Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы дня: biełaruskaja łacinka


Biełaruskaja łacinka
Biełaruskaja łacinka

Сьцісла:

  • Трансьлітарацыя тапонімаў — важная сфэра міжлюдзкіх кантактаў, ёю адмыслова займаецца ААН.
  • Паміж лацінапісьмовымі мовамі дзейнічае правіла: іншамоўныя імёны і назвы пішуцца нязьменна.
  • Беларуская мова мае сваю лацінку. А значыць, не патрабуе штучных сыстэм трансьлітарацыі.
  • Лацінскі альфабэт ствараўся для лацінскай мовы, кірылічны — для стараславянскай. І той, і другі нашыя продкі мусілі дапасоўваць да гукаў беларускае мовы.
  • Лацінская мова ў ВКЛ вядомая з XIII ст., першыя беларускія тэксты лацінскай графікай зьяўляюцца ў XVI ст. як трансьлітарацыя зь беларускай кірыліцы.
  • Лацінскай графікай карысталіся беларусы розных канфэсіяў — каталікі, пратэстанты, праваслаўныя.
  • З XIX стагодзьдзя беларуская лацінка набывае нацыянальныя рысы, пачаўшы з Ŭ нескладовага. У 1920-я гады канчаткова фармуецца як адметная графічная сыстэма.
  • У 2000 годзе Камітэт зямельных рэсурсаў прыняў Інструкцыю аб трансьлітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага альфабэту, якая спачатку графічна супадала з лацінкай — нацыянальным альфабэтам.
  • Пазьней у ведамстве адступілі ад клясычнае лацінкі ў перадачы мяккага L. Сёньня афіцыйная раманізацыя тапонімаў адрозьніваецца ад беларускага лацінскага альфабэту, але збольшага ўсё ж грунтуецца на ім. Таму атака на трансьлітарацыю — гэта і атака на лацінку.
  • У 2002 годзе расейская Дума забараніла дзяржаўным мовам рэспублік фэдэрацыі мець некірылічныя альфабэты. Выцісканьне беларускае лацінкі ўключае Беларусь у заканадаўчую прастору Расеі.
Беларуская лацінка. Кірылічныя адпаведнікі
Беларуская лацінка. Кірылічныя адпаведнікі

Чатыры стагодзьдзі беларусы прыстасоўвалі рымскія літары да сваіх гукаў. Пасьпяхова прыстасавалі. Лацінка — такое самае беларускае пісьмо, як і кірыліца. Але нездарма беларускую лацінку забаранялі і цар, і саветы, і ўрэшце забараняе цяперашняя ўлада.

У абгрунтаваньнях задуманай забароны — суцэльныя фактычныя памылкі, дрымучае невуцтва, няведаньне задачаў і практыкі трансьлітарацыі. Усё гэта кампэнсуюць расейскія прапагандысцкія штампы. Традыцыйны „антыфэйк“ пісаць як бы і залішне. І ўсё ж нагадаю важныя рэчы.

Для чаго тая трансьлітарацыя?

Трансьлітарацыя, у прыватнасьці раманізацыя (перадача нелацінскіх сыстэмаў пісьма лацінскімі літарамі), служыць стандартызацыі і пазнавальнасьці геаграфічных назваў і іншых імёнаў. Гэта вельмі важна для паразуменьня між людзьмі, таму пры ААН дзейнічае адмысловая экспэртная структура UNGEGN, якая каардынуе пытаньні перадачы геаграфічных імёнаў у розных мовах.

Ці патрэбныя беларускай мове расейскія ГОСТы?

У расейскай мове суіснуюць некалькі ведамасных сыстэмаў раманізацыі імёнаў і назваў — для пошты, для пашпартоў, для авіяцыі — і некалькі ГОСТаў, зарыентаваных на розныя заходнія мовы. Літара Ц перадаецца то як лацінская C, тояк спалучэньні CZ або TS. Яшчэ нядаўна заставалася савецкая завядзёнка перадаваць беларускія назвы ў лацінапісьмовых мовах з расейскага напісаньня (напр. Gomel) і паводле расейскіх жа стандартаў.

Але паміж мовамі, якія маюць альфабэт на лацінскай аснове, дзейнічае агульнае правіла: іншамоўныя імёны і назвы пішуцца нязьменна, зьберагаюцца арыгінальныя літары (напр. польск. Ruda Śląska ці ісьляндзкі Fimmvörðuháls) ня толькі на мапах і дарожных паказальніках, але і ў кнігах ды пэрыёдыцы.

Некаторыя мовы маюць два-тры альфабэты, адзін зь якіх лацінскі. Для такіх моваў штучныя табліцы раманізацыі таксама не патрэбныя, проста бярэцца адпаведная нацыянальная лацінка (сэрбская, азэрбайджанская).

Беларуская мова таксама двухальфабэтная — маем сваю лацінку. А значыць, і нам ня трэба штучнай табліцы раманізацыі. Гэта вялікі плюс і магчымасьць унікаць разнабою.

Ці беларуская лацінка — генэтычна „польская“?

Па-першае, „польскі“ — не апрыёрны сынонім нечага кепскага. (Вунь лічбы — арабскія, папраўдзе індыйскія, ёсьць і рымскія, але зь імі рускамірцы не ваююць.) Беларуская мова разьвівалася ў шматмоўным рэгіянальным кантэксьце і зазнавала розныя ўплывы, сярод іншых і польскі. Імкненьне абвяшчаць „польскім“ усё „нярускае“ — характэрны сымптом успрыманьня нашага рэгіёну праз расейскія геапалітычныя шоры.

Па-другое, усякая лацінка найперш... лацінская. Лацінскі альфабэт стварылі старажытныя рымляне для сваёй роднай лацінскай мовы. А ўжо потым яго прыстасоўвалі для сваіх моваў шматлікія іншыя народы. У тым ліку беларусы.

Зрэшты, і кірыліца таксама стваралася не для беларускае мовы. Кірыла і Мятод запісвалі сваёй азбукай гукі стараславянскае мовы (яе нашчадкі — сучасныя баўгарская і македонская), якія істотна розьняцца ад беларускіх. Хоць кірыліца прыйшла ў Беларусь на некалькі стагодзьдзяў раней за лацінку, але і яе доўга дапасоўвалі да патрэбаў беларускае мовы нашыя продкі.

Ці забароняць Міколу Гусоўскага зь яго лацінскім зубрам?

Беларусь належала да цывілізацыйнае прасторы лацінскай мовы — мовы „міжнацыянальных зносінаў“ і навукі, мовы ўсіхнай і нічыйнай, бо ў сярэднявеччы не было нейкай імпэрыі, якая б выкарыстоўвала гэтую мову як геапалітычную зброю. Лацінскую мову ведалі ўсе пісьменныя людзі незалежна ад веравызнаньня. З лацінскай у нас мноства словаў — акуляры, вэлюм і воцат; сэнс, інтэлект і рэспубліка. Відаць, словы падазроныя, асабліва апошнія, то варта чакаць нападу рускамірцаў і на лацінізмы ў лексыцы.

Мікола Гусоўскі. Песьня пра зубра
Мікола Гусоўскі. Песьня пра зубра

Сярэднявечная лаціна прыйшла ў Вялікае Княства Літоўскае прынамсі ў XIII ст., ёю пісалі ў канцылярыі караля Міндоўга. А ў XVI–XVII ст. на лацінскай мове выходзіла палова ўсіх кніг у дзяржаве, г. зн. з старабеларускаю найперш канкуравала менавіта лацінская, а ня польская мова.

Дарэчы, сёлета вялікі літаратурны юбілей — 500-годзьдзе публікацыі лацінамоўнае паэмы „Песьня пра зубра“ Міколы Гусоўскага. Ці чакаць нападу рускамірцаў і на гэты культурны фэномэн — з прычыны яго абуральнага лацінства?

Ці лацінка служыла апалячваньню і „навязваньню каталіцтва“?

Першымі беларускімі словамі, якія ў дакумэнтах запісвалі стандартнымі лацінскімі літарамі, былі геаграфічныя назвы і ўласныя імёны. Іх стылізавалі пад „рымскія“: Nesuis гэта Нясьвіж.

З XVI стагодзьдзя пачалі запісваць лацінкай цэлыя дакумэнты па-беларуску. Гэта была фактычна трансьлітарацыя (раманізацыя) старабеларускіх кірылічных тэкстаў — з захаваньнем тагачаснага правапісу.

Адзін з помнікаў беларускай лацінкі — звон, які ў 1583 годзе загадаў адліць для царквы ў Моладаве Сымон Война, кашталян Амсьціслаўскі, у памяць свайго бацькі.

Моладаўскі звон з надпісамі лацінкай. Замовіў Сымон Война-Грычынавіч, кашталян Амсьціслаўскі, 1583. Фота аўтара
Моладаўскі звон з надпісамі лацінкай. Замовіў Сымон Война-Грычынавіч, кашталян Амсьціслаўскі, 1583. Фота аўтара

Доўгі тэкст на звоне зроблены лацінкай: ...DVCHA SWOIEHO W RVCE HOSPODNIE ODDAL A W ZYWOT WIECZNY STOWO SWIETNEHO ZYTIA PRESTAWILSIA...“ (...духа сваяго ў руцэ Гасподне аддаў а ў жывот вечны з таво сьветнага жыцьця праставіўся...).

Бачым характэрныя рысы беларускай фанэтыкі, напрыклад фрыкатыўны гук [г] абазначаны літарай H. Але „цеканьне“ ў слове жыцьця не пазначаецца, хоць польская артаграфія гэта дазваляла. Адзіная рыса, супольная з польскай лацінкай, — перадача гука [ч] дыграфам CZ. Так што сьцьверджаньне, што сам па сабе лацінскі альфабэт быў інструмэнтам апалячваньня беларусаў, — мякка кажучы, перабольшаньне.

Што ж да „навязваньня каталіцтва“ пры дапамозе лацінкі, то і род Войнаў быў праваслаўны, і царква была праваслаўная. Дарэчы, ужо ў іншы гістарычны пэрыяд, у ХХ стагодзьдзі, адным з найбольш папулярных падручнікаў для самых малых былі „Zasieŭki“ (Vilnia, 1937). Лемантар-чытанку склаў праваслаўны грамадзкі дзяяч і багаслоў Сяргей Паўловіч. Традыцыйна вялікі патрыёт кірыліцы, ён прызнаваў таксама важнасьць беларускае лацінкі для ўсіх беларусаў, незалежна ад вызнаньня.

Ŭ nieskładovaje — маркер няпольскасьці

У ХІХ стагодзьдзе пісьменства па-беларуску адраджалася пад пяром творцаў і на ўлётках паўстанцаў практычна толькі лацінкаю. Лацінкаю пісалі Чачот, Сыракомля, Каліноўскі, Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч.

Тады і пачаў фармавацца непаўторны склад беларускае лацінкі. Адразу некалькі творцаў і выдаўцоў — Габрыель Асоўскі ў 1845-м (паводле А. Брыля), Аляксандар Рыпінскі ў 1853-м — увялі ў практыку літару Ŭŭ. Знак над літарай абазначаў кароткі склад у рымскім вершаскладаньні, але яго няма ані ў польскай, ані ў чэскай лацінцы, гэта маркер беларускае мовы.

Мэта — ідэальны альфабэт Гуса

Вокладка першага выданьня „Беларускае граматыкі для школ“ Браніслава Тарашкевіча. Вільня, 1918.
Вокладка першага выданьня „Беларускае граматыкі для школ“ Браніслава Тарашкевіча. Вільня, 1918.

У XX ст. „Наша доля“, потым „Наша ніва“ друкаваліся абодвума альфабэтамі (да 1912 г.). Але і надалей у Вільні лацінкай выходзілі пэрыёдыкі, падручнікі, кнігі, слоўнікі. Беларуская лацінка хутка аддалялася ад польскай і фармавалася як унікальная графічная сыстэма. Знакамітая „Беларуская граматыка для школ“ Браніслава Тарашкевіча у 1918 г. для шыпячых замест дыграфаў канчаткова замацавала літары з дыякрытыкамі-гачкамі: cz > č [ч], sz > š[ш], таксама ż > ž [ж].

Яны супадаюць з чэскімі літарамі, але ня толькі. Яшчэ ў XV ст. вялікі вучоны-рэфарматар Ян Гус апублікаваў канцэпцыю ідэальнага альфабэту на лацінскай аснове: 1) адзін гук перадаецца адною літарай, 2) калі ж нейкага гуку няма ў лацінскай мове, да адпаведнай рымскай літары далучаецца адмысловы значок. Гэтыя зручныя прынцыпы (як і самыя Гусавы літары) узялі многія эўрапейскія альфабэты.

Апошні крок да самабытнасьці беларускае лацінкі ў параўнаньні з польскаю зрабіў Ян Станкевіч у 1926 годзе:

Рэформа беларускае лацініцы лёгкая: … астаецца цяпер замяніць польска-нямецкае W лацінскім V, як гэта зрабілі Ліцьвіны й Чэхі... Увядзеньне v канчальна прыдало-б нашай лацініцы беларускі характар.

Такая беларуская лацінка, адметная і добра дапасаваная да гукавога складу беларускае мовы, і замацавалася ў віленскіх выданьнях з канца 1920-х гадоў. Ёю выйшаў „Biełaruski pravapis“ Антона Лёсіка, яе зьберагла беларуская дыяспара. У савецкія часы, натуральна, лацінка была пад забаронаю. Але як толькі ў 1980-я павеяла свабодай, умомант адрадзілася на Бацькаўшчыне. Лацінкаю выходзяць і цяпер мастацкая літаратура, нумары пэрыёдыкі, богаслужбовыя выданьні. Практыка пацьвердзіла, што беларуская мова — біскрыптуальная, двухальфабэтная.

Ці трансьлітарацыя = лацінка?

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х адбыўся важны зрух у перадачы лацінскімі літарамі беларускіх тапонімаў: нарэшце адмовіліся ад расейскіх ГОСТаў. У 2000 годзе дзякуючы настойлівасьці і кампэтэнтнасьці мовазнаўцы сьв. п. праф. Валянціны Лемцюговай Камітэт зямельных рэсурсаў прыняў Інструкцыю аб трансьлітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага альфабэту „для картаграфічных і іншых твораў“ — г. зн. для тых жа самых дарожных паказальнікаў.

Яна нейкі час графічна супадала з лацінкай — нацыянальным альфабэтам (толькі перадавала тапонімы на аснове „афіцыйнага“ правапісу). Зь яе выкарыстаньнем у2003 годзе выйшаў нарматыўны даведнік „Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць“.

Мапа Менскай вобласьці ў даведніку (Старыя Дарогі падпісаныя з памылкай)
Мапа Менскай вобласьці ў даведніку (Старыя Дарогі падпісаныя з памылкай)

Праўда, пазьней у ведамстве адступілі ад клясычнае лацінкі ў перадачы мяккага L (хоць літара Ll у самой сярэднявечнай лацінскай мове азначала „паўмяккі“, на беларускае вуха мяккі гук, а таму Łł для цьвёрдага [л] адпавядае Гусавым прынцыпам; зрэшты, літару сам Гус і прыдумаў). Таму сёньня афіцыйная раманізацыя (трансьлітарацыя на лацінскую графіку) тапонімаў адрозьніваецца ад беларускага лацінскага альфабэту, але ў большасьці момантаў усё ж грунтуецца на ім. Таму атака на трансьлітарацыю — гэта і атака на лацінку.

Сынхронна з Крамлём

У 2002 годзе расейская Дума прыняла папраўкі да закону „Аб мовах народаў Расейскай Фэдэрацыі“, паводле якіх альфабэты дзяржаўных моваў рэспублік фэдэрацыі могуць быць толькі на аснове кірыліцы. Рашэньне было скіравана супраць выкарыстаньня лацінкі цюрскімі мовамі, найперш татарскай. Напад менскіх уладаў на лацінку — крок да ўключэньня Беларусі ў культурна-цывілізацыйную і заканадаўчую прастору Расеі.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG