Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кузьняцоў: Відаць, у Курапатах забівалі прадстаўнікоў намэнклятуры балтыйскіх краін


15 чэрвеня ў Курапатах мэмарыяльнай шыльдай адзначаны крыж на пахаваньні, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў з балтыйскіх краін. «Памяці жыхароў краін Балтыі, расстраляных НКВД у 1940 г.» — пазначана на крыжы.

Акцыю зладзілі грамадзкая арганізацыя «Мэмарыял» і ініцыятыва «За ўратаваньне Курапатаў». У мерапрыемстве ўзялі удзел амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаілс Папкоўс, амбасадар Эстоніі ў Беларусі Майт Мартынсан і міністар-саветнік амбасады Літвы Ірэнэ Усайце. Гэта ўжо 9-ты мэмарыяльны знак, якімі актывісты ініцыятывы пазначаюць пэўныя пахаваньні ў Курапатах. Адкуль у Курапатах магло зьявіцца пахаваньне жыхароў Прыбалтыкі?

14 чэрвеня 1940 году СССР выставіў ультыматум Літве, Латвіі і Эстоніі, патрабуючы разьмяшчэньня ў гэтых краінах «абмежаванага» кантынгенту Чырвонай Арміі. Уводзіць войскі пачалі на наступны дзень, дакладна 75 год таму, а ўжо празь некалькі месяцаў краіны канчаткова страцілі незалежнасьць і былі далучаныя да СССР. Адразу запрацаваў і канвэер палітычных рэпрэсіяў: дзясяткі тысяч былі высланыя, тысячы расстраляныя без судоў ужо ў першыя месяцы акупацыі.

Беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў мяркуе, што частку рэпрэсаваных жыхароў Прыбалтыкі расстралялі ў Курапатах. Доказ гэтага быў знойдзены ў адным з курапацкіх пахаваньняў, якое раскапалі «чорныя капальнікі» яшчэ ў 2009 годзе.

Ігар Кузьняцоў распавёў на жалобнай акцыі: «Вакол раскапанай яміны былі знойдзеныя чалавечыя косткі і рэшткі адзеньня ды абутку. Вывучэньне гэтых рэчаў паказала, што яны былі зробленыя ў прыбалтыйскіх краінах. Да таго ж гэта было адзеньне сацыяльнай групы з высокім статусам, таму можна меркаваць, што тут расстралялі прадстаўнікоў намэнклятуры балтыйскіх краін. Прычым, як сьведчаць матэрыялы, гэтых людзей забівалі ня толькі стрэламі ў патыліцу, але і жалезнымі прадметамі. Бо быў загад „эканоміць патроны“. Мы доўга чакалі, калі беларускія ўлады завядуць крымінальную справу паводле гэтых знаходак ці дазволяць эксгумацыю пахаваньня, але нічога гэтага ня зроблена дагэтуль. Нават не дазволілі правесьці эксгумацыю іншых магілаў, таму невядома, дзе яшчэ тут пахаваныя прадстаўнікі Прыбалтыкі ці якіх іншых краін. Таму мы вырашылі ўшанаваць гэтае месца, бо памяць павінна заставацца пра ўсіх ахвяр Курапатаў, незалежна ад нацыянальнасьці».

Мы вырашылі ўшанаваць гэтае месца, бо памяць павінна заставацца пра ўсіх ахвяр Курапатаў, незалежна ад нацыянальнасьці

«Балтыйскі крыж» знаходзіцца за вялікім курапацкім каменем, прыкладна за 50 мэтраў на поўнач ад яго, непадалёк ад слупа з мэмарыяльнай шыльдай пра пахаваньне Мойшы Крамэра і Мардэхая Шулькеса. Гэтая магіла — адзіная ў Курапатах, дзе дакладна пазначана, хто ў ёй ляжыць. Гісторыкам удалося высьветліць прыналежнасьць магілы дзякуючы дакумэнтам, якія захаваліся ў скураным партманэ ахвяраў. Чаму невядома, каму належаць іншыя магілы?

«КДБ Беларусі дагэтуль ня зьняў грыф строгай сакрэтнасьці зь ніводнага дакумэнту адносна Курапат, у тым ліку пра колькасьць расстраляных у гэтым месцы і прозьвішчы ахвяраў. І тое самае адносна іншых месцаў масавых расстрэлаў у Менску. Варта казаць, што ад грамадзкасьці хаваюць „Курапацкі сьпіс“, „Катынскі сьпіс“, а цяпер мы можам казаць і пра „Балтыйскі сьпіс“ ахвяраў», — паведаміў гісторык Ігар Кузьняцоў.

Амбасадар Латвіі ў Беларусі спадар Міхаілс Папкоўс падзякаваў беларускім грамадзкім актывістам за іх працу па ўшанаваньні памяці закатаваных у Курапатах і выказаў спадзяваньне, што «раней ці пазьней, але да гэтай працы далучыцца і дзяржава». Прадстаўнікі амбасадаў балтыйскіх краін усклалі кветкі да крыжа з мэмарыяльнай шыльдай.

Крыж на пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў з балтыйскіх краін асьвяціў сьвятар Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Леанід Акаловіч. Удзельнікі жалобнай акцыі ўшанавалі памяць усіх ахвяр, якія ляжаць у Курапатах, хвілінай маўчаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG