Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўскладаньне кветак да помніка Каліноўскаму ў Сьвіслачы судзяць, а да помніка Сталіну — не


Помнік Сталіну ў Сьвіслачы

Помнік Сталіну ў Сьвіслачы

У горадзе Сьвіслач на Гарадзеншчыне — адзіны ў Беларусі помнік Сталіну. На камуністычныя сьвяты нехта ўскладае да яго кветкі, і з боку ўладаў — ніякай рэакцыі. А вось калі ўшаноўваюць памяць паўстанцаў 1863 году і ўскладаюць кветкі да адзінага помніка нацыянальнаму герою Беларусі — Кастусю Каліноўскаму, — за гэта судзяць, матывуючы тым, што парушана заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Горад Сьвіслач — практычна за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай, на ўскрайку Белавескае пушчы. І тут, у гэтым невялікім раённым цэнтры, у 2000 годзе ўсталявалі помнік Сталіну. Тагачасны старшыня райвыканкаму Анатоль Кузьма рабіў у гарадку рэканструкцыю і вырашыў, што на «Алеі герояў» павінен быць помнік Сталіну. Ягоную ініцыятыву падтрымалі 22 дэпутаты раённага Савету з 24.

На «Алеі герояў» яшчэ з 30-х гадоў стаіць помнік Рамуальду Траўгуту, аднаму з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году. Тут жа і помнік савецкім жаўнерам, якія вызвалялі Сьвіслач у час Другой сусьветнай вайны. Пазьней дадалі помнік Сталіну і жаўнерам Сьвіслаччыны, якія загінулі на аўганскай вайне.

Мясцовы краязнаўца Аляксандар Палубінскі прапаноўваў дадаць да гэтае кампаніі і бюст Пілсудскаму, які за «польскім часам», у 30-я гады, стаяў у адным з адміністратыўных будынкаў Сьвіслачы. Аргумэнтавалася гэта тым, што Пілсудскі асабіста наведваў Сьвіслач. Але прапанова неяк згубілася, бо сьляды бюста зьніклі, і болей не гучала.

Цікава, што помнік Сталіну ва ўвесь рост, які быў усталяваны ў Сьвіслачы ў 1939 годзе, пасьля ХХ зьезду партыі мясцовыя людзі недзе закапалі, і цяпер ніхто ня ведае, дзе ён. А ў Сьвіслачы ў 2000 годзе пад кіраўніцтвам Кузьмы ўсталявалі бюст Сталіна. Знайшлі яго ў хляве ў вёсцы Вердамічы, дзе ён «захоўваўся» таксама з часоў ХХ зьезду. А ў Вердамічах ён прапісаўся з прычыны таго, што ў пасьляваенныя гады тамтэйшы калгас насіў імя Сталіна.

Жыхар Сьвіслачы Юры Глебік кажа, што мясцовыя жыхары цяпер наагул не зьвяртаюць увагі ні на якія помнікі на «Алеі герояў». Нават піянэраў ніколі не відаць. Толькі на камуністычныя сьвяты нехта ўскладвае кветкі да помніка Сталіну, але ня болей. Затое «Алея герояў» прыцягвае ўвагу турыстаў, якія прыяжджаюць у Сьвіслач і зь цікаўнасьцю там фатаграфуюцца.

Зрэшты, і да Каліноўскага, акрамя мясцовых актывістаў, ніхто ніколі кветачкі не занясе і зьніча не запаліць

«Там толькі камуністы, можа, раз на год нешта занясуць — нейкі вянок альбо кветкі. Але так, каб туды нехта ішоў ці стаялі плакалі альбо скакалі каля яго, — такога няма. Людзі абыякавыя да ўсяго, жывуць іншымі праблемамі. Зрэшты, і да Каліноўскага, акрамя мясцовых актывістаў, ніхто ніколі кветачкі не занясе і зьніча не запаліць. Толькі мы ходзім на сьвяты, вось 25 сакавіка, ці на іншыя памятныя даты — нясем кветкі, зьнічы запальваем».

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які штогод бывае ў Сьвіслачы на ўшанаваньні паўстанцаў Каліноўскага, кажа, што цяперашнія ўлады зрабілі крок назад нават у параўнаньні з савецкімі часамі, бо паўстанцы 1863 году былі прызнаныя савецкімі ўладамі і помнік Каліноўскаму быў усталяваны менавіта ў савецкі час. А Сталін, паводле яго, зьявіўся ў часы Лукашэнкі, калі ў краіне пачалося адраджэньне сталінскай ідэалёгіі.

І асабліва цяпер, паводле Хільмановіча, на прыкладзе Сьвіслачы яскрава відаць — каго можна ўшаноўваць, а каго нельга:

«Штогод удзельнікі ўшанаваньня паўстанцаў перасьледуюцца. На апошнім фэсьце было аштрафавана аж 15 чалавек, амаль палова прысутных. Ну, а да Сталіна прыносяць кветкі ў дзяржаўныя сьвяты, відаць, прадстаўнікі ўлады. Адкрыта гэта не афішуецца, але фактычна сёньняшняя ўлада бярэ арыенцір на такіх гістарычных тыранаў і злодзеяў, як Сталін. Ніхто зь іх не падае ніякіх заявак, але ніхто іх не чапае і ня судзіць. Так яны надалей ушаноўваюць антыбеларускіх дзеячаў, якія столькі зрабілі для зьнішчэньня беларускасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG