Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калачоў: Пуцін паспрабуе сьцерці ў пыл Эрдагана, а Парашэнка сёньня, напэўна, выцер пот з ілба


Канстанцін Калачоў

Канстанцін Калачоў

Палітолягі лічаць, што адсутнасьць узгадваньня Беларусі і Ўкраіны (за выключэньнем Крыму) у пасланьні Ўладзімера Пуціна сьведчыць пра тое, што ў Крамля цяпер іншыя прыярытэты ў зьнешняй палітыцы.

Расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў у інтэрвію Радыё Свабода зьвярнуў увагу на тое, што, абяцаючы адпомсьціць за зьбіты самалёт, Пуцін заклікаў ня ставіць знаку роўнасьці паміж кіраўніцтвам Турэччыны і турэцкім народам.

«У Пуціна вялікая асабістая крыўда на Эрдагана, але псаваць адносіны з Турэччынай навечна наўрад ці хтосьці зьбіраецца. Таму, думаю, адказ будзе не ваенны. Гаворка не ідзе пра прынцып „вока за вока, зуб за зуб“. Я думаю, што Пуцін паспрабуе сьцерці ў парашок Эрдагана — рэпутацыйна. У прыватнасьці, паглядзім цяпер, якія доказы Расея будзе гатовая прадставіць у дачыненьні да крывавага нафтавага бізнэсу, які нібыта вядзе сям’я Эрдагана з ІДзІЛ. Эрдаган ужо заявіў, што калі абвінавачаньні будуць даказаныя, то ён гатовы пайсьці ў адстаўку. У любым выпадку, я думаю, што сёньня пытаньне ня ў тым, каб сапсаваць адносіны з Турэччынай. Гаворка ідзе пра тое, каб адпомсьціць Эрдагану і той частцы палітычнай эліты, якая зь ім зьвязаная. А вось якая гэта будзе помста — пытаньне. Захад, напрыклад, уводзіў у дачыненьні да нашых кіраўнікоў цалкам зразумелыя санкцыі. Але зразумела, што Эрдаган грошы ў „Сбербанку“ не захоўвае, і забарона на ўезд на тэрыторыю Расеі яго таксама наўрад ці спалохае», — кажа ён.

Палітоляг таксама заклікае ўзважана ацэньваць рэзкую рыторыку Пуціна: па-першае, пасланьне да Фэдэральнага сходу накіравана ўсё-ткі да ўнутрырасейскай аўдыторыі, па-другое, ня варта забываць, што рыторыка і рэальныя дзеяньні — гэта не адно і тое ж.

Тое, што ў прамове Пуціна не была закранута ўкраінская тэматыка, апрача Крыму, Калачоў лічыць цалкам прадказальнай акалічнасьцю.

Усё, тэма Ўкраіны сышла з парадку дня

«Пасланьне Пуціна — гэта абазначэньне сыстэмы прыярытэтаў, гэта інфармацыйная дамінанта для расейскіх прапагандыстаў на будучыню. Усё, тэма Ўкраіны сышла з парадку дня. На самой справе, Парашэнка сёньня, напэўна, выцер пот з ілба. У пасланьні гучаў Крым, але гучаў прыкладна гэтак жа, як Далёкі Ўсход, пра неабходнасьць разьвіцьця якога Пуцін казаў. Гэта значыць, гаворка ішла пра Крым як пра расейскую тэрыторыю, пытаньне аб яго прыналежнасьці проста не ўздымалася. Зразумела, што неабходнасьць стварэньня міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі прадугледжвае, што іншыя праблемы, якія выклікаюць спрэчкі і рознагалосьсі, павінны быць адкладзеныя, засунутыя на пэрыфэрыю. Украінскі крызіс — гэта якраз такая тэма.

Ён не выпадкова параўноўвае тэрарызм з нацызмам, праводзіць аналёгіі паміж антытэрарыстычнай кааліцыяй і антыгітлераўскай кааліцыяй, параўноўвае ІДзІЛ з фашысцкай Нямеччынай. Відавочна, Пуцін верыць, што тэма барацьбы з тэрарызмам можа ўсё перакрыць, і высілкі Расеі знойдуць годную ацэнку», — лічыць расейскі палітоляг.

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Беларускі палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў мяркуе, што Пуцін не ўзгадаў у сваёй прамове Беларусь таму, што яна цяпер не ўваходзіць у сьпіс прыярытэтных пытаньняў для Крамля:

«Цяпер Расея ў такім становішчы, што ёй не зусім да Беларусі. Асноўная частка яго пасланьня была прысьвечана супрацьстаяньню з тэрарызмам, з Турэччынай і адносінам з заходнім сьветам. А Беларусь на сёньняшні дзень адышла нават не на другі, а на трэці ці яшчэ далейшы плян. З гэтага вынікае, што і надалей, калі справы будуць ісьці такім чынам, як ідуць яны цяпер, калі Расеі не ўдаецца дасягнуць сваіх мэтаў, яна ня будзе зьвяртаць асаблівую ўвагу на Беларусь», — сказаў экспэрт у размове са Свабодай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG