Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім, Ярмошына, Шаўцоў і Ўлаховіч — пра перамогу Трампа


Анісім: хацелася перамогі Гілары

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім прызналася Свабодзе, што спадзявалася на перамогу Клінтан у выбарах новага прэзыдэнта ЗША:

Алена Анісім

Алена Анісім

«Сказаць па праўдзе, мне хацелася, каб перамагла Гілары Клінтан. І справа тут ня ў так званай жаночай салідарнасьці. Мне здаецца, што яна была б больш прадказальным прэзыдэнтам. Таму для мяне вынікі выбараў сталі трошкі нечаканымі.

Але ж Амэрыка ёсьць Амэрыка. І хто б там ня стаў прэзыдэнтам, дэмакратыю у гэтай краіне не спыніш. І гэтыя выбары толькі пацьвердзілі вядомую аксіёму. Думаю, вялікіх зрухаў у замежнай палітыцы ЗША ня будзе. Безумоўна, нейкая карэкцыя адбудзецца, але ня болей за тое. Хутчэй можна спадзявацца на зьмены ўнутры Амэрыкі.

Мне хацелася б верыць, што зададзены вэктар узаемадзеяньняў паміж ЗША і Беларусьсю будзе вытрымлівацца. Магчыма, на гэтым шляху ня будзе паскарэньня, але сам кірунак застанецца тым жа. То бок гэта вэктар на зьбліжэньне пазыцыяў, на ўзаемную павагу».

Ярмошына: амэрыканскія выбары дэ-юрэ ўскосныя, дэ-факта — наўпроставыя

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына кажа, што вынік прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША таксама стаў для яе нечаканым:

Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

«Я чамусьці думала, што тут усё пойдзе паводле сцэнару паліткарэктнасьці. Пасьля афраамэрыканца прэзыдэнтам стане жанчына, а пасьля яе абавязкова — прадстаўнік нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. І тады будуць ахоплены ўсе слаі грамадзтва, на якія распаўсюджваецца ўплыў дэмакратаў.

Дэ-юрэ амэрыканскія выбары ўскосныя. Але дэ-факта практычна ўжо наўпроставыя. Чаму? Таму што калегіі электараў галасуюць менавіта так, як вызначылі выбарнікі кожнага штату. Нейкія эксцэсы на гэтай глебе, калі яны і былі, то вельмі ў абмежаванай колькасьці. І яны ніяк не паўплывалі на вынікі выбараў. Таму фармальна выбары не наўпроставыя, бо яны дзьвюхступенчатыя, як гэта вызначае Канстытуцыя ЗША. Аднак фактычна калегіі выконваюць волю шэраговых выбарнікаў. І таму з пэўным тлумачэньнем можна прызнаць іх наўпроставымі».

Шаўцоў: прыемна зьдзіўлены посьпехам Трампа

Дзьмітры Шаўцоў

Дзьмітры Шаўцоў

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Дзьмітры Шаўцоў кажа, што ён ня меў асаблівых сымпатыяў да аднаго ці другога кандыдата:

«Абсалютна аднолькавае было стаўленьне. Я не падзяляю погляды тых, хто заяўляў, што Трамп не палітык. Кандыдатам у прэзыдэнты ЗША немагчыма стаць чалавеку з вуліцы. На маю думку, абое — і Клінтан, і Трамп — выдатныя палітыкі. Прызнаюся, я не чакаў, што прадстаўнік рэспубліканцаў стане прэзыдэнтам ЗША. Але скажу так: ягоная перамога мяне прыемна зьдзівіла.

Спадзяюся, з прыходам Доналда Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША станоўчыя пасылы, якія апошнім часам ідуць з Менску ў Вашынгтон і з амэрыканскай сталіцы ў беларускую, паскорацца».

Улаховіч: Трамп і вабіць, і палохае

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікалай Улаховіч кажа, што ў яго дваякае стаўленьне да перамогі Доналда Трампа:

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч

«З аднаго боку, я спадзяюся, што дачыненьні Беларусі з ЗША менавіта пасьля зьяўленьня новага прэзыдэнта Амэрыкі палепшацца. Трамп казаў пра тое, што ЗША ня трэба ўмешвацца ў справы іншых краінаў, як гэта было, напрыклад, у Лібіі ці Іраку. Таму амэрыканцы ня будуць займацца ўнутранай палітыкай Беларусі. Больш за тое, я спадзяюся, што Трамп адменіць гэтыя дурныя санкцыі супраць Беларусі і некаторых іншых краінаў.

З другога боку, мяне насьцярожваюць заявы Трампа пра вяртаньне да вялікай магутнай Амэрыкі. Чуецца мне ў гэтым схільнасьць да вялікадзяржаўнага шавінізму. Баюся, каб неўзабаве не прагучала і тое, што Амэрыка вышэйшая за ўсіх іншых. А гэта вельмі небясьпечна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG