Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін паабяцаў адпомсьціць Турэччыне: «Яны яшчэ ня раз пашкадуюць аб учыненым»


Падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна

Падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна

У пасланьні Фэдэральнаму сходу прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін назваў кіраўніцтва Турэччыны «клікай», абвінаваціў іх у здрадзе і «подлым ваенным злачынстве».

Пуцін абвінаваціў Турэччыну ў тым, што яна дае тэрарыстам зарабляць на продажы «нарабаванай у Сырыі нафты», а таксама прыгадаў, што на турэцкай тэрыторыі ў 90-х хаваліся чачэнскія баевікі.

Аднак расейскі лідэр заклікаў ня ставіць знака роўнасьці паміж кіраўніцтвам Турэччыны і турэцкім народам.

«У Турэччыне ў нас шмат даўніх і надзейных сяброў. І падкрэсьлю: яны павінны ведаць, што мы ня ставім знака роўнасьці паміж імі і часткай сёньняшняй кіроўнай вярхушкі, якая нясе прамую адказнасьць за гібель нашых вайскоўцаў у Сырыі. Мы не забудзем гэтай дапамогі тэрарыстам. Заўсёды лічылі і будзем лічыць здраду — самай апошняй і ганебнай справай. Хай ведаюць гэта тыя ў Турэччыне, хто страляў у сьпіну нашым лётчыкам, хто крывадушна спрабуе апраўдаць сябе і свае дзеяньні і прыкрыць злачынствы тэрарыстаў. Я наагул, паважаныя калегі, не разумею — навошта яны гэта зрабілі? Любыя пытаньні, любыя праблемы, любыя супярэчнасьці, якіх мы нават і ня бачылі, можна было вырашыць зусім іншым спосабам», — заявіў ён.

Мабыць, Алах вырашыў пакараць кіроўную кліку ў Турэччыне, пазбавіўшы яе розуму. Але ад нас не дачакаюцца нэрвовай, гістэрычнай, небясьпечнай для нас саміх і ўсяго сьвету рэакцыі.

«Толькі, напэўна, Алах ведае, навошта яны гэта зрабілі. Мабыць, Алах вырашыў пакараць кіроўную кліку ў Турэччыне, пазбавіўшы яе розуму. Але ад нас не дачакаюцца нэрвовай, гістэрычнай, небясьпечнай для нас саміх і ўсяго сьвету рэакцыі. Рэакцыі, разьлічанай на нейкія зьнешнія эфэкты або нават імгненнае ўнутрыпалітычнае спажываньне — гэтага ня будзе... Мы не зьбіраемся і ня будзем бразгаць зброяй. Але калі нехта думае, што, учыніўшы подлае ваеннае злачынства — забойства нашых людзей — яны абыдуцца памідорамі ці нейкімі абмежаваньнямі ў будаўнічай або іншых галінах, то яны глыбока памыляюцца. Мы яшчэ ня раз нагадаем пра тое, што яны зрабілі, і яны яшчэ ня раз пашкадуюць аб учыненым. Мы ведаем пры гэтым, што трэба рабіць», — падкрэсьліў Пуцін. Гэтыя словы былі сустрэтыя працяглымі аплядысмэнтамі.

Свой выступ Пуцін пачаў са слоў падзякі расейскім вайскоўцам, «якія змагаюцца зь міжнародным тэрарызмам». Затым ён прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчаньня расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі, і ўсіх грамадзян Расеі — ахвяр тэрарызму.

На пачатку свайго выступу прэзыдэнт Расеі акцэнтаваў увагу на пагрозе сусьветнага тэрарызму. Пуцін заклікаў сусьветную супольнасьць адкінуць усе спрэчкі і разыходжаньні і стварыць адзіны антытэрарыстычны фронт пад эгідай ААН. «Кожная цывілізаваная дзяржава сёньня павінна ўнесьці ўклад у разгром тэрарыстаў», — заявіў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG