Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пад назіраньнем: усплёск незаконнага адсочваньня зьвязалі з аблавамі на крымскіх татараў


Праваабаронцы расейскай групы «Агора» падрыхтавалі даклад пра незаконнае адсочваньне Расеяй сваіх грамадзянаў з 2007 году па цяперашні час.

Кіраўнік расейскай праваабарончай групы «Агора» Павал Чыкоў і прававы аналітык групы Дамір Гайнутдынаў падрыхтавалі даклад «Расея пад назіраньнем» пра палітычна матываванае (і незаконнае) адсочваньне расейцаў расейскімі спэцслужбамі. Meduza сьцісла распавядае пра даклад і прапануе яго поўны тэкст (PDF).

У дакладзе апісваецца ня масавае, а асабістае адсочваньне канкрэтных асобаў, не зьвязанае з расьсьледаваньнямі злачынстваў. Такіх выпадкаў, як кантроль за перасоўваньнем, праслухоўваньне размоваў ці ўзлом электроннай перапіскі, за некаторыя гады набіраецца разам два дзясяткі, у 2008–2010 гады такія выпадкі амаль не фіксаваліся.

Рэкордным у дакладзе стаў 2014 год, калі са 177 выпадкаў адсочваньня 163 склалі выпадкі збору біямэтрычных зьвестак. Гэты ўсплёск аўтары тлумачаць масавымі аблавамі на крымскіх татараў пасьля далучэньня Крыму да Расеі: у затрыманых прымусова бралі адбіткі пальцаў і ўзоры ДНК.

Як згадваецца ў дакладзе, Міністэрства ўнутраных спраў Расеі вядзе базу зьвестак патэнцыйных экстрэмістаў «Вартавы кантроль», у якую ўносіць зьвесткі ня толькі пра ўльтраправыя ці нацыстоўскія арганізацыі, але і пра палітычных і грамадзянскіх актывістаў. У гэтай базе, па розных ацэнках, каля 6,5 тысячы прозьвішчаў.

Аўтары прыходзяць да высновы: у Расеі прыватнае жыцьцё грамадзянскіх і палітычных актывістаў цалкам неабароненае. А прадстаўнікі ўлады, якія займаюцца адсочваньнем ці ўзломам пошты, застаюцца непакаранымі.

XS
SM
MD
LG