Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
17:43 6.11.2015

Фатаздымкі міжнародных агенцтваў

15:42 6.11.2015

Дзьмітрыеў: Калі Лукашэнка ня хоча рабіць рэформы, то рэформы зробяць сябе самі

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Рэформы ўсё роўна адбудуцца ў Беларусі, але, верагодна, у вельмі цяжкіх умовах.

Такое меркаваньне Свабодзе, камэнтуючы прамову Аляксандра Лукашэнкі, выказаў Андрэй Дзьмітрыеў — кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч, якая пабудавала сваю перадвыбарчую кампанію на лёзунгах пра рэформы і мірныя перамены.

«Сёньня ў Беларусі такая сытуацыя, што калі Лукашэнка ня хоча рабіць рэформы, то рэформы зробяць сябе самі. І я думаю, што, на жаль, гэта можа быць у вельмі непрыемных для простых людзей умовах», — кажа Дзьмітрыеў.

«Мы ўжо шмат словаў ад Лукашэнкі чулі. Ён казаў, што дэвальвацыі ня будзе — яна была. Ён казаў, што мадэрнізацыя будзе — яе насамрэч не было. Таму хто яго ведае, можа, калі ён кажа, што рэформаў ня будзе, яны ўсё роўна здарацца? Я думаю, што мы (каманда Тацяны Караткевіч. — РС) сваю працу зрабілі. Ён фактычна праз гэтую прамову прызнаў, што ў дзяржаве, у грамадзтве ёсьць чаканьні пераменаў. Мы будзем і далей рабіць гэтую працу. Упэўнены ў посьпеху, што прыйдзе момант, калі ад голасу тых, хто кажа пра перамены, адмахнуцца будзе немагчыма», — сказаў палітык.

Дзьмітрыеў лічыць, што галоўны адрасат антырэфарматарскай прамовы кіраўніка дзяржавы — гэта электарат самога Лукашэнкі.

«Думаю, што галоўным адрасатам найперш былі ягоныя выбаршчыкі, якія якраз і галасавалі за тое, каб нічога не мянялася. Такія людзі таксама ёсьць, яны рознага ўзросту — яны галасавалі, каб няхай бедна, але ў спакоі жыць. Але іх сёньня ня 80% у краіне, а значна менш. Як і тых, хто сёньня галасаваў за перамены, не 4%, а значна больш. І прыйдзе момант, калі гэтая лічба будзе такая, што яе ўжо не перамалюеш», — упэўнены лідэр «Гавары праўду».

14:39 6.11.2015

Класкоўскі: Лукашэнка сапраўды паверыў у сваю богаабранасьць

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што антырэфарматарскі зьмест прамовы Аляксандра Лукашэнкі падчас інаўгурацыі быў цалкам прадказальны.

Такое меркаваньне экспэрт выказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Лукашэнка артыкуляваў зусім не сэнсацыю — гэта тое, што і прагназавалі экспэрты. Цяпер Беларусь, гучна кажучы, увогуле апынулася ў такім пункце біфуркацыі: старая эканамічная мадэль не працуе і ўжо ўсе цьвердзяць — і з Захаду, і з Усходу — што патрэбныя карэнныя рэформы беларускай эканомікі. У прыватнасьці, пра гэта кажуць як МВФ, так і Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — у абодвух афіцыйны Менск просіць крэдыты. Яны фактычна даюць ідэнтычныя рэцэпты — гэта глыбокія рынкавыя пераўтварэньні, гэта адмова ад дзяржаўнай прасавецкай мадэлі эканомікі. Адчувалася, што Лукашэнка ня будзе пераступаць церазь сябе», — лічыць экспэрт.

Гэтай прамовай, на думку Класкоўскага, Лукашэнка расставіў усе кропкі на «i» ў пытаньні рэформаў:

«Гаворка не пра тое, што ён ня можа ў прынцыпе ўспрымаць нейкія новыя ідэі. Адчуваецца, што той самы Кірыл Руды — памочнік прэзыдэнта па эканоміцы — напэўна, як кажуць, праеў ужо плеш яму гэтымі рэформамі. Я думаю, менавіта таму Лукашэнка расставіў кропкі над „і“ ў гэтай прамове. Таму што для яго альтэрнатывы няма. Ён 20 гадоў адбудоўваў і шліфаваў да дасканаласьці сваю і палітычную, і эканамічную мадэль. І гэта мадэль, якая заточаная пад яго асабістае аўтарытарнае кіраваньне, пад пэрсаналісцкі рэжым. Ён разумее, што крані адну нейкую шрубку ў гэтай канструкцыі — і яна ўся папаўзе».

На думку Класкоўскага, Лукашэнка ўпэўнены, што ў яго атрымаецца выстаяць, не праводзячы рэформы.

«Я думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць такі экзыстэнцыйны страх перад перабудовай, бо ён памятае, як на яго вачах разгортвалася гарбачоўская перабудова. Хоць дзякуючы ёй і выбіўся наверх дырэктар калгаса Лукашэнка — стаў палітыкам, а потым прэзыдэнтам. Але, нягледзячы на гэта, перабудова ў ягоным уяўленьні — гэта катастрофа. Таму ён будзе кансэрваваць цяперашнюю мадэль да апошняга. Новыя крэдыты паспрабуе афіцыйны Менск атрымаць на Ўсходзе і на Захадзе — калі пашэнціць, яшчэ 2–3 гады можна трываць.

У Лукашэнкі пастаянна жыве недзе ўнутры звышнатуральная надзея, што яму пашэнціць. Магчыма, ён сапраўды паверыў у сваю богаабранасьць — гэта прасьлізгвае ў ягонай лексыцы, у ягоных выказваньнях. Ён думае, што раптам праблемы рассмокчуцца і зноў „папрэ“, кажучы слэнгам, пачнецца „пруха“ зьнешнеэканамічная — ці цэны на нафту падскочаць, ці ў Беларусі раптам зафантануе нафта (ён прагаворваў гэтыя мары неаднойчы)», — мяркуе палітычны аналітык.

У гэтай сытуацыі ў Беларусі вельмі змрочныя пэрспэктывы, лічыць Класкоўскі.

«Можна зрабіць выснову, што будзе працягвацца дэградацыя Беларусі. І, на жаль, гэты працэс можа расьцягнуцца надоўга, бо Лукашэнка, пры ўсім пры тым, таленавіты папуліст, і ён спэкулюе на тым, што наша грамадзтва недастаткова сучаснае, недастаткова мадэрнізаванае, недастаткова сьвядомае, каб ісьці на нейкія выдаткі дзеля таго, каб зрабіць скачок наперад. На жаль, гэтая балотная псыхалёгія характэрная для многіх беларусаў. Калі нічога ў гэтым пляне ня зьменіцца, у Беларусі кепская пэрспэктыва — дэградацыі, а магчыма і страты незалежнасьці», — кажа ён.

14:16 6.11.2015
Сяргей Дубавец

Інаўгурацыя на фэрме

Лукашэнка — стары папуліст. Усе ў нас насамрэч накормленыя і дагледжаныя, вакол цёпла, чыста і суха. Адно, чаго ніколі не было, няма і ня будзе ў прамовах Лукашэнкі — чалавека як асобы, таго, што адрозьнівае насельніка краіны ад насельнікаў фэрмы, людзей — ад жывёлаў. Гэта недзе ў чужым сьвеце посьпех краіны вымяраецца посьпехам асобы, якой створаныя ўмовы свабоднай самарэалізацыі, творчасьці і вольнага выбару. З такіх самастойных, свабодных асобаў і складаецца народ, які можа быць крыніцаю ўлады. Дзяржава служыць асобе, а ня «корміць народ». Калі гэтага няма, посьпех краіны — гэта посьпех фэрмы, дзе ўтульна жывецца вясёламу пагалоўю, кожнай катэгорыі (немаўляты, пэнсіянэры і вытворчы статак) — у сваёй загародцы. Пагалоўе ня можа быць крыніцай улады, таму ўлада на фэрме не мяняецца, пакуль жывы фэрмэр. Калі гэтую формулу абгарнуць у фольгу пампэзнасьці зь мілітарным флёрам, атрымаем сёньняшнюю інаўгурацыю, якая па сутнасьці нічым не адрозьніваецца ад інаўгурацыяў Мао ў Кітаі ці дынастыі Кімаў у Карэі ці, на худы канец, Леаніда Ільліча Брэжнева ў СССР.

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG