Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра візыт Лаўрова: Магчымы другі тур «выкручваньня рук» з-за расейскай авіябазы ў Беларусі


Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей

Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у межах візыту ў Беларусь спачатку правёў перамовы з Уладзімерам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле БелТА, Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў зь Сяргеем Лаўровым пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва і інтэграцыі, у тым ліку «некаторыя пытаньні, праблемы, якія, магчыма, узьнікаюць у адносінах паміж дзьвюма дзяржавамі». Якія тэмы размовы пра ўзаемныя адносіны суразмоўцы палічылі праблемнымі, афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Таксама Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў зь Сяргеем Лаўровым міжнародныя пытаньні, уключна з сытуацыяй ва Ўкраіне і Сырыі. Цікаўнасьць да думкі Сяргея Лаўрова кіраўнік Беларусі патлумачыў наступным чынам:

«Каб вы, магчыма, нават увялі мяне ў курс справы па некаторых падзеях апошняга часу, каб мы ведалі, як каардынаваць і карэктаваць сваю пазыцыю па тых ці іншых пытаньнях», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Сярод іншых тэмаў міністры замежных спраў Беларусі і Расеі Ўладзімер Макей і Сяргей Лаўроў абмеркавалі праблему набліжэньня НАТО да межаў Беларусі. Сяргей Лаўроў сказаў, што Расея падзяляе заклапочанасьць тым, што «нашы калегі з краін НАТО спрабуюць павялічваць канфрантацыю ў ваеннай сфэры, прасоўваючы вайсковую інфраструктуру на ўсход, бліжэй да нашых межаў».

«Мы выступаем за тое, каб у Эўропе абмяркоўваліся і выконваліся прынцыпы роўнай бясьпекі для ўсіх», — цытуе БелаПАН расейскага міністра Лаўрова. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей падчас размовы пра дзеяньні НАТО ў Эўропе выказаўся пра «непрымальнасьць такіх падыходаў».

«Цяпер нашы заходнія партнэры вядуць гаворку пра нейкія дадатковыя разьмяшчэньні воінскіх кантынгентаў у шэрагу краін, якія ёсьць нашымі суседзямі. Мы гэта разглядаем як патэнцыйны выклік у межах нашай Саюзнай дзяржавы», — сказаў Уладзімер Макей і паведаміў, што бакі дамовіліся пра «адэкватныя захады рэагаваньня».

Якія гэта могуць быць захады?

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі не выключае, што гаворка можа зноў ісьці пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай авіябазы.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Баюся, што агульнымі фразамі пра занепакоенасьць не абыдзецца і што гэта сапраўды нясе пагрозу Беларусі, бо чарговы раз наша краіна можа стаць закладніцай вялікіх сусьветных гульцоў.

Бо сапраўды ЗША апошнім часам зрабілі два крокі, якія вельмі раздражняюць Маскву. Яны ўвялі ў дзеяньне базу супрацьракетнай абароны ў Румыніі і пачалі будаўніцтва падобнага аб’екта ў Польшчы.

А Масква даўно папярэджвала, што без увагі гэта не пакіне. І традыцыйна ў кантэксьце гэтага супрацьстаяньня разглядаецца беларускі пляцдарм.

Некаторыя аглядальнікі выказалі вэрсію, што Масква нават можа высунуць сюды ядзерную зброю ў выглядзе ракет сярэдняй дальнасьці. Мяркую, гэта пакуль што малаімаверна з шэрагу прычын, у тым ліку юрыдычных і стратэгічных. Але, прыкладам, расейскія вайсковыя часткі з „Іскандэрамі“ могуць у Беларусі зьявіцца. І гэта будзе ня меней непрыемна, чым разьмяшчэньне тут расейскай авіябазы, ад якой нібыта ўдалося адбіцца.

Дарэчы, і наконт авіябазы можа быць другі тур „выкручваньня рук“ беларускаму партнэру. І гэта кепска, бо цяпер ідзе ня проста рыторыка пра агульную зьнешнюю палітыку, а ўцягваньне Беларусі ў імпэрыялістычную арбіту Масквы, у новы віток «халоднай вайны».

Якія праблемныя пытаньні абмяркоўвалі падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі назваў дзьве тэмы ўзаемаадносін, адзначаныя супярэчнасьцямі:

«Увогуле ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць такі штамп, што нібыта ў нас увогуле няма закрытых пытаньняў. Гэта ён і сёньня паўтарыў падчас размовы з Лаўровым, што выклікае іранічную ўсьмешку.

Бо насамрэч афіцыйныя справаздачы і пра сустрэчу афіцыйнага лідэра Беларусі з кіраўніком расейскага МЗС, і пра сустрэчу Макея з Лаўровым вельмі туманныя, насычаныя агульнымі фразамі і шаблённымі фармулёўкамі.

Мяркую, гэта якраз мае на мэце замаскаваць наяўнасьць сурʼёзных супярэчнасьцяў. Яны тычацца і эканамічнай сфэры, але, мяркую, гэта не кампэтэнцыя Лаўрова, прыкладам, што да раскатаў газавай вайны. Калі нават Мядзьведзеў ня стаў публічна гэтае пытаньне камэнтаваць падчас нядаўняга прыезду на Магілёўшчыну, дык Лаўроў тым больш не палезе ў гэтым разьбірацца, лезьці ў тую газавую формулу.

Мяркую, найперш кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Расеі паспрабуе зблізіць пазыцыі Масквы і Менску ў зьнешнепалітычных пытаньнях. Мы бачым, што хоць і дэкляруецца супадзеньне ці блізкасьць падыходаў, насамрэч ва ўкраінскім пытаньні да апошняга часу Менск усё ж імкнуўся ад Масквы дыстанцыявацца, дэманстраваць пэўную незалежнасьць. Менавіта за гэта ён ужо атрымаў пэўную ўзнагароду ад Захаду, у прыватнасьці, зьняцьце санкцыяў і ляўры міратворца. І гэтымі рэчамі Лукашэнка ахвяраваць, мяркую, ня будзе. А Маскве хочацца, каб Менск ішоў усё ж у фарватэры яе пазыцыі.

Лукашэнка і ў турэцкім пытаньні дэманстраваў, умоўна кажучы, пэўную незалежнасьць, нават трохі «троліў» Маскву, калі двойчы сустракаўся з турэцкім прэзыдэнтам Эрдаганам. І таму мяркую, што ўсё ж беларускае кіраўніцтва будзе спрабаваць высьлізгваць з гэтых занадта цесных абдымкаў Масквы, пры тым, што залежнасьць застаецца вялікая.

Патрэбныя датацыі, патрэбныя зьніжкі ў коштах на энэрганосьбіты. Але разам з тым інстынкт самазахаваньня падказвае беларускаму кіраўніцтву, што ад сёньняшняй гэткай агрэсіўнай Расеі, якая каляпсуе ў эканоміцы, трэба па магчымасьці ўсё ж такі трымацца воддаль, і трэба сапраўды напаўняць лёзунг пра шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі рэальным зьместам.

Гэта супярэчлівая задача для Лукашэнкі, бо па-сапраўднаму пайсьці ў Эўропу ён ня можа — і праз свае мэнтальныя комплексы, і праз тое, што сама аўтарытарная мадэль улады гэтага не дазваляе. Таму беларускае кіраўніцтва і надалей будзе круціцца, як вуж на патэльні: Лаўрову казаць агульныя фразы, што мы цалкам салідарныя, але пакрысе, ціхай сапай, усё ж разьвіваць гэтую шматвэктарнасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG