Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

І што клеіць на бампэр — «Бай» ці BLR? Піша Вінцук Вячорка

Гэта шматбаковая праблема, яна датычыць назвы ня толькі нашай краіны, але і мовы. Напрыклад, як утварыць прыметнік "беларускі", у тым ліку тэрмін "беларуская мова", на асноўнай міжнароднай мове – па-ангельску? Гэта важна ведаць і таму, што па-ангельску часта назвы мовы і жыхароў краіны супадаюць.

Тыя, хто вучыўся ў савецкую пару, вызубрылі прыметнік Byelorussian, вымаўляецца [bjeləʊˈrʌʃn] (прыблізна "б'елэўрáшн"). Ясна, што форма паходзіць ад слова Byelorussia й цалкам сугучная з ангельскаю формаю Russian ("рашн") – расейскі. І дагэтуль не адзін перакладнік называе нашую краіну адпаведна прынятаму ў 1991 годзе напісаньню – Belarus – але прыметнік "беларускі" ўпарта перакладае як Byelorussian.

Перадача назвы Беларусі ў іншых мовах – асобная гаворка пазьней і некалькі асобных праблемаў. У гарачыя месяцы пасьля жніўня 1991 году, калі незалежнасьць Беларусі стала канстытуцыйным законам, многія пытаньні знакаў і знакавых сыстэмаў незалежнай дзяржавы (каб жа толькі гэтыя пытаньні) вырашаліся без удзелу спэцыялістаў. Ухваліўшы назву дзяржавы Рэспубліка Беларусь, правільна пастанавілі на іншыя мовы яе трансьлітараваць зь беларускае. Вось кароткі, зь пяці пунктаў, закон № 1085-XII "Аб назьве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (…)", прыняты ў гістарычны дзень 19 верасьня, разам з законамі пра герб і сьцяг.

Пачалася ведамасная рэалізацыя закону. І ў нетрах, відаць, Міністэрства замежных справаў не ўлічылі, што натуральная трансьлітарацыя для нас – гэта беларуская лацінка (нацыянальны альфабэт на лацінскай аснове), даўно кадыфікаваная ў падручніках, граматыках і выдавецкай практыцы. Беларускай лацінкай назва краіны пішацца Biełaruś, адпаведна іншым лацінапісьмовым мовам яе можна было б прапанаваць без дыякрытычных знакаў: Bielarus. Але скарысталі расейскую табліцу трансьлітарацыі (тутэйшы "міліцэйскі" варыянт якой бальшыня грамадзянаў Беларусі бачыць на прыкладзе сваіх імёнаў у пашпартах). Так атрымалася Belarus.

(Пра "міліцэйскую трансьлітарацыю" Радыё Свабода ўжо пісала )

Беларуская дыяспара ў ангельскамоўным сьвеце ўжывала тагачасны "ААНаўскі" стандарт, каб іншаземцы дакладна ідэнтыфікавалі назву краіны ды прыметнік ад яе. Скажам, адзіны вялікі падручнік беларускае мовы для ангельскамоўных аўтарства Валянтыны Пашкевіч, які выйшаў у 1974—78 г., зваўся яшчэ „Fundamental Byelorussian / Беларуская мова".

Апошнімі дзесяцігодзьдзямі, аднак, у ангельскамоўным сьвеце адбыўся зрух, напісаньне Belarus стала афіцыйным у міжнародных арганізацыях, і прыметнік Byelorussian прызабыўся. Ад Belarus прыметнік утвараецца дваяка. Можна сустрэць і форму Belarusian [ˌbeləˈruːsiən] ("бэлэрýсіэн"), і напісаньне ды адпаведнае вымаўленьне Belarusan [ˌbeləˈruːsən] ("бэлэрýсэн"). Вялікі Ангельска-беларускі слоўнік, укладзены Валянтынай Пашкевіч у Канадзе і выдадзены ў Менску, падае абодва прыметнікі, але Belarusian як асноўны, і на вокладцы таксама бачым English-Belarusian Dictionary.

Аднак пасьля аднаўленьня беларускае незалежнасьці перавагу ў ангельскамоўнай практыцы і публікацыях нашае дыяспары меў суфікс -an (Belarusan). Гэтая форма з 1992 па 1995 год была прынятая і ў ААН. Ангельскамоўная навуковая манаграфія доктара Яна Запрудніка "Беларусь на скрыжаваньнях гісторыі" падае толькі Belarusan. З прыметнікам Belarusan афіцыйна зарэгістраваныя беларускія арганізацыі.

І гэта невыпадкова. Формы на -ian у ангельскай мове сыстэмна ўтвараюцца ў бальшыні сваёй (акрамя даўніх традыцыйных выключэньняў) ад назваў краін на –ia:

І, такім чынам, Belarusian падказвае неабазнанаму іншаземцу ўяўную, няісную назву краіны – "Belarusia". А ўрэшце вядзе да спакусы сказаць "Белэрушэн" – і зноў аднаўляюцца асацыяцыі з Расеяй.

Фіналь -an у ангельскай мове далучаецца да асновы назвы краіны ці народу. Часьцей – калі назва заканчваецца на -а: Andorra – Andorran, Moldova – Moldovan; на іншыя галосныя, якія адсякаюцца: Mexico – Mexican. Але не бракуе і ўтварэньняў ад асноваў на зычны ці паўгалосны, як Tibet – Tibetan, El Salvador – Salvadoran, Martinique – Martinican, Mozambique – Mozambican, Paraguay – Paraguayan, або назваў карэнных народаў і моваў Амэрыкі Aztek – Aztekan, Chinook – Chinookan. Параўн. таксама Catalonia – Catalan.

Дзяржаўныя службоўцы Рэспублікі Беларусі выкарыстоўваюць форму Belarusian. Аднак яны, службоўцы, рэдка адстойваюць нават гэтую форму. Вось эпізод, які прагучаў у многіх мэдыях. Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША П.Шыдлоўскі на канфэрэнцыі просіць Захад заступіцца за Беларусь, пры гэтым нічога ў ёй не мяняючы. Прадстаўнік Украіны Грыгоры Нямыра просіць назваць беларускага службоўца назваць, якая ж краіна ўяўляе пагрозу для Беларусі і пры гэтым ужывае стары савецкі прыметнік Byelorussian.

Беларускі службовец ані не паправіў моўную памылку Нямыры, ані не адказаў на ягонае наўпроставае пытаньне.

Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага сеціва і яго дасьледнік, стваральнік Вікіпэдыі па-беларуску Ўладзімер Каткоўскі (Rydel23), які, на жаль, рана пакінуў гэты сьвет, у 2002 годзе пісаў:

З увагі на разбуральную прыроду імпэрскага панаваньня Расеі, якое вымушана была трываць Беларусь, шмат людзей у Беларусі могуць палічыць прыметнік Byelorussian нават абразьлівым. Таму калі вы хочаце ставіцца да беларусаў з павагаю, выкіньце Byelorussian ды іншыя падобныя формы (Belorussian) з вашага слоўніка.

У гэтым сэнсе Belarusian – меншае зло. Але (IMHO – на маю сьціплую думку) Belarusan – лепш.

Едзе казачнік Бай

Двухлітарны скарот назвы дзяржавы BY – у кожным электронным адрасе беларускае зоны, на дзяржаўным нумары кожнага аўтамабіля. А таксама ў міжнародных кодах аўтамагістраляў і г.д. Гэта вельмі важны ідэнтыфікатар дзяржавы.

Але чаму ён такі своеасаблівы для Беларусі – літары Y (ігрэк, уай, ы, іпсылян) няма ў яе назьве лацінкай ці трансьлітарацыяй? Бо паходзіць ад тае самае назвы яшчэ савецкіх часоў Byelorussia.

Двухлітарныя абрэвіятуры дзяржаваў рэглямэнтуюцца стандартам Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі ISO 3166-1 alpha-2. Ужываюцца ў валютных, банкаўскіх, страхавых, транспартных кодах, у бібліятэчных базах, у дамэнах. Стандарт, скаардынаваны з тэрміналёгіяй ААН, быў прыняты ў 1974 годзе, калі незалежнай Беларусі не было, а была савецкая імпэрыя. Аднак Беларуская ССР фармальна была чальцом-заснавальнікам ААН, а значыць, мела права на стандартнае скарачэньне, і так з BYelorussia атрымалася BY.

У 1991 годзе, калі мы аднавілі статус сапраўды незалежнай дзяржавы, былі свабодныя два больш адпаведныя скароты – BL і BA. Але тады ў дзяржаўных структураў не дайшлі да гэтага рукі (дакладней, не знайшлося ў МЗС знаўцаў праблемы), і мы засталіся зь непрыкаянай літарай і малапазнавальным кодам. А вакантныя спалучэньні забралі: BA ў 1992 годзе Босьнія, BL у 2007 годзе Сэн-Бартэльмі (француская тэрыторыя). Іншыя прыдатныя нам спалучэньні належаць: BE – Бэльгіі, BI – Бурундзі, BR – Бразыліі, BS – Багамам, BU – Бірме (якая цяпер М'янма, але скарот зарэзэрваваны за ёю на пераходны пэрыяд з 1989 ажно на 50 гадоў).

Ёсьць і трохлітарныя коды дзяржаваў (стандарт ISO 3166-1 alpha-3). Ужываюцца ў машыначытальных частках пашпартоў, збольшага – у практыцы Міжнароднага алімпійскага камітэту, ФІФА. Беларусь мае ў гэтай сыстэме больш адэкватны і пазнавальны код ​BLR.

Скароты рэгістрацыі аўтамабіляў рэгулююцца іншым міжнародным актам, многія зь іх паўтараюць стандартныя дзьвюхлітарныя ISO-3166, але ёсьць і трохлітарныя, і старыя традыцыйныя адналітарныя. Дык вось у гэтай сыстэме скарот BLR пакуль што вольны.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG