Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп перамог на выбарах у ЗША


Дональд Трамп

Дональд Трамп

Кандыдат на прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп перамог на выбарах у штаце Вісконсін і атрымаў больш за 270 патрэбных галасоў электараў, паведаміла агенцтва Associated Press. Бізнэсовец, які ніколі не займаў палітычных пасадаў, абраны 45-м прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.

Таксама чакаецца, што Рэспубліканская партыя захавае кантроль над абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША.

Тэлеканал CNN паведаміў, што кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан патэлефанавала Трампу і прызнала сваю паразу. У сваёй пераможнай прамове Трамп таксама сказаў пра гэта і паабяцаў прывесьці Злучаныя Штаты да эканамічнага росту і аднаўленьня. Ён таксама паабяцаў міжнароднай супольнасьці, што ЗША будуць справядліва паводзіцца з усімі краінамі і будуць шукаць узаемаразуменьня, а не канфлікту.

Агулам прамова Трампа была вытрыманая ў аб’яднаўчым тоне. «Я прысягаю ўсім грамадзянам, што я буду прэзыдэнтам для кожнага амэрыканца», — сказаў ён.

Сацыялягічныя апытаньні прадказвалі паразу Дональду Трампу, але ён перамог у гэтай гонцы. 70-гадовы рэспубліканец усё жыцьцё займаўся бізнэсам, а зараз пераяжджае ў Белы дом.

Трамп правёў перадвыбарчую кампанію пад лёзунгам «Вернем Амэрыцы былую веліч». Каб дасягнуць гэтага, ён паабяцаў выкарыстоўваць свой багаты вопыт у сфэры бізнэсу.

Трамп нарадзіўся ў вельмі багатай сям’і. Яго бацька Фрэд зрабіў капітал на рынку нью-ёрскай нерухомасьці. Доналд пайшоў па яго сьлядах: ён браў у бацькі шматмільённыя крэдыты на разьвіцьцё ўласных праектаў.

Цяпер, паводле Трампа, яго бізнэс-імпэрыя каштуе мільярды даляраў.

Адным з першых гучных праектаў стала будаўніцтва хмарачоса «Трамп-таўэр» на Манхэтане. Неўзабаве Трамп пачаў будаваць раскошныя гатэлі, казыно, і нават пляцоўкі для гольфа.

У кнігах «Мастацтва выжываньня» і «Мастацтва вяртаньня» ён сфармуляваў сваё дзелавое крэда: першы крок да посьпеху — ставіць перад сабой вялікія задачы:

«Я пісаў гэтую кнігу як падручнік па бізнэсе, але ў ёй шмат сказана пра мяне як пра чалавека, пра адносіны зь людзьмі. Кніга аб бізнэсе вучыць дамагацца посьпеху, пераадольваць цяжкасьці. Мне здаецца, менавіта гэта цікавіць людзей».

Кнігі Трампа сталі бэстсэлерамі і прынесьлі іх аўтару шырокую вядомасьць.

Жоўтая прэса падрабязна асьвятляла, як Трамп па чарзе пабраўся шлюбам з трыма мадэлямі: спачатку з Іванай Зелнічкавай, потым з Марлай Мэйплз і нарэшце са сваёй цяперашняй жонкай Мэланіяй Кнаўс. На вясельлях Трампа прысутнічалі многія галівудзкія знакамітасьці.

Неўзабаве ён і сам стаў тэлезоркай: удзельнікі яго рэаліці-шоў «Кандыдат» спаборнічалі за права працаваць у адной з кампаніяў Трампа.

Аднак ня ўсё, да чаго дакраналася рука Трампа, ператваралася ў золата. Тры яго казыно ў Атлянтык-сіці абвясьцілі пра банкруцтва на пачатку 90-х. У наступныя дзесяць гадоў збанкрутавалі яшчэ тры кампаніі. Але кожны раз яму ўдавалася ўстаць на ногі.

У 2015 годзе Трамп абвяшчае пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі і адразу ж трапляе ў цэнтар увагі: ён прапануе радыкальнае рашэньне праблемы нелегальнай іміграцыі з Мэксыкі:

«Я пабудую велізарную сьцяну. Я лепш за ўсіх у сьвеце ўзводжу сьцены, ужо паверце мне. Гэта будзе нядорага. І ў нас будзе вялізная сьцяна ўздоўж паўднёвай мяжы, прычым заплаціць за яе Мэксіка — запомніце мае словы».

Рыторыка Трампа падчас выбарчай кампаніі выклікала бурныя пратэсты. Ён казаў пра мэксыканскіх гвалтаўнікоў і гандляроў наркотыкамі, абяцаў дэпартаваць незарэгістраваных імігрантаў і забараніць ім уезд у краіну. Акрамя таго, Трамп прапанаваў зачыніць уезд у ЗША для мусульман у рамках барацьбы з тэрарызмам. Пазьней яму давялося адмовіцца ад гэтай ідэі.

Пазьней газэта «Вашынгтон пост» апублікавала відэа, на якім чуваць, як Трамп кажа пра жанчын: «Мяне аўтаматычна прыцягвае прыгажосьць. Я адразу пачынаю цалаваць. Гэта як магніт. Адразу цалаваць, ня трэба нічога чакаць». Далей ён выхваляецца тым, што хапае жанчын за геніталіі.

На тэледэбатах Трамп паспрабаваў замяць скандал. Аднак празь некалькі дзён адразу некалькі жанчын заявілі, што Трамп без дазволу цалаваў ці дакранаўся да іх. Трамп цалкам адрынуў усе гэтыя абвінавачваньні і паабяцаў падаць у суд пасьля выбараў.

У часе кампаніі яго рэзка крытыкавалі за адмову апублікаваць падатковыя дэклярацыі. Кандыдаты ў прэзыдэнты традыцыйна робяць гэта з 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

У апанэнтаў выклікалі зьдзіўленьне зьнешнепалітычныя прыхільнасьці Трампа, у прыватнасьці, яго выказваньні пра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Трамп дапускаў магчымасьць ваеннага альянсу з Расеяй у барацьбе з баевікамі «Ісламскай дзяржавы».

Трамп некалькі разоў сьцьвярджаў, што вынікі выбараў будуць сфальшаваныя на карысьць Клінтан, аднак у выніку перамога дасталася менавіта яму.

І цяпер Дональд Трамп — кіраўнік самай моцнай краіны сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG