Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма Караткевіч: усім льготы і «па-сапраўднаму» шматвэктарная зьнешняя палітыка


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч апублікавала на сайце кампаніі «Гавары праўду» сваю перадвыбарчую праграму пад назвай «За мірныя перамены».

Нэўтралітэт і шматвэктарнасьць

У сфэры зьнешняй палітыкі Караткевіч абяцае забясьпечыць сапраўдны нэўтралітэт Беларусі, рэалізоўваючы «па-сапраўднаму шматвэктарную зьнешнюю палітыку безь непатрэбных перакосаў ва ўсходні ці заходні бок». «На тэрыторыі нашай краіны не павінна быць замежных ваенных базаў. Беларусь не павінна ўваходзіць ні ў якія ваенныя блёкі, якія могуць уцягнуць нас ва ўзброены канфлікт», — падкрэсьліваецца ў праграме. Караткевіч абяцае заключыць з Эўразьвязам дамову аб супрацоўніцтве і партнэрстве і дамагчыся бязьвізавага рэжыму «як мінімум з усімі суседзямі Беларусі».

Канстытуцыйная рэформа

У сфэры ўнутранай палітыкі Караткевіч плянуе правесьці канстытуцыйную рэформу: Беларусь павінна перайсьці да парлямэнцка-прэзыдэнцкай формы кіраваньня. Тэрмін знаходжаньня прэзыдэнта ва ўладзе павінен быць абмежаваны 5 гадамі. Мясцовых кіраўнікоў беларусы будуць абіраць наўпрост, таксама Беларусь падпіша Эўрапейскую Хартыю мясцовага самакіраваньня.

Караткевіч абяцае скараціць колькасьць чыноўнікаў, прыбраць ад іх непатрэбныя функцыі і павысіць іх заробкі.

Усім льготы, усё бясплатна

У сацыяльнай сфэры Караткевіч абяцае бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне і бясплатную дзяржаўную вышэйшую адукацыю. Студэнтам будуць вернутыя льготы на праезд транспартам усіх відаў і іншыя льготы. Заробкі для настаўнікаў і работнікаў культуры будуць устаноўленыя на ўзроўні, не ніжэйшым за сярэдні па краіне.

Пэнсійны ўзрост ня будуць павышаць «да нармалізацыі дэмаграфічнай сытуацыі». Будзе распрацаваная сыстэма накапляльных пэнсіяў, будзе стымулявацца стварэньне прыватных незалежных пэнсійных фондаў разам зь дзяржаўнымі.

Караткевіч таксама абяцае распрацаваць эфэктыўную сыстэму адраснай сацыяльнай дапамогі. Будуць вернутыя льготы пацярпелым у выніку Чарнобыльскай катастрофы грамадзянам. Будзе створана сыстэма падатковых ільгот «у інтарэсах сям’і».

У сфэры працоўных узаемаадносінаў будзе перагледжаная кантрактная сыстэма найму, адмененыя паборы з грамадзянаў, «якія страцілі працу ў выніку эканамічнага крызісу».

Караткевіч абяцае распрацаваць «сыстэму падтрымкі сацыяльна адказнага бізнэсу». Кандыдатка ў прэзыдэнты плянуе «аптымізаваць усе этапы будаўнічага працэсу з мэтай зрабіць кошт стандартнага мэтра жыльля даступным для сярэдняй беларускай сям’і».

Пераможам інфляцыю, мадэрнізуем прадпрыемства

Караткевіч абяцае «ўтаймаваць інфляцыю», яна гарантуе захаванасьць унёскаў і даступнасьць банкаўскага крэдыту. Нарэшце, кандыдатка ў прэзыдэнты плянуе ўвесьці 5-гадовы мараторый на заканадаўчыя зьмены ў падатковай сыстэме, спрошчанае падаткаабкладаньне, стварэньне стабільнай заканадаўчай базы.

Стратэгічныя прадпрыемствы Караткевіч абяцае мадэрнізаваць зь дзяржаўнай падтрымкай, дзяржава будзе садзейнічаць разьвіцьцю «найбольш канкурэнтаздольных галінаў». Пры гэтым кіраўніцтву прадпрыемстваў будзе дадзенае «права на рызыку і дзелавую ініцыятыву, яны будуць вызваленыя ад выкананьня заданьняў міністэрстваў і ведамстваў па нарошчваньні выпуску неканкурэнтаздольнай прадукцыі і нямэтавага ўкладаньня сродкаў».

Караткевіч абяцае ўкараніць энергазьберагальныя тэхналёгіі і выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі «без экстэнсіўнага нарошчваньня генэруючых магутнасьцяў, асабліва небясьпечнай і дарагой АЭС».

Кандыдатка ў прэзыдэнты абяцае прыняць і рэалізаваць «праграму рэфармаваньня сельскай гаспадаркі на аснове шматукладнасьці, свабоднага разьвіцьця ўсіх формаў уласнасьці і стварэньня рынку зямлі, з ахоўваньнем эфэктыўных калектыўных гаспадарак і падтрымкі фэрмэраў».

Для мовы — годнае месца

У сфэры культуры Караткевіч абяцае зрабіць стаўку на «ўмацаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці». Беларускай мове будзе гарантаваная «асаблівая дзяржаўная падтрымка і годнае месца ў жыцьці грамадзтва». Чыноўнік, дэпутат ці прэзыдэнт будзе абавязаны валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі.

Камэнтар экспэртаў перадвыбарчай праграмы Тацяны Караткевіч чытайце пазьней на нашым сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG