Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдацкі мінімум: што насамрэч Караткевіч кажа людзям на пікетах


«Мы мусім быць вайскова нэўтральнымі. Каб ніводная краіна не думала, што яна можа на нашай тэрыторыі рабіць бойню». Бярозаўка. 27 верасьня 2015

«Мы мусім быць вайскова нэўтральнымі. Каб ніводная краіна не думала, што яна можа на нашай тэрыторыі рабіць бойню». Бярозаўка. 27 верасьня 2015

«Дзяўчаты, гэтая песьня — проста супэр!» — кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч нядзельным ранкам сядзіць у машыне перад гатэлем «Ліда» пад сьценамі Лідзкага замка і падпявае песьні на словы Ўладзімера Някляева «Любви прощальный бал».

Усяго некалькі месяцаў таму Тацяна выйшла зь ценю руху «Гавары праўду», пасунуўшы аднаго зь лідэраў прэзыдэнцкай гонкі — 2010 Уладзімера Някляева. Палітык, чыёй літаратурнай творчасьцю так шчыра захапляецца кандыдатка, бразнуў дзьвярыма і цяпер актыўна выступае за байкот прэзыдэнцкіх выбараў. А значыць — супраць Караткевіч. І ня ён адзін.

«Не баіцеся паўтарыць лёс Някляева? Каманда яго перайграла?» — пытаюся я.

«Не баюся, — сьмяецца Тацяна. — Ня бачу ў гэтым нічога трагічнага. Быў чалавек у камандзе, якая на яго працавала. Ён захацеў сысьці, вось і ўсё. А цяпер ён абвінавачвае. Гэта ён дзесьці недапрацаваў! Ён мог гэты час працаваць зь людзьмі, даводзіць сваю пазыцыю! А так — прабачце...»

Слова «каманда» будзе гучаць яшчэ ня раз. «Каманда экспэртаў», «каманда прафэсіяналаў», «каманда эканамістаў» — Караткевіч падкрэсьлівае важнасьць супольнай працы, і па ўсім бачна, што ёй няёмка выглядаць лідэрам.

У паездку па маршруце Валожын — Іўе — Ліда — Бярозаўка — Наваградак — Дзятлава — Слонім Тацяна адпраўляецца ў гарнітуры, у якім у нас ходзяць настаўніцы і чыноўніцы адміністрацыі, і ў простых чорных туфлях на нізкім абцасе. Гарнітур, як патлумачыць пасьля, беларускай вытворчасьці.

38-гадовая дачка работнікаў Трактарнага заводу, псыхоляг, «праект ФСБ і КДБ», «падтанцоўка Лукашэнкі», «трэцяя сіла», «кухарка» і «адзіная надзея сёлетніх выбараў».

Журналістка Радыё Свабода правяла два дні ў кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты і паспрабавала разабрацца ці вераць людзі ў Тацяну Караткевіч.

Віктару Пранюку, намесьніку старшыні Лідзкага райвыканкама, не падабаецца ідэя, каб чыноўнікаў выбіралі. «Задачы ў мяне адны — у мяне ёсьць службовая інструкцыя, якую я выконваю». Бярозаўка. 27 верасьня 2015

Віктару Пранюку, намесьніку старшыні Лідзкага райвыканкама, не падабаецца ідэя, каб чыноўнікаў выбіралі. «Задачы ў мяне адны — у мяне ёсьць службовая інструкцыя, якую я выконваю». Бярозаўка. 27 верасьня 2015

Менск — Валожын. Ня нас выкарыстоўваюць, а мы выкарыстоўваем

Тацяна займае ў машыне пасажырскае месца побач з кіроўцам. У салёне — намесьнік кіраўніка штабу Ігар Лялькоў, давераная асоба Кацярына Рамашкевіч і я. Пакуль едзем да Валожына, гутарым зь Ігарам пра тое, як да іх ставяцца розныя СМІ.

«„Салідарнасьць“, Tut.by ставяцца хутчэй прыязна. Аб’ектыўна ставіцца Белапан. А ёсьць і перадузятыя. На жаль, сярод іх я магу назваць і „Нашу Ніву“, — кажа Лялькоў. — Увесь пасыл ідзе ад палітыкаў, якія апынуліся ў ролі лузэраў падчас гэтай кампаніі. Бо людзі, якія па дваццаць год узначальваюць партыі, у якіх нібыта ёсьць нейкія структуры, — яны аказаліся адсунутымі ў цень праз чалавека, пра якога большасьць народу даведалася ў траўні. І які за тры месяцы здолеў раскруціцца да фігуры нацыянальнага маштабу. Думаю, што гэта зайздрасьць. І гэтыя палітыкі ўплываюць на пэўных рэдактараў».

Я згадваю, што толькі ранкам перад паездкай глядзела, як Тацяна адказвала на пытаньні Дзьмітрыя Партона ў рэдакцыі «Советской Белоруссии». Уявіць сабе ў СБ Мілінкевіча ў 2006-м ці Саньнікава ў 2010-м было немагчыма.

«Міжнародная пазыцыя Беларусі ўплывае, — тлумачыць Лялькоў. — Ёсьць жаданьне, каб гэтыя выбары былі прызнаныя калі ня ў поўным аб’ёме свабоднымі і празрыстымі, то хаця б... Дзяржава працуе на тое, каб у фінальнай справаздачы місія АБСЭ адзначыла, што апазыцыйнаму кандыдату далі месца ў афіцыйных СМІ. Гэта тыя зьмены да лепшага, якія яны будуць дэманстраваць замежнікам».

Няма адчуваньня, што вас выкарыстоўваюць?

«Няма, — усьміхаецца Ігар. — Гэта мы імкнёмся выкарыстоўваць умовы, у якія пастаўленая ўлада, якая вымушаная дэманстраваць прагрэс, каб максымальна ўсімі магчымымі сродкамі раскручваць кандыдата і яго праграму. Калі праграме зьменаў, якая намі прапаноўваецца, ёсьць месца ў дзяржаўных СМІ, дык больш людзей яе прачытаюць і будуць пра яе ведаць».

«Я заклікаю вас прагаласаваць 11 верасьня! Ні ў якім разе не раней! За мяне — Тацьцяну Караткевіч!» Бярозаўка. 27 верасьня 2015

«Я заклікаю вас прагаласаваць 11 верасьня! Ні ў якім разе не раней! За мяне — Тацьцяну Караткевіч!» Бярозаўка. 27 верасьня 2015

Валожын: «Здыміце гэты сьцяг!»

У Валожын мы прыяжджаем у жудасны халодны восеньскі дождж і вецер. Лялькоў распавядае, што падчас збору подпісаў аб’ехалі 50 паселішчаў. Былі ва ўсіх абласных гарадах і «статысячніках». Яшчэ 21 пасьпелі аб’ехаць за агітацыйную кампанію. Калі ўлічыць, што ў Беларусі больш за 25 тысяч населеных пунктаў, то выглядае няшмат. Але як для некалькіх месяцаў працы «кандыдатам», то, можа, і няблага.

Пікет можна правесьці толькі ў вызначаным уладамі месцы. Дзеля гэтага трэба яшчэ не пазьней як за два дні паведаміць у адміністрацыю. Месцы паўсюль выдзяляюць самыя нязручныя і нават дзіўныя. Але толькі не ў Валожыне — тут месца перад Домам культуры на самай цэнтральнай плошчы Свабоды. Магчыма, таму тут і далучылася да нас здымачная група АНТ.

Як толькі на прыступкі выносяць бел-чырвона-белы сьцяг і стэнд з плякатам Караткевіч, з будынку выбягае дырэктарка: «Вы падыдзіце ў адміністрацыю і ўзгадніце яшчэ раз. Я ня супраць, але ж я дзяржаўны чалавек», — кажа яна.

«Мы нічога ня будзем узгадняць. Мы выканалі ўсе патрабаваньні», — спакойна адказвае кандыдатка.

«Праграма Караткевіч! За мірныя перамены! — усьмешлівая Кацярына і намесьніца партыі БНФ Вольга Лагвіновіч, якая сустрэла нас у Валожыне, таксама давераная асоба Тацяны, раздаюць улёткі пад пранізьлівым дажджом. Лялькоў кажа, што ўсё надрукавалі за грошы, пералічаныя людзьмі ў фонд Караткевіч. У Тацяны грошай менш за ўсіх — толькі 8,7 млн.

Улёткі людзі бяруць, але спыняцца ня хочуць. Адзіныя, хто прыйшоў на пікет, — менчукі Марына і Аляксей, маці і сын. Тацяну яны прачакалі паўгадзіны пад дажджом. Аляксей працуе архітэктарам і аддае Тацяне сваю візытоўку, абяцае бясплатна зрабіць архітэктурны праект асабіста для яе. Размова паміж імі і кандыдаткай — амаль інтымная, пад адным парасонам.

Улёткі з праграмай атрымалі і два хлапцы ў будаўнічых робах, але размаўляць з кандыдаткай не захацелі. Пытаюся, чаму не знаёмяцца.

— Будзе Лукашэнка. Або вы думаеце, што нешта памяняецца? Што там! Як заўжды, можна нават не галасаваць.

— І што, гэта добра ці кепска?

— Добра. Гэта чалавек правераны, мы ведаем, чаго чакаць. А ад іншых? А раптам будзе горш...

— А раптам будзе лепш?

— Раптам! — хлапец уздымае ўгару палец. — А да гэтага мы ўжо звыкліся.

«А я б прынесла чырвона-зялёны, людзі да вас пайшлі б больш!» — кажуць Караткевіч у Наваградку. «Пытаньне сымболікі не самае галоўнае. Як мы будзем жыць — галоўнае», — адказвае кандыдатка. Наваградак. 27 верасьня 2015

«А я б прынесла чырвона-зялёны, людзі да вас пайшлі б больш!» — кажуць Караткевіч у Наваградку. «Пытаньне сымболікі не самае галоўнае. Як мы будзем жыць — галоўнае», — адказвае кандыдатка. Наваградак. 27 верасьня 2015

Настаўніка з Гароднi абурае бел-чырвона-белы сьцяг. Ён шчыра раіць Караткевіч калі не прыбраць яго, то паставіць побач іншы, бо з гэтым была «не зусім добрая гісторыя»:

«Перамагчы вы, можа, і не пераможаце, але за вас досыць шмат прагаласуе. Я слухаў вас і ўсіх астатніх, — усхвалявана тлумачыць мужчына, які выглядае на нармальнага дырэктара школы. — Са сьцягамі вы працэнтаў на дваццаць больш набераце. Мы сапраўды ня ведаем яго гісторыю, „Пагоню“ мы асацыюем па-іншаму. Выстаўляйце два сьцягі!».

Бел-чырвона-белы сьцяг для мяне каштоўнасьць… Але гэта ня значыць, што я буду мяняць сымболіку

Накідвацца на бел-чырвона-белы сьцяг і задаваць пытаньні, ці стане Караткевіч мяняць сымбалі, людзі будуць і на наступных сустрэчах. Асабліва агрэсіўна да яго паставяцца на пікеце ў Наваградку. Кажуць, «сьцяг гэты ня наш, наш — чырвона-зялёны», і «ня важна, пад якім сьцягам, абы мы жылі добра».

Караткевіч абяцае, што сьцягі мяняць ня будзе, а пытаньне сымболікі сёньня не галоўнае. Але і сьцяг не прыбірае, і па чырвона-зялёны ў шапік не пабеглі.

«Гэты сьцяг падабаецца мне. Ён пяць год быў дзяржаўным сьцягам. Гэта сьцяг, пад якім мы выбралі першага прэзыдэнта на дэмакратычных свабодных выбарах. Гэта для мяне каштоўнасьць. Але гэта ня значыць, што я буду мяняць сымболіку», — кажа яна на сустрэчы ў Лідзе.

Іўе: Будзьце нашым віцэ-прэм’ерам

У Іўі дождж усё яшчэ ідзе, а Тацяна па-ранейшаму ў гарнітуры, і не відаць, што ёй холадна. Выдзеленае месца — тупік перад уваходам у Музэй нацыянальных культур. Тут стаяць бюсты Леніна, Якуба Коласа і Заслонава зь нейкімі шалёнымі тварамі.

Жанчына, якая працуе ў «бюджэтнай сфэры», пераконвае Тацяну, што ў Іўі проста рай для прыватнага бізнэсу. Па яе словах, тут ёсьць і «прыватныя крамы, аўтамайстэрні, мэбля дзіцячая, мяккая, цяпліцы, геранёнскія кветкі — некалькі цяпліц».

«Я праваслаўная. Але мне адкрытыя дзьверы любога храма». Тацьцяна Караткевіч перад брамай мячэту. Іўе. 26 верасьня 2015

«Я праваслаўная. Але мне адкрытыя дзьверы любога храма». Тацьцяна Караткевіч перад брамай мячэту. Іўе. 26 верасьня 2015

«Чаму вы кажаце, што ў нас кепска зь беларускай мовай? — дзівіцца жанчына. — У нас дзьвюхмоўе. Усе самі абіраюць, якую мову вучыць. Мы ня створым школу толькі беларускамоўную. Нам ня хопіць дзяцей».

«Недастаткова на ганаровым месцы знаходзіцца беларуская мова, — парыруе Тацяна. — Нам трэба нешта зрабіць, каб мова стала сапраўды дзяржаўнай. Прэзыдэнт павінен размаўляць па-беларуску. Усё гэта павінна быць пяшчотна, бяз гвалту. Чыноўнікі павінны добра ведаць і расейскую, і беларускую. Чаму расейская мова ў школах кожны дзень, а беларуская — раз на тыдзень, як замежная?».

«Я думаю, вы павінны быць першым віцэ-прэм’ерам, — кажа сталы, вельмі ўсьмешлівы жыхар Іўя. — 12 кастрычніка ў вас будуць ужо свае людзі».

Гэтаксама паўсюль людзі будуць пытацца ў Караткевіч, ці пагодзіцца яна працаваць ва ўладзе. Выразнага адказу ў яе пакуль няма, толькі «пабачым». «Але мы вельмі хочам і просім вас», — такія галасы я буду чуць пры кожнай сустрэчы.

З васьмітысячнага Іўя на пікет Тацяны сабралася чалавек 15. Інфармацыі пра яго нібыта не было нідзе. А хто і ведаў, тыя ўжо і так зрабілі выбар, за каго аддаць голас.

«Праграма ў яе вельмі добрая. І па тэлевізары, і па радыё слухалі», — кажуць пікетоўцы. — Галасоў яна нямала набярэ».

«Пасьля перамогі я хацеў бы працаваць у зьнешнепалітычных ведамствах», — Ігар Лялькоў, намесьнік старшыні выбарчага штабу Тацяны Караткевіч. 26 верасьня 2015

«Пасьля перамогі я хацеў бы працаваць у зьнешнепалітычных ведамствах», — Ігар Лялькоў, намесьнік старшыні выбарчага штабу Тацяны Караткевіч. 26 верасьня 2015

«Тацяна, а што ў вас атрымалася зь беларускай мовай падчас другога тэлевыступу? — пытаюся я пазьней. — Людзі кажуць, што вы іх падманулі».

«Па-першае, Эўрарадыё, напэўна, недачула, што я канкрэтна сказала, — адказвае Тацяна. — Я ня мела на ўвазе, што гэта будзе цалкам выступ на беларускай мове. Не адчуваю віны за гэта. Маё жаданьне было — гаварыць на беларускай мове. Я людзям кажу, што калі мяне абяруць, я як прэзыдэнт буду заўсёды размаўляць па-беларуску».

«Але вы ж паглядзіце, як часта гучыць беларуская мова, — працягвае Караткевіч. — Вельмі рэдка. Гэта азначае, што сёньня я павінна быць зразумелай людзям. Каб яны адчулі, што чалавек, які ідзе, можа і па-руску, і па-беларуску. Таму ў гэтым пляне я прадстаўляю дэмаграфію».

Але вы ж паглядзіце, як часта гучыць беларуская мова — вельмі рэдка... Таму ў гэтым пляне я прадстаўляю дэмаграфію

Калі меркаваць па пікетах, збольшага яе выбарцы — людзі ад сярэдняга да пэнсійнага ўзросту, і часта — пэнсіянэры, якія працуюць. Яны ж і самыя актыўныя. Рабочыя, дробныя прадпрымальнікі, вэтэраны, «аўганцы» і ліквідатары, пазбаўленыя сацыяльнай дапамогі. Жанчын і мужчын, напэўна, пароўну. Зусім мала тых, каго мы звыклі называць інтэлігенцыяй, вельмі мала моладзі.

Тацяну вельмі падтрымліваюць актывісты апазыцыі, якія працуюць у рэгіёнах.

Лiда: «Давайце папросім лічыць сумленна!»

Тацяну рэальна пазнаюць «на вуліцы». Праходзячы паўз стол, дзе абедае кандыдатка ў прэзыдэнты, людзі зь цікавасьцю яе разглядаюць, некаторыя вітаюцца і жадаюць «усяго найлепшага».

У прыдарожнай кавярні маладая пара зь Лiды спынілася, каб даведацца, калі сустрэча ў іх горадзе, і паабяцала быць. Так Тацяну будуць пазнаваць і далей.

У залі Політэхнічнага ліцэю Тацяну сустракаюць старшыня Лідзкай раённай камісіі Аляксандар Вус і ягоны намесьнік. Калі шасьці дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі пабачыць кандыдатку, у залі месцаў на 400 губляюцца. Да Тацяны тут далучаюцца яшчэ некалькі сябраў каманды, у тым ліку давераная асоба Дзьмітры Бандарчук, які будзе суправаджаць яе ў далейшых паездках.

«Но не моя вина в том, что у любви наши имена», — Тацяна Караткевіч сьпявае песьню на словы Ўладзімера Някляева «Любви прощальный бал». Ліда. 27 верасьня 2015

«Но не моя вина в том, что у любви наши имена», — Тацяна Караткевіч сьпявае песьню на словы Ўладзімера Някляева «Любви прощальный бал». Ліда. 27 верасьня 2015

«Усе людзі, якія падтрымлівалі мяне падчас збору подпісаў, яны са мной, — кажа мне Караткевіч у адказ на пытаньне, як яна пачуваецца пасьля рашэньня часткі палітсілаў перастаць яе падтрымліваць. — Два чалавекі сышлі — Янукевіч і Вештарт (Аляксей Янукевіч — кіраўнік Партыі БНФ, Ірына Вештарт — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). — РС). У маёй камандзе людзей прыбавілася, а ня ўбавілася. Адзінокай ваўчыцай я сябе не адчуваю».

Галоўнае пытаньне — ці можа Караткевіч сама (бязь Дзьмітрыева і Чалага) утрымліваць залю дзьве гадзіны. Можа.

«Я прыхільніца мірных перамен», — гэтую кодавую фразу Тацяна паўтарае ва ўсіх сваіх выступах па некалькі разоў. Яна гучыць і ў Лідзе. А вось прозьвішча «Лукашэнка» Тацяна за два дні, здаецца, не згадала ні разу.

Давайце заклічам кіраўнікоў выбарчых камісіяў лічыць сумленна!

«Мы сёньня ацэньваем дзеяньні ўладаў як бязьдзеяньні. Тое, што сёньня прыдумляюць урад і чыноўнікі, — гэта для таго, каб яшчэ раз зазірнуць да нас у кішэню», — агучвае яна сваю перадвыбарную праграму.

Тут, як і на ўсіх іншых сустрэчах, людзі вельмі заклапочаныя, як палічаць іхнія галасы. Тацяна зьвяртаецца да прадстаўнікоў выбарчых камісіяў. Тыя нават устаюць перад заляй, як вучні, якіх перад клясай ушчувае настаўнік. «Усё ня так, як вы апісваеце», — ня надта пераканаўча апраўдваюцца яны.

«Давайце заклічам кіраўнікоў выбарчых камісіяў лічыць сумленна!», — кажа Тацяна. І хоць кандыдатка абяцае, што будзе зьбіраць і апратэстоўваць факты парушэньняў, аніякага мэханізму абароны галасоў выбарцаў яе каманда не прапаноўвае. «Галасуйце толькі 11 кастрычніка! Не раней!», — гэта ўсё, што на дадзены момант прыдумала каманда Караткевіч.

«Аддайце гэта Лукашэнку!» — у Наваградку чалавек, пазбаўлены сацыяльных выплат, спрабуе аддаць Караткевіч сваю ўзнагароду. Наваградак. 27 верасьня 2015

«Аддайце гэта Лукашэнку!» — у Наваградку чалавек, пазбаўлены сацыяльных выплат, спрабуе аддаць Караткевіч сваю ўзнагароду. Наваградак. 27 верасьня 2015

Унікае Тацяна і адкрытага адказу на пытаньне, што адбываецца ва Ўкраіне. «Ва Ўкраіне здарылася бяда», — кажа яна.

«Вы што думаеце, што сьлесар, токар, шахтар сталі вось так запраста з ПЗРК працаваць? „Градам“ кіраваць? Танкі вадзіць? Я добраахвотнікам быў у Аўганістане, я ведаю, як гэта, — папраўляе яе з залі вельмі сталы чалавек. — Расея вінаватая!»

«А як вы ставіцеся да Зянона Пазьняка? Ці не запросіце вы яго ў госьці, калі станеце прэзыдэнтам?» — пытаюцца з залі.

«Я яго асабіста ня ведаю, — адказвае Тацяна. — Ведаю, што ён вельмі крытычна ацэньвае мяне і тое, што я раблю. Гэта гістарычная асоба для Беларусі».

Сканчае свой адказ Караткевіч словамі пра тое, што хоча, каб кожны мог вярнуцца ў Беларусь.

— Нам здраднікаў тут ня трэба! — гучыць з залі.

— Ён ня здраднік! — кажуць у адказ таксама з залі.

«Як у нас зь сельскай гаспадаркай будзе? — устае малады хлапец. — Я вось аграном, але немагчыма працаваць было. Сышоў».

«Сёньня фэрмэры нам кажуць: дайце магчымасьці. Не штрафуйце нас, дайце субсыдыі купляць сельскагаспадарчае абсталяваньне, прыбярыце чыноўнікаў, якія ходзяць з праверкамі, — адказвае Караткевіч. — І мы вам дамо нашы яблыкі, памідоры, бульбу і нават па нізкіх коштах для спажываньня ўнутры краіны. Калі ёсьць пасьпяховыя калгасы, саўгасы — хай застаюцца. Але трэба даць свабоду прыватнай ініцыятыве».

«Мая праграма сфармуляваная з вашых словаў, на прынцыпе цьвярозага сэнсу і справядлівасьці». Іўе. 26 верасьня 2015

«Мая праграма сфармуляваная з вашых словаў, на прынцыпе цьвярозага сэнсу і справядлівасьці». Іўе. 26 верасьня 2015

«А досьведу кіраваньня ў вас няма!» — доўгае пытаньне, сэнс якога можна зьвесьці да гэтай думкі, нарэшце гучыць з залі. Выглядае, што ў Тацяны ўжо на яго падрыхтаваны адказ:

«Прэзыдэнтамі робяцца людзі розных прафэсіяў. Увесь мой жыцьцёвы досьвед я ацэньваю як мой шлях да майго сёньняшняга статусу — кандыдат у прэзыдэнты, а потым і прэзыдэнт», — кажа яна.

Начаваць мы застаёмся ў Лідзе. Тацяна не выглядае стомленай, зьядае на вячэру вялізную порцыю салаты «Цэзар» ды макароны і не адмаўляецца ад прапановы прагуляцца да Лідзкага замка, хоць заўтра зранку зноў ехаць.

Сядзіба ў Песках. «Усё будзе добра, абы яна ня зьнікла нікуды»

На сьняданак у нядзелю Тацяну запрашае да сябе на сядзібу лідчанін Віталь Карабач. Побыт свой ён толькі ўладкоўвае, але ўжо мае някепскую гаспадарку. У хаце доўгі драўляны стол пад бел-чырвона-белым сьцягам, на паліцах кніжкі Быкава, постэры «Brutto», а па плязьме ідзе нешта накшталт Arte Musique. На стале — сьпечаныя Віталём бліны, самая смачная ў маім жыцьці мачанка і яечня са свойскіх яек.

«Зямлі ніхто мне не дае, — распавядае, а ня скардзіцца Караткевіч гаспадар. — Толькі фэрмэрства, кажуць, афармляй. Абяцаюць тры гады без падаткаў. А я ведаю, бо ў мяне яшчэ фірма ёсьць. Яна і не працуе, але падаткі я ўсё адно мушу плаціць».

«Краму хацеў адкрыць тут, — працягвае ён. — Месца добрае, знайшоў бы, што прадаваць. Дык пайшоў да начальніка мясцовага, ён мне кажа: «Табе што, магазынаў мала?»

Пярсьцёнак з «Пагоняй» для Тацяны на замову вырабіў берасьцейскі мастак Мікалай Кузьміч

Пярсьцёнак з «Пагоняй» для Тацяны на замову вырабіў берасьцейскі мастак Мікалай Кузьміч

Віталь просіць Караткевіч пакінуць на сьцяне хаты аўтограф. Пакуль Тацяна піша, я пытаюся, адкуль у яго такія сымпатыі да кандыдаткі.

«Я ня бачу больш нікога, каго можна ня тое што запрашаць, але і глядзець у іхны бок, — тлумачыць Віталь. — І маім знаёмым шмат каму падабаецца. Яшчэ б хто прыехаў сюды, толькі што час такі раньні. Думаю, што ўсё будзе добра. Абы яна ня зьнікла нікуды».

А як ставіцеся да байкоту? — пытаюся.

«Байкот — не. Трэба аб’яднацца. Ёсьць лідэры, якія сымпатычныя народу, трэба зь імі ісьці далей», — кажа ён.

У Віталёвай хаце Караткевіч пакідае надпіс: «Народ патрабуе павагі».

Бярозаўка: Паабяцайце нам, што спыніце гэтае бязладзьдзе!

У дзесяцітысячнай Бярозаўцы Караткевіч чакае цэлая дэлегацыя ад улады — намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Віктар Пранюк, старшыня Бярозаўскага гарвыканкаму Валер Яводзік, прадстаўнік раённай выбарчай камісіі, каля 30 чалавек жыхароў і рэальная праблема.

«Дапамажыце нам закрыць гэты «крэматорый»! Тры садзікі, тры школы, тут немагчыма дыхаць! — людзі скардзяцца на нядаўна запушчаны ў горадзе цэх шклаваты. Нібыта ён дае ў паветра выкіды шкодных рэчываў, у шмат разоў большыя за норму.

Пікетоўцы ўцягнулі ў размову старшыню выканкаму Яводзіка.

Тацяна паспрабавала стаць пасярэдніцай у гэтым канфлікце, але гэта не атрымалася. Замест таго каб прапанаваць сваё рашэньне ці хаця б прыгразіць мясцоваму начальніку скаргамі «наверх», яна проста далучылася да галасоў незадаволеных:

«Мы тут усе разам просім вас спыніць гэтае бязладзьдзе. Мы хочам, каб нас пачулі. Людзі скардзяцца, што ім некамфортна, што яны турбуюцца пра лёс сваіх дзяцей... Паабяцайце нам нешта канкрэтнае! Што вы зробіце?!» — заклікала Тацяна, нібыта сам Яводзік гэтага ня ведае.

«Я вам нічога ня буду абяцаць, што я ня ведаю, — спакойна адказвае Яводзік. — Ідуць пусканаладачныя працы. Іх вынікі будуць даведзеныя да грамадзкасьці».

«Вы бачыце, ён нічога ня можа сказаць», — кажа Тацяна, зьвяртаючыся да людзей. Нібыта людзі самі гэтага ня чулі.

У сядзібе Карабач у Песках Караткевіч частавалі мачанкай з блінамі. У Тацяны заўжды добры апэтыт. 28 верасьня 2015

У сядзібе Карабач у Песках Караткевіч частавалі мачанкай з блінамі. У Тацяны заўжды добры апэтыт. 28 верасьня 2015

Калі ў камунікацыі з уладай Тацяна не паказала сябе з моцнага боку, то адстойваць свае прынцыповыя пазыцыі сярод сваіх выбарцаў яна пэўна можа.

Пакуль у твітэры распаўсюджваўся хэштэг #NoRussianBaseinBelarus, Тацяна на кожнай сустрэчы мусіла адказваць на пытаньне, што рабіць з расейскай вайсковай базай. Збольшага людзі фармулююць сваю занепакоенасьць гэтак: «Калі ў нас тут рускія, дык у Польшчы-Літве адразу амэрыканцы ля нашых межаў». Караткевіч кажа, што выступае за нэўтралітэт, а па пытаньнях замежных вайсковых аб’ектаў улада мусіць раіцца зь людзьмі.

«Бацька нікога сёньня не накіраваў у гарачыя кропкі. Мы павінны быць удзячныя, што ва Ўкраіне вайна ідзе, а ў нас — не!», — заступаецца за расейскую базу пікетовец у Бярозаўцы.

«Мы сёньня зьяўляемся сябрамі АДКБ. І калі гэты канфлікт Расеі і Ўкраіны будзе кваліфікаваны як вайна, то нашы людзі будуць вымушаныя ваяваць і дапамагаць Расеі. Вы гэтага хочаце?» Так Караткевіч паставіла на месца прыхільніка «Крымнаша».

Пасьля пікету Тацяна размаўляе з намесьнікам старшыні Лідзкага выканкаму Віктарам Пранюком. «Мне хочацца пражыць бліжэйшыя 20 год цікава, яскрава і бязьбедна, — задаволена пасьміхаючыся, кажа чыноўнік, які ўсяго на 4 гады старэйшы за Тацяну.

«Тады вам ідэальна пасуе мая праграма», — адказвае Караткевіч.

«Не зусім. Рэзка апусьціцца да ўзроўню 90-х гадоў ня хочацца, — кажа Пранюк. І працягвае: — За 4 гады, што я тут працую, я шмат чаго зрабіў».

Наваградак: «Я сама не эканаміст»

Я пытаюся ў Тацяны, ці маюць яны прапановы па разьвіцьці тых рэгіёнаў Гарадзенскай і Менскай абласьцей, якія мы наведваем. Збольшага яна паўтарае мне пасажы са сваёй выбарчай праграмы — пра тое, што ўлада кажа, як усё добра, а насамрэч ня ўсё добра, і вось, напрыклад, у Іўі закрыўся хлебазавод, а зь Ліды зьяжджае моладзь.

«Наша прапанова — падтрымаць прыватную ініцыятыву, перагледзець прадпрыемствы, якія ёсьць. Для іх стварыць эфэктыўны плян разьвіцьця, і толькі пад яго даваць і шукаць інвэстыцыі», — кажа Тацяна.

«Ці вашы эканамісты ведаюць, якія прадпрыемствы тут падтрымліваць, якія не», — ізноў пытаюся я, спрабуючы дазнацца, што насамрэч ведае каманда Караткевіч пра эканоміку рэгіёну.

«Можна было б пра гэта казаць, калі б мы ведалі дакладную інфармацыю, каб яна была празрыстая, — адказвае Тацяна. — Большасьць эканамістаў, да якіх мы зьвярталіся з гэтым пытаньнем, яны кажуць — немагчыма пра гэта казаць, не правёўшы рэвізіі. Ёсьць прадпрыемствы, якія цалкам датуюцца і жывуць, як зомбі. Ёсьць прадпрыемствы пасьпяховыя, але яны не паказваюць прыбытак. І жывуць і з датацыяў, і з прыбытку».

«Тацяна, а чаму вы думаеце, што, правёўшы гэтую рэвізію і даведаўшыся праўду пра стан эканомікі, вы і вашы эканамісты дасьцё рады палепшыць тут нешта?» — яшчэ адно пытаньне.

«Мы ўпэўненыя, бо гэтага патрабуе сёньняшні час. Людзі да гэтага гатовыя. І эканамісты, якія мяне падтрымліваюць, яны далучацца. Я сама не эканаміст. Але як прэтэндэнт на гэтую пасаду я бачу, як гэта можна зрабіць. А далей тут запрацуе каманда прафэсіяналаў», — кажа кандыдатка.

«Мы мусім быць вайскова нэўтральнымі. Каб ніводная краіна ня думала, што яна можа на нашай тэрыторыі рабіць бойню». Бярозаўка. 27 верасьня 2015

«Мы мусім быць вайскова нэўтральнымі. Каб ніводная краіна ня думала, што яна можа на нашай тэрыторыі рабіць бойню». Бярозаўка. 27 верасьня 2015

Пікет у Наваградку ў такім нязручным месцы, што людзі, якія на яго сабраліся, на ўзводзе ўжо адпачатку. Тацяне застаецца толькі ў час рэагаваць на пытаньні і прыцішваць занадта ўзрушаных удзельнікаў.

Актыўна пытаюцца, дзе Тацяна возьме грошы, каб палепшыць эканоміку.

«Крэдыт возьмем! — раяць з натоўпу. — У Шчоткінай трэба забраць дачу!»

Кожны пікет сканчаецца раздачай Караткевіч візытовак і словамі людзей «Мы за вас будзем галасаваць!».

Калі людзі разыходзяцца з наваградзкага пікету, адна пэнсіянэрка кажа другой пра Тацяну:

«Хоць бы не пасадзілі...»

«Чаго?! — шчыра зьдзіўляецца тая. — Хай садзяць тых, хто ўжо наеўся, а яшчэ не сядзеў!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG