Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым страцілі, Аджарыю — знайшлі


Пляж у Батумі

Пляж у Батумі

Напярэдадні летняга сэзону турапэратары канстатуюць істотны спад попыту на арганізаваны адпачынак. Пасьля расейскай анэксіі Крыму аналягічныя тэндэнцыі прагназуюцца і адносна самастойных вандровак да мора.

Традыцыйная мэкка аматараў бюджэтнага адпачынку — чарнаморскае ўзьбярэжжа Крыму — канчаткова страціла прыцягальнасьць для беларусаў. Па выніках 2014 году, калі паўвыспа дэ-факта зьмяніла дзяржаўную прыналежнасць, колькасьць гасьцей зь Беларусі зьнізілася ў 2,5 раза, калі параўноўваць з годам папярэднім. Сёлета, як прагназуюць адмыслоўцы турыстычнай галіны, у расейскі Крым выправяцца хіба што адзінкі — пры тым, што яшчэ нядаўна гэты кірунак прапаноўваў ледзь ня кожны другі апэратар.

Цяпер апусьцелыя здраўніцы ў загадным парадку запаўняюцца расейцамі, якія накіроўваюцца туды па прафсаюзных пуцёўках. Горш прыватнікам: гадавы бюджэт ім фармавалі пераважна ўкраінцы зь «вялікай зямлі» ды беларусы. Цяпер ні тыя, ні другія сюды ня едуць.

Севастопальскі прадпрымальнік Уладзімер Кудзінаў пасьля працяглай палітычнай адседкі быў вымушаны зьехаць зь Беларусі. Ён лічыць: статус Крыму ў любым выпадку ня мог застацца нязьменным, але першапачатковая эўфарыя паступова зьмяняецца падлікам стратаў:

Уладзімер Кудзінаў

Уладзімер Кудзінаў

«Ну, глядзіце: калі браць мінулы год, рэальна ў Севастопалі 70% жыхароў былі за ўзьяднаньне з Расейскай Фэдэрацыяй. Калі агулам па Крыме, то дзесьці 40% — за ўваходжаньне ў склад Расеі, тады як 60% — супраць гэтага кроку ці ўстрымаліся. Зразумела, каб рэфэрэндум праходзіў пры роўных умовах, а не, як кажуць, на каленцы, то, натуральна, мог быць і зусім іншы вынік. Але відавочна і тое, што чалавек марыць пра добрую будучыню і ня хоча згадваць дрэннае мінулае. Значыць, у любым выпадку рэфэрэндум, хай сабе і не з такім вынікам, так ці інакш паўплываў бы на далейшы лёс паўвострава. Значная маса насельніцтва, марачы пра добрую будучыню, прагаласавала б за зьмену статусу Крыму. Варыянты розныя: ад яшчэ большай аўтаноміі ў складзе Ўкраіны да поўнай незалежнасьці. У выніку Крым атрымаў расейскую прапіску, за што цяпер у пэўным сэнсе і расплачваецца».

Пляж у Кактэбелі, Крым

Пляж у Кактэбелі, Крым

Па сутнасьці, Крым цяпер у блякадзе, найперш транспартнай. Транзытныя цягнікі праз Украіну ня ходзяць, авіякалідор — толькі з Расеяй. Адпаведна, чыгуначных зносін паміж Менскам ды крымскімі курортамі няма, маршрут «Белавія» з Сымфэропалем скасаваны. Дарога зь Беларусі праз Расею на аўтамабілі падаўжаецца ўдвая, з рызыкай «забуксаваць» на паромнай пераправе праз Керчанскі праліў.

Не такой масавай, але ўсё ж альтэрнатывай Крыму паступова робяцца курорты Аджарыі: у леташні сэзон Грузію наведала беларусаў утрая больш, чым па выніках 2013-га. З-за паветранай манаполіі «Белавія» адпачынак аніяк ня можа быць танным, але сучасная інфраструктура і каўкаская гасьціннасьць схіляюць шалі на карысьць новага кірунку.

Узьбярэжжа ў Батумі

Узьбярэжжа ў Батумі

На вуліцах беларускіх гарадоў усталяваныя біг-борды з заклікамі наведаць Батумі ды іншыя курорты, Грузія рэклямуецца па дзяржаўных тэлеканалах. Тым ня меней, як кажа супрацоўніца Дэпартамэнту турызму аўтаномнай рэспублікі Аджарыя Тамар Джыджавадзэ, колькасьць беларусаў у агульнай статыстыцы пакуль нязначная, асноўную долю складаюць суседзі:

«У гатэлях, якія ўжо ёсьць і ўзводзяцца, кошты разьлічаныя на ўсе клясы спажыўцоў — мы думаем пра ўсіх турыстаў, ня толькі пра багатых. Батумі — такі горад, што яго павінны пабачыць усе. Многія, хто тут пабываў, кажуць, што гэта маленькая казка: адны параўноўваюць з Вэнэцыяй, іншыя — з Парыжам. А гэта паказьнік. Увогуле, пакуль не завершаны, скажам так, „рамонт“ нашага горада, мы на эўрапейскі рынак ня так ірвёмся. Гасьцей з Эўропы, зь іншых больш разьвітых краінаў хочам сустрэць ужо з добрым тварам: добрымі вуліцамі, гатэлямі і, самае галоўнае, найвышэйшай якасьцю абслугоўваньня. Пакуль у бальшыні да нас заходзяць тыя, хто ўжо прызвычаіўся да адпачынку ў Аджарыі — нашы суседзі. Раней было шмат турыстаў з Расеі, цяпер больш з Армэніі, Азэрбайджану, Турэччыны. Калі летам прыедзеце, то тут сапраўдны Бабілён: і на армянскай размаўляюць, і на турэцкай, і на нямецкай; на кавярнях надпісы на розных мовах, музыка нацыянальная гучыць. Усіх гасьцей намагаемся сустрэць на годным узроўні, каб адчувалі сябе як дома, каб не было пачуцьця, што на чужыне».

Кавалачак старой Эўропы ў цэнтры Батумі

Кавалачак старой Эўропы ў цэнтры Батумі

Зьяўляецца гіпатэтычны шанец пашырыць геаграфію беларускай прысутнасьці і дзякуючы аслабленьню эўра ў адносінах да даляра. Беларусы, якія прызвычаіліся трымаць ашчаджэньні ў амэрыканскай валюце, атрымалі заўважныя выгады пры разьліках у эўразоне. Але ці стане Эўразьвяз бліжэйшым для турыстаў зь Беларусі? Сытуацыю ацэньвае сузаснавальнік кампаніі Holiday.by Андрэй Барашка:

Андрэй Барашка

Андрэй Барашка

«Як разглядаць асобныя сэгмэнты, то пэўны выйгрыш ёсьць. Прыкладам, браніраваньне гатэляў на выходны дзень, калі гаворка пра самастойную паездку. Скажам, каштаваў 50 эўра на суткі, а турыст мае ашчаджэньні ў далярах. Для яго гэты гатэль патаньнеў. Але, зноў жа, я не гатовы разважаць, у якіх валютах захоўваюць свае капіталы беларусы, бо аб’ектыўна мы атрымліваем заробак у рублях. Як падаецца асабіста мне, парытэтнае патаньненьне Эўропы ня надта тычыцца сярэднестатыстычнага беларуса. Буду гатовы сказаць, што нейкія кірункі сапраўды зьявіліся ці на іх сфармаваўся попыт, калі ўбачым эўрапейскія краіны, якія падбіраюцца да пяцёркі найбольш запатрабаваных маршрутаў. Пакуль гэтага няма, нічога не адбылося. А што тэндэнцыя будзе — так, можна чакаць, хутчэй за ўсё, бліжэй да непасрэднага моманту куплі адпачынку. Трэба разумець, што і геапалітычная сытуацыя, і становішча на валютным рынку прыводзяць да таго, што карыстальнікі інтэрнэту, турысты будуць прымаць рашэньне пра кірунак і набыцьцё практычна аднамомантава».

Паводле ацэнак экспэртаў турыстычнай галіны Расеі, з-за крызісных зьяваў у эканоміцы і зьмяншэньня ўзроўню прыбыткаў насельніцтва «прасяданьне» рынку прагназуецца на ўзроўні 40% у параўнаньні зь мінулым годам. У беларускіх ведамствах наперад не пралічваюць, але ўскосна даюць зразумець, што рэальнай альтэрнатывай шмат для каго зь беларусаў будзе лецішча і адпачынак на бліжэйшай рэчцы. Зрэшты, відавочная эканомія для сямейнага бюджэту і добрая магчымасьць па-новаму адкрыць для сябе Беларусь.

XS
SM
MD
LG