Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная рэакцыя на выбар Трампа. Расея гатовая аднавіць адносіны з ЗША


У рэакцыі на перамогу Доналда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра жаданьне Крамля аднавіць поўнафарматныя адносіны з Вашынгтонам.

«Мы чулі перадвыбарныя заявы яшчэ кандыдата ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў [Доналда Трампа], якія былі накіраваныя на аднаўленьне адносін між Расеяй і Злучанымі Штатамі. Мы разумеем і ўсьведамляем, што гэта будзе няпросты шлях з улікам той дэградацыі, у якой на жаль знаходзяцца адносіны між ЗША і Расеяй. І гэта, як я ўжо казаў шмат разоў, ня наша віна, што расейска-амэрыканскія адносіны знаходзяцца ў менавіта такім стане. Але Расея гатовая і хоча аднаўленьня поўнафарматных адносін са Злучанымі Штатамі» — сказаў Пуцін, павіншаваўшы Доналда Трампа зь перамогай.

«Мы зыходзім з таго, што гэта будзе няпросты шлях, але мы гатовыя прайсьці і сваю частку і зрабіць усё, каб вярнуць расейска-амэрыканскія адносіны на ўстойлівую траекторыю разьвіцьця. Гэта пайшло б на карысьць як расейскаму, так і амэрыканскаму народам, і пазытыўна адбілася б на агульным клімаце ў сусьветных справах, улічваючы асаблівую адказнасьць Расеі і ЗША за падтрыманьне глябальнай стабільнасьці і бясьпекі» — дадаў расейскі лідэр.

У Брусэлі кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Фэрэрыка Магерыні заявіла, што Злучаныя Штаты і Эўразьвяз будуць працягваць працаваць разам.

«Сувязі ЭЗ-ЗША глыбейшыя, чым якая-колечы зьмена ў палітыцы. Мы працягнем працаваць разам, нанава адкрываючы для сябе сілу Эўропы» — Магерыні напісала ў Твітэры.

Генэральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг сказаў што «кіраўнічая роля ЗША сёньня так сама важная, як і раней... Моцнае НАТО добрае для Злучаных Штатаў, і добрае для Эўропы».

Міністар замежных справаў Францыі Айро заявіў, што Францыя застаецца саюзьнікам Злучаных Штатаў, дадаўшы пры тым, што Парыж пакуль што ня ведае, як будзе выглядаць новая палітыка Трампа.

У Нямеччыне міністар абароны Урсуля фон дэр Ляен прызнала, што вынік выбараў стаў «велізарным шокам», і запыталася, ці Pax Americana — мірнае суіснаваньне звышдзяржаваў, кіраванае ЗША з часоў Другой сусьветнай вайны — не апынулася пад пагрозай зрыву.

Тым часам канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што «партнэрства са Злучанымі Штатамі ёсьць і застаецца краевугольным каменем зьнешняй палітыкі Нямеччыны».

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што з выбарам Трампа пачынаецца «новая эра» для ЗША. «Я спадзяюся, што рашэньне амэрыканскага народу прывядзе да спрыяльныя крокі насустрач асноўных правоў і свабодаў, дэмакратыі і разьвіцьця ў нашым рэгіёне. Ад сябе асабіста і ад майго народу я хацеў бы ацаніць рашэньне амэрыканскага народа станоўча» — дадаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG