьдзя. Гэта ўвесь беларускі фальклёр. Дзякуючы гэтым тэкстам мы можам ведаць, на якой жывой мове гаварылі ў Магілёве — атрымліваецца, што па-беларуску. Там канфэсійная структура, дэталёвыя мапы. Губэрнатар патраціў грошы на вечнае — на культуру, на эканоміку, і паставіў сабе помнік на ўсё жыцьцё».

У Магілёве на невялікіх шыльдах адзначаны расейскія каранаваныя асобы. Пасьля інкарпарацыі Магілёва ў склад Расеі магілёўцы паднесьлі імпэратрыцы сымбалічны ключ ад гораду

У Магілёве на невялікіх шыльдах адзначаны расейскія каранаваныя асобы. Пасьля інкарпарацыі Магілёва ў склад Расеі магілёўцы паднесьлі імпэратрыцы сымбалічны ключ ад гораду

«Што трэба напісаць на помніку, каб было ляканічна і зразумела, што Дамбавецкі — наш, свой?» — запыталася ў гісторыка-дэпутата Радыё Свабода.

«Жыцьцё кароткае, бацькаўшчына вечная», — адказвае Ігар Марзалюк.

Магілёўскі палітык, фронтавец Зьміцер Салаўёў не адмаўляе заслугаў Аляксандра Дамбавецкага, аднак лічыць, што час, каб ставіць яму помнік і рабіць пра яго заявы, абраны правакацыйна ня той:

«Дужа неадназначная можа быць рэакцыя насельніцтва, і гэта выкліча дадатковае напружаньне ў грамадзтве ў сьвятле падзеяў ва Ўкраіне, — выказваецца палітык. — Гэта ўсё робіцца ня ў час. Давайце спачатку пачнём сваіх ушаноўваць, а потым ужо тых, хто тут нешта рабіў у якасьці нечых стаўленікаў. Падобнае заўчасна».

Калі глядзець на шыльды вуліц, то складаецца ўражаньне, што беларуская мова — гэта ўжо гісторыя

Калі глядзець на шыльды вуліц, то складаецца ўражаньне, што беларуская мова — гэта ўжо гісторыя

Пра ўшанаваньне памяці Дамбавецкага гавораць у Магілёве не ўпершыню. У 2012 годзе казалі пра ўсталяваньне ягонага бюста. Тады ж разглядалася пытаньне і пра помнік першаму кіраўніку беларускага савецкага ўраду Цішку Гартнаму, які таямніча загінуў у магілёўскай псыхіятрычнай лякарні. Яму помніка няма, і гаворкі пра яго таксама.

На гэтай шыльдзе — гаворка пра Мікалая II

На гэтай шыльдзе — гаворка пра Мікалая II

Зьбіраліся ў Магілёве ўшаноўваць і памяць апошняга расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Плянавалі паставіць бюст, аднак ад задумы тады адмовіліся — празь неадназначнае, як заяўлялі чыноўнікі, стаўленьне магілёўцаў да асобы расейскага самадзержца.

На замчышчы збудавалі царкву, асноўнае месца ў якой адведзена забітаму бальшавікамі Мікалаю II і ягонай сям’і. Сам Мікалай II залічаны да сьвятых

На замчышчы збудавалі царкву, асноўнае месца ў якой адведзена забітаму бальшавікамі Мікалаю II і ягонай сям’і. Сам Мікалай II залічаны да сьвятых

Сярод тых хто пратэставаў, быў сацыял-дэмакрат, грамадовец Ігар Барысаў. Актывіст зазначае, што Дамбавецкі — не такі адыёзны гістарычны пэрсанаж, як Мікалай ІІ, і варты ўшанаваньня. Аднак пасьля таго, як у Магілёве зьявяцца помнікі нацыянальным дзеячам:

«Летась было сто год Аркадзю Куляшову — помніка яму няма. Сёлета будзе 95 год паэту Пысіну — гутаркі пра помнік няма. Атрымліваецца, што Магілёў становіцца савецка-расейскі, дзе няма нічога беларускага. Калі б у горадзе было пяць, дзесяць помнікаў беларускім дзеячам, то на гэтым фоне помнік Дамбавецкаму выглядаў бы нармальна», — лічыць Ігар Барысаў.

Ёсьць у Магілёве і такая мова

Ёсьць у Магілёве і такая мова

Мінакі на гарадзкіх вуліцах у бальшыні сваёй упершыню ад журналіста даведваліся пра Аляксандра Дамбавецкага. Даводзілася доўга тлумачыць, хто ён. Стаўленьне да ўшанаваньня ягонай памяці было неадназначнае. Характэрныя меркаваньні:

«Калі раней такой знакавай асобе не паставілі помнік, то навошта яму ставіць цяпер?» — выказалася спадарыня сталага веку.

Ёсьць і рэдкія згадкі пра іншых каранаваных асобаў. Шыльда на будынку гарвыканкаму

Ёсьць і рэдкія згадкі пра іншых каранаваных асобаў. Шыльда на будынку гарвыканкаму

Маладзейшы магілёвец, які таксама ня ведае, хто такі Дамбавецкі, акрэсьліў сваю пазыцыю гэтак: «Калі б я яго ведаў, то ставіць можна было б, але так — навошта? Хаця ў прынцыпе, калі паставяць, людзям будзе цікава, і яны тады, можа, пачнуць гісторыю вывучаць. Я паставіў бы цару Мікалаю. Тут жа стаўка была. А так няхай урад вырашае, каму што ставіць. Могуць паставіць замест Леніна — самі ведаеце каму».

Адзін з рэдкіх знакаў беларушчыне — памятны знак друкару і асьветніку Сьпірыдону

Адзін з рэдкіх знакаў беларушчыне — памятны знак друкару і асьветніку Сьпірыдону

Некаторыя мінакі заўважалі, што ў Магілёве бракуе беларускага. Беларушчына, паводле такіх меркаваньняў, схаваная ў музэях. Цяперашняе аблічча гораду, зазначалі некаторыя, адназначна ня кажа, што Магілёў беларускі. Адно з такіх выказваньняў:

«Беларускага наагул цяжка адшукаць. Сымболікі нацыянальнай замала. Беларускай мовы дужа мала. Вы ж паглядзіце навокал, і вам стане ўсё зразумела. Тут некалі зьбіраліся паставіць помнік Міколу Гусоўскаму, але так і засталося ў плянах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG