Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кітайскі завод за кітайскія грошы і кітайскімі рукамі — у Добрушы на будоўлі кардоннага заводу больш не затрымліваюць заробкі


Кітайскія рабочыя на будоўлі

Кітайскія рабочыя на будоўлі

Аляксандар Лукашэнка сёньня завяршыў афіцыйны візыт у Кітай, дзе ішла размова пра палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва. З дапамогай Кітаю ў Беларусі будуюць індустрыяльны парк «Вялікі камень» пад Менскам, комплексы па вырабе беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску і трохслойнага кардону ў Добрушы.

Добрускі абʼект запомніўся леташняй дэманстрацыяй дзьвюх сотняў кітайскіх будаўнікоў, якія ішлі маршам пратэсту ў Гомель, патрабуючы выплаты заробку. Цяпер тут працуе каля тысячы кітайскіх будаўнікоў, некаторыя пабраліся зь беларускамі шлюбам.

На будоўлі ў Добрушы пабываў карэспандэнт Свабоды, пагутарыў з адным з кіраўнікоў.

Завяршэньне будоўлі плянавалі на 2015, чакаецца ў 2017

Галоўны штаб прадстаўніцтва карпарацыі Xuan Yuan Industrial Development Co., LTD — генэральнага падрадчыка сумеснага беларуска-кітайскага праекту — у драўляным доміку проста на будоўлі. 30 верасьня — апошні дзень месяца, генэральны дырэктар прадстаўніцтва карпарацыі Сюэ Хайцін моцна заняты бягучымі справамі. З журналістам Свабоды пагадзіўся сустрэцца ягоны намесьнік па зьнешнеэканамічных сувязях Цзян Шуцян.

— Будоўля комплексу завяршаецца. Уласна будаўнічая праграма выканана прыкладна на 90 адсоткаў. Засталося, па сутнасьці, унутранае адстройваньне цэхаў і парадкаваньне тэрыторыі. Вядуцца таксама мантажныя працы, пракладка сілавых кабэляў. Пасьля гэтага прыступім непасрэдна да пусканаладачнай працы. Цесна ўзаемадзейнічаем з заказчыкам — прадстаўнікамі кампаніі «Беларускія шпалеры».

Раз на два тыдні праводзяцца сустрэчы з мэтай увязкі ўсіх пытаньняў з уделам віцэ-прэмʼeра Ўладзімера Сямашкі і кіраўніка канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава. На такіх нарадах прысутнічаюць і субпадрадчыкі, зьвязаныя з будоўляй комплексу тут, у Добрушы.

Галоўны корпус новай вытворчасьці

Галоўны корпус новай вытворчасьці

— Паводле кантракту кардонны завод меліся здаць у эксплюатацыю пры канцы 2015 году.

— Так, была такая інфармацыя. Будоўля вялікая, шмат розных праблемаў даводзіцца вырашаць. Сёлета, напрыклад, узьніклі пытаньні наконт сілавых кабэляў. Іх патрабуецца каля двухсот кілямэтраў. Яшчэ ў мінулым годзе мы дамовіліся з заказчыкам наконт таго, якія гэта павінны быць кабэлі. Патрэбныя сілавыя кабэлі прыйшлі з Кітаю, дзе мы іх замаўлялі, на станцыю «Цэнтраліт». Аднак у нашага заказчыка ўзьніклі сумневы, ці могуць яны быць выкарыстаныя. Нашы вусныя абяцаньні пад увагу ня браліся. Мы таксама за якасьць, таму разам з заказчыкам і запрасілі спэцыялістаў беларускага Дзяржстандарту для правядзеньня лябараторных выпрабаваньняў. Яны прыехалі, узялі ўзоры. Мы атрымалі афіцыйны пратакол на кабэлі катэгорыі «С». Потым заказчык заяўляе, што некаторыя кабэлі павінны быць яшчэ і катэгорыі «А». Зноў давялося чакаць вынікаў лябараторных выпрабаваньняў. Якасьць пацьверджаная. Але на гэта спатрэбіўся час. Хачу заўважыць, што ўсё тое, што мы абяцаем, мы абавязкова дакладна выконваем.

Апрача таго, у добрускай вытворчасьці вырабу кардону, якой у Беларусі яшчэ не было, спалучаныя найлепшыя тэхналёгіі з Кітаю і Эўропы, і каб іх абʼяднаць, таксама патрэбны час.

— Ці можаце сёньня сказаць, калі карпарацыя «Сюань Юань» здасьць у эксплюатацыю добрускі комплекс?

— У лютым-сакавіку 2017 году комплекс здадзім у эксплюатацыю. У нас цяпер працуе тут звыш тысячы кітайскіх рабочых і спэцыялістаў. А ўсяго за час будоўлі ў Добрушы працавалі звыш дзьвюх тысяч нашых суайчыньнікаў.

Будаўнікоў, якія пратэставалі і зьехалі ў Кітай, назад на будоўлю браць адмовіліся

— Як уяўляюць вашы суайчыньнікі нашу Беларусь, калі вы ім прапануеце тут працаваць? Ці ахвотна пагаджаюцца ехаць сюды ў заробкі?

— Зарабіць нашы рабочыя і спэцыялісты могуць, вядома, і ў Кітаі. А Беларусь у Кітаі разглядаюць як краіну, важную на нашым эканамічным Шаўковым шляху. Кітайцы рады дапамагчы і маюць на тое магчымасьць.

— Летась жыхары Добруша і Гомеля былі зьдзіўленыя, што каля дзьвюх сотняў кітайскіх рабочых пешым маршам выправіліся з будоўлі ў Менск. Дайшлі, наколькі вядома, да Гомеля. Чым быў выкліканы гэты марш?

— У той час наша карпарацыя замаўляла шмат абсталяваньня, у тым ліку і ў Эўропе. У зьвязку з крызісам многія вытворцы патрабавалі 50-адсоткавай ці нават поўнай перадаплаты. У нас была цяжкая фінансавая сытуацыя. З гэтай прычыны на 2–3 месяцы затрымлівалася выплата заробку. Адсюль і страйк. Беларускі ж заказчык разьлічваўся з намі строга па працэнтоўках выкананай працы і наяўнасьці прывезенага абсталяваньня. Частка рабочых пасьля гэтага вярнулася ў Кітай. Але разабраліся, разьлічыліся. Потым некаторыя хацелі прыехаць зноў у Беларусь, але карпарацыя адмовілася іх прыняць.

На будоўлі

На будоўлі

Кітайцаў запрасілі ў Добрушы на Дзень гораду

— Ці сутыкнуліся вашы рабочыя й спэцыялісты, прыехаўшы ў Добруш, зь нейкімі цяжкасьцямі ва ўладкаваньні, у побыце?

— Канечне, у Беларусі і клімат, і культура іншая. І ежа таксама. Мы цяпер маем свае службы па арганізацыі харчаваньня, разьмяшчэньня пэрсаналу. Наш транспарт рэгулярна езьдзіць у Гомель на гароднінныя, мясныя базы, каб купляць прадукты. Бракуе, вядома, нашай паўднёвай садавіны й гародніны. Кітайцы ж любяць стравы з гародніны.

Нейкіх заўважных непаразуменьняў з жыхарамі Добруша ў нас не было. Тут добра да нас ставяцца, бо разумеюць, дзеля чаго мы тут.

Добрускі райвыканкам запрасіў нас на Дзень гораду, які будзе сьвяткаваць 8 кастрычніка.

— У Добрушы кажуць, што ёсьць ужо прыклады стварэньня кітайска-беларускіх семʼяў.

— Трое нашых перакладчыкаў сапраўды ажаніліся з добрускімі дзяўчатамі.

— У некаторых беларускіх унівэрсытэтах Гомеля і Менску студэнты сталі вывучаць кітайскую мову — патрэбная рэч для супрацоўніцтва. А ці вывучаюць беларускую мову ў Кітаі — магчыма, вам вядома?

— Не, мне пра гэта невядома. Я сам вывучаў расейскую мову ў Санкт-Пецярбургу. Ведаю адно толькі слова па-беларуску, якое вы сказалі: «Дзякуй».

— Аляксандар Лукашэнка перад візытам у Кітай падпісаў указ № 349 «Аб рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў». Указ тычыцца прыцягненьня да іх выкананьня замежных грамадзянаў. Вашай карпарацыі ў гэтай сувязі прадугледжаныя нейкія прэфэрэнцыі?

— Так, карпарацыя «Сюань Юань» згадваецца ў гэтым указе. Нам прасьцей будзе прыцягваць на будоўлю працоўную сілу. Кітайцы таксама чытаюць газэты, інтэрнэт і ведаюць, што ў нас ёсьць сябры ў Беларусі, хоць нас разьдзяляюць 7 тысяч кілямэтраў.

Завод «пад ключ»

Генэральны дырэктар прадстаўніцтва карпарацыі «Сюань Юань» Сюэ Хайцін, у сваю чаргу, дадаў, што «ўсе пытаньні тэхнічнага парадку з боку беларускага заказчыка, ураду і куратара галіны віцэ-прэмʼера Ўладзімера Сямашкі вырашаюцца цяпер апэратыўна і якасна, і асабліва што тычыцца спэцдазволаў для рабочых».

Добрускі завод па вытворчасьці крэйдавых і някрэйдавых відаў кардону ўзводзіцца на крэдыт Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю на базе Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы» — філіялу ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры».

«У комплексе звыш сямідзесяці розных абʼектаў, завязаных у адзіны тэхналягічны ланцуг, — кажа галоўны інжынэр фабрыкі Аляксандар Мартынаў. — Карпарацыя Xuan Yuan Industrial Development Co., LTD — генэральны падрадчык паводле сумеснага беларуска-кітайскага праекту, будуе вытворчасьць «пад ключ».

Завод трохслойнага кардону вырас побач з папяровай фабрыкай. Галоўны корпус цягнецца на сотні мэтраў. Тут ужо паставілі машыну для вырабу кардону. Пры дасягненьні праектнай магутнасьці яна можа выпускаць дзесяць вагонаў кардону за суткі, 200 тысяч тон у год.

«Вядома, без кваліфікаванага пэрсаналу, без сыравіны, — кажа Мартынаў, — гэта толькі машына. Таму наступны найважнейшы абʼект — цэх беленай хімікатэрмамэханічнай масы. Сюды падаецца здробненая на шчапу драўніна. Яе трэба адбяліць, ачысьціць, зьмякчыць, змалоць, падрыхтаваць хімічна, каб падаць кардонаробчай машыне. Выкарыстоўваюцца для сыравіны выключна асіна ды бяроза. Кардон трохслойны. Верхні і ніжні слаі павінны вырабляцца зь беленай цэлюлёзы — яе нам будуць пастаўляць са Сьветлагорску, дзе таксама кітайцы будуюць адпаведны завод».

Бункеры для шчапы

Бункеры для шчапы

Трохслойны кардон выкарыстоўваюць для ўпакоўкі ў харчовай, фармакалягічнай, парфумэрнай вытворчасьці і шмат дзе яшчэ. Вырабляюць зь яго й тэтрапакеты — для малака, сокаў, віна. Цяпер такі кардон беларускія прадпрыемствы купляюць за валюту ў замежжы.

«Нашы маркетолягі, — тлумачыць Аляксандар Мартынаў, — высьвятляюць патрэбы на такі кардон у Расеі, Прыбалтыцы, Украіне. Але патэнцыйныя пакупнікі звычайна адказваюць: «Пакажаце прадукцыю — будзем размаўляць».

Цяпер папяровая фабрыка «Герой працы» выпускае ў месяц прадукцыі на 3,5 мільёна рублёў. Новы комплекс будзе азначаць павялічаны прыкладна ў 8 разоў абʼём вырабленай прадукцыі і 200 працоўных месцаў.

Папяровая фабрыка «Герой працы»

Папяровая фабрыка «Герой працы»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG