Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты патрабуюць ад уладаў разабрацца, хто пахаваны на «віцебскіх Курапатах»


Актывісты разглядаюць фрагмэнты абутку, якія не зацікавілі сьледчых
Актывісты разглядаюць фрагмэнты абутку, якія не зацікавілі сьледчых

Актывісты адведалі невядомыя пахаваньні, знойдзеныя ўвосень мінулага году ў лесе каля вёскі Хайсы. Актывісты аднайменнай грамадзкай ініцыятывы Хайсы створанай дзеля ўшанаваньня памяці загінулых, цьвёрда перакананыя: у гэтым лесе ў 1937-38 гадах праводзіліся сталінскія расстрэлы.

Пра гэта згадваюць мясцовыя старажылы. Аднак улады прынцыпова ня хочуць лічыць іх сьведчаньні аб’ектыўнымі. Старшыня Мазалаўскага сельсавету абяцаў, што тут будзе працаваць адмысловы батальён, які займаецца эксгумацыяй парэшткаў. Аднак вайскоўцы дагэтуль не прыяжджалі. І ў лесе, у вялікіх ямінах, раскапаных, ня выключана, «чорнымі капальнікамі», па-ранейшаму адкрыта ляжаць чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі.

Чалавечыя парэшткі ў лесе
Чалавечыя парэшткі ў лесе


.
Гэткае блюзнэрства не турбуе ні мясцовую ўладу, ні нават царкву, гаворыць заснавальнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

«13 траўня мы прыяжджалі ў гэтае месца, з намі быў старшыня Мазалаўскага сельсавета Леанід Дубіна. Ён сказаў, што нічога тут рабіць ня будзе — нават дробнага добраўпарадкаваньня. Яго не турбуе, што па лесе раскіданыя чалавечыя косткі... На зваротным шляху мы сустрэлі сьвятара з царквы ў пасёлку Лужасна, айца Міхаіла.

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Ён зацікавіўся аповедамі пра невядомых загінулых, патэлефанаваў знаёмым казакам, і на ягоную просьбу тут жа прыехалі віцебскі казачы атаман Валеры Сямашка і ягоны сын Ігар Сямашка, атаман з Лужасна. Усе разам мы зноў скіраваліся ў лес, паказалі тым, хто ня бачыў, гэтыя чалавечыя парэшткі ў ямах. Айцец Міхаіл прапанаваў правесьці тут хросны ход напрыканцы траўня, на Сёмуху. Але пару дзён таму я яму тэлефанаваў і пачуў адмову: маўляў, нешта будзем ладзіць толькі пасьля таго, як будзе высьветлена дакладна, чые гэта косткі. Ці ж ня ўсё адно? Тут жа ляжаць людзі! Няўжо яны ня вартыя хрысьціянскага стаўленьня да сябе? Няўжо будзе вялікім грахом паставіць тут крыж дзеля іх памяці? Так напачатку і прапаноўвалі зрабіць прадстаўнікі казацтва. Але потым адступіліся і яны.

Атаман Валеры Сямашка, зь якім я таксама размаўляў па тэлефоне, сказаў: крыжоў тут ставіць ня будзем, а раптам тут пахаваныя габрэі... І мы ўжо самі вырашылі, што без аніякага хроснага ходу, але прыйдзем сюды, запалім сьвечкі, ускладзем кветкі на знак памяці пра гэтых людзей».

Актывісты так і зрабілі — запалілі сьвечкі і ўсклалі кветкі на краі самых вялікіх ямін, дзе ляжаць чалавечыя парэшткі. Яшчэ ўвосень тут былі ўсталяваныя некалькі крыжоў, і цяпер актывісты грамадзкай ініцыятывы павязалі на іх стужкі зь беларускім арнамэнтам.

Дзеля ўшанаваньня памяці невядомых ахвяр
Дзеля ўшанаваньня памяці невядомых ахвяр

Паводле Яна Дзяржаўцава, ён запісаў сьведчаньні некалькіх чалавек, якія памятаюць пра сталінскія растрэлы ў гэтым лесе — або з уласнага маленства, або чулі пра гэта ад бацькоў ці старэйшых аднавяскоўцаў. Спадар Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы зьвярталіся ў сьледчы камітэт і іншыя структуры, каб адмыслоўцы разабраліся, што за парэшткі знаходзяцца ў лесе. Частку парэшткаў забралі на экспэртызу, але яе вынік быў нечаканы для актывістаў. У лісьце за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Сьледчага камітэту, гаворыцца, што экспэртыза здолела вызначыць толькі адно: што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. А прычыну і даўніну сьмерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія пабылі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, будуць проста перададзеныя службам ЖКГ для пахаваньня.

Чамусьці сьледчыя сабралі толькі частку парэшткаў і не даслалі на экспэртызу абутак, якога у ямінах таксама мноства. Прычым на падэшвах выразна відаць фабрычныя штампы з датай вырабу — не пазьней за 1937 год.

На думку актывістаў, пад прыкрыцьцём такіх вынікаў экспэртызы адказныя структуры будуць імкнуцца толькі да аднаго: каб ціха сабраць парэшткі і пахаваць іх дзе-небудзь падалей. Каб не адказваць на пытаньне, хто і ў які час забіваў тут людзей, і не прыцягваць ўвагу грамадзкасьці да гэтых мясьцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG