Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Трамп ня ведае, хто такі Лукашэнка, то яму патлумачаць». Лагвінец і Класкоўскі пра перамогу Трампа


Экспэрты ў інтэрвію Свабодзе камэнтуюць вынікі амэрыканскіх выбараў.

Лагвінец: Рэвалюцыйных зьменаў у Злучаных Штатах ня будзе

Палітоляг Алесь Лагвінец канстатуе, што амэрыканская дэмакратыя «зрабіла магчымай перамогу кандыдата, які ішоў на выбары сам па сабе, якога напачатку мала хто ўспрымаў усурʼёз». Алё ён дамогся падтрымкі Рэспубліканскай партыі і падтрымкі часткі палітычнага істэблішмэнту, кажа экспэрт.

«Самае важнае, што Трампа падтрымалі простыя амэрыканцы, бо для іх ён чалавек з па-за абрыдлага палітычнага істэблішмэнту, кандыдат, які гаворыць іхняй мовай і пра рэчы, якія для іх важныя. Гэта кандыдат, які зрабіў сябе і зарабіў сам — а гэта цэняць у Амэрыцы. Трамп вельмі добра адчуў, чаго хочуць простыя людзі, ён паабяцаў зрабіць Амэрыку зноўку вялікай. Ягоная перамога — гэта доказ наяўнасьці дэмакратычнай палітыкі, дзе голас кожнага звычайнага выбарца мае значэньне, дзе ідзе барацьба за давер выбарцаў і розумы людзей. Усе казалі пра тое, што, хутчэй за ўсё, на 90%, пераможа Гілары Клінтан. Але гэтая нечаканасьць на выбарчых участках, гэты цуд, які адбыўся, дэманструе, што ў дэмакратычных палітычных рэжымах людзі маюць магчымасьць уплываць на тое, хто будзе імі кіраваць», — кажа ён.

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Між тым, лічыць Лагвінец, абраньне Трампа прэзыдэнтам не азначае, што цяпер ЗША будуць зусім іншай краінай.

«Амэрыка — гэта дэмакратычная краіна, канстытуцыйная сыстэма ЗША прадугледжвае стрымліваньні і супрацьвагі. Відавочна, стыль Трампа такі, што ён будзе ставіць пад пытаньне пэўныя рэчы, якія даўно ўсталяваліся ў амэрыканскай дэмакратыі. Але, тым ня менш, я думаю, што рэвалюцыйных зьменаў у Злучаных Штатах ня будзе. Трамп, дамогшыся свайго, будзе імкнуцца быць прэзыдэнтам усіх амэрыканцаў. Пабачым, што будзе праз чатыры гады, наколькі Трамп здолее ўтрымацца на пасадзе прэзыдэнта на другі тэрмін. Цяпер у яго досыць спрыяльная сытуацыя, ён мае большасьць у Кангрэсе — гэта адрозьнівае сытуацыю, напрыклад, ад другога тэрміну Абамы, які ўжо ня меў большасьці», — сказаў палітоляг.

Класкоўскі: Сёньня залаты век для папулістаў

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі бачыць у перамозе Дональда Трампа сьведчаньне трыюмфу папулізму, што можна назіраць па ўсім сьвеце.

«Перамога Трампа — гэта ў значнай ступені трыюмф папулізму, — кажа экспэрт. — Сёньня мы гэтую хвалю назіраем ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў краінах сталай дэмакратыі. Тэхнічны і навуковы прагрэс, прагрэс у сэнсе дэвайсаў, на жаль, не суправаджаецца такім жа прагрэсам у мысьленьні чалавека. Наадварот, сучаснае камунікацыйнае асяродзьдзе стала больш хаатычным. Гэтыя плыні інфармацыі часта зьбіваюць з панталыку абывацеля, найболей крыклівыя заявы бʼюць па масавай сьвядомасьці, і ў пэўнай ступені гэта такі залаты век для папулістаў. Таму, калі, напрыклад, праецыраваць гэтую нечаканую перамогу Трампа на беларускія рэаліі, то я раблю высновы, што шлях Беларусі да нейкіх дэмакратычных каштоўнасьцяў, да ўсталяваньня дэмакратычнай сыстэмы будзе доўгі, пакручасты і, магчыма, з адкатамі. Таму што любая ломка старога ладу — гэта новае выпрабаваньне, гэта амаль заўсёды зьніжэньне ўзроўню жыцьця. Таму, нават калі ўявіць сытуацыю, што ў Беларусі пачынаюцца рэформы, то будзе існаваць магчымасьць адкату, рэваншу нейкіх такіх папулісцкіх сіл».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі мяркуе, што рэвалюцыйных зьменаў у ЗША не адбудзецца, нягледзячы на перамогу Трампа.

«Момант непрадказальнасьці цяпер, натуральна, узрастае. Калі б перамагла Клінтан, яна б, хутчэй за ўсё, ішла ў рэчышчы палітыкі Абамы, можа зь нейкімі нюансамі. Трамп відавочна схільны да экспромтаў, неспрактыкаваны. Але будуць два чыньнікі працаваць на тое, каб нейкіх вялікіх узрушэньняў у сусьветным маштабе не было ў Штатах. Па-першае, сам Трамп, апынуўшыся ў Белым доме, будзе мысьліць інакш — ён хай сабе і папуліст, але як пасьпяховы бізнэсовец мысьліць рацыянальна і пастараецца не наламаць дроў і мець нейкі плян, які будзе даваць яму дывідэнды. Ён будзе кансультавацца з дарадцамі, і калі сёньня, умоўна кажучы, ён можа ня ведаць, дзе знаходзіцца Беларусь і хто такі Лукашэнка, то калі дойдзе час да беларускага пытаньня, яму гэта ўсё раскладуць па палічках. Якраз кампэтэнтнасьць каманды будзе шмат вырашаць. Па-другое, сама палітычная сыстэма ЗША будзе страхаваць ад непрадказальных дзеяньняў. Таму нейкія нечаканасьці магчымыя, але, найхутчэй, радыкальна палітыка Штатаў ня зьменіцца ўвогуле і ў беларускім пытаньні ў прыватнасьці», — кажа аналітык.

Класкоўскі лічыць, што паляпшэньне дачыненьняў Менску і Вашынгтону «на 99% будзе залежаць ад паводзінаў беларускага боку»:

«Натуральна, ня варта чакаць, што беларускі рэжым перакуецца і пойдзе па шляху значных дэмакратычных пераўтварэньняў. Але пэўныя саступкі беларускае кіраўніцтва будзе рабіць, хоць бы дзеля таго, каб атрымаць крэдыт МВФ і большую прастору для геапалітычнага манэўру».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG