Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Лукашэнка сапраўды паверыў у сваю богаабранасьць


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што антырэфарматарскі зьмест прамовы Аляксандра Лукашэнкі падчас інаўгурацыі быў цалкам прадказальны.

Такое меркаваньне экспэрт выказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Лукашэнка артыкуляваў зусім не сэнсацыю — гэта тое, што і прагназавалі экспэрты. Цяпер Беларусь, гучна кажучы, увогуле апынулася ў такім пункце біфуркацыі: старая эканамічная мадэль не працуе і ўжо ўсе цьвердзяць — і з Захаду, і з Усходу — што патрэбныя карэнныя рэформы беларускай эканомікі. У прыватнасьці, пра гэта кажуць як МВФ, так і Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — у абодвух афіцыйны Менск просіць крэдыты. Яны фактычна даюць ідэнтычныя рэцэпты — гэта глыбокія рынкавыя пераўтварэньні, гэта адмова ад дзяржаўнай прасавецкай мадэлі эканомікі. Адчувалася, што Лукашэнка ня будзе пераступаць церазь сябе», — лічыць экспэрт.

Гэтай прамовай, на думку Класкоўскага, Лукашэнка расставіў усе кропкі на «i» ў пытаньні рэформаў:

«Гаворка не пра тое, што ён ня можа ў прынцыпе ўспрымаць нейкія новыя ідэі. Адчуваецца, што той самы Кірыл Руды — памочнік прэзыдэнта па эканоміцы — напэўна, як кажуць, праеў ужо плеш яму гэтымі рэформамі. Я думаю, менавіта таму Лукашэнка расставіў кропкі над „і“ ў гэтай прамове. Таму што для яго альтэрнатывы няма. Ён 20 гадоў адбудоўваў і шліфаваў да дасканаласьці сваю і палітычную, і эканамічную мадэль. І гэта мадэль, якая заточаная пад яго асабістае аўтарытарнае кіраваньне, пад пэрсаналісцкі рэжым. Ён разумее, што крані адну нейкую шрубку ў гэтай канструкцыі — і яна ўся папаўзе».

На думку Класкоўскага, Лукашэнка ўпэўнены, што ў яго атрымаецца выстаяць, не праводзячы рэформы.

«Я думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць такі экзыстэнцыйны страх перад перабудовай, бо ён памятае, як на яго вачах разгортвалася гарбачоўская перабудова. Хоць дзякуючы ёй і выбіўся наверх дырэктар калгаса Лукашэнка — стаў палітыкам, а потым прэзыдэнтам. Але, нягледзячы на гэта, перабудова ў ягоным уяўленьні — гэта катастрофа. Таму ён будзе кансэрваваць цяперашнюю мадэль да апошняга. Новыя крэдыты паспрабуе афіцыйны Менск атрымаць на Ўсходзе і на Захадзе — калі пашэнціць, яшчэ 2–3 гады можна трываць.

У Лукашэнкі пастаянна жыве недзе ўнутры звышнатуральная надзея, што яму пашэнціць. Магчыма, ён сапраўды паверыў у сваю богаабранасьць — гэта прасьлізгвае ў ягонай лексыцы, у ягоных выказваньнях. Ён думае, што раптам праблемы рассмокчуцца і зноў „папрэ“, кажучы слэнгам, пачнецца „пруха“ зьнешнеэканамічная — ці цэны на нафту падскочаць, ці ў Беларусі раптам зафантануе нафта (ён прагаворваў гэтыя мары неаднойчы)», — мяркуе палітычны аналітык.

У гэтай сытуацыі ў Беларусі вельмі змрочныя пэрспэктывы, лічыць Класкоўскі.

«Можна зрабіць выснову, што будзе працягвацца дэградацыя Беларусі. І, на жаль, гэты працэс можа расьцягнуцца надоўга, бо Лукашэнка, пры ўсім пры тым, таленавіты папуліст, і ён спэкулюе на тым, што наша грамадзтва недастаткова сучаснае, недастаткова мадэрнізаванае, недастаткова сьвядомае, каб ісьці на нейкія выдаткі дзеля таго, каб зрабіць скачок наперад. На жаль, гэтая балотная псыхалёгія характэрная для многіх беларусаў. Калі нічога ў гэтым пляне ня зьменіцца, у Беларусі кепская пэрспэктыва — дэградацыі, а магчыма і страты незалежнасьці», — кажа ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG