Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч зьняпраўдзіў лічбы МУС пра ўдзел вернікаў у сьвяточных набажэнствах


Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота
Тадэвуш Кандрусевіч, архіўнае фота

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў адкрыты ліст міністру ўнутраных справаў Беларусі Ігару Шуневічу, у якім выказаў занепакоенасьць штучным заніжэньнем у міліцэйскай статыстыцы колькасьці вернікаў, якія бяруць удзел у сьвяточных набажэнствах.

«Паводле інфармацыі афіцыйнага сайту міністэрства, якім Вы кіруеце, на набажэнствах у ноч на Божае Нараджэньне ў Рэспубліцы Беларусі у гэтым годзе прысутнічала каля 40 тысяч вернікаў, што не адпавядае рэчаіснасьці і гэтая лічба зьяўляецца яўна заніжанай, пра што сьведчаць дадзеныя па Менску і Горадні, ня кажучы пра іншыя парафіі, асабліва на Гарадзеншчыне», — гаворыцца ў лісьце.

Паводле мітрапаліта Кандрусевіча, толькі ў Менску ў ноч на Божае Нараджэньне 2016 году на ўсіх набажэнствах прысутнічала каля 11 тысяч чалавек, у Горадні — каля 13 тысяч, у Лідзе — каля 6 тысяч. Гэта значыць, што толькі ў гэтых трох гарадах прысутнічала каля 75% ад колькасьці, названай МУС.

«А колькі было ў іншых гарадах, такіх, як, напрыклад, Ашмяны, Ваўкавыск, Браслаў, Паставы, Баранавічы, Берасьце і інш.?, — пытаецца ў лісьце мітрапаліт. — Увогуле, паводле існай практыкі ў Каталіцкім Касьцёле, статыстычныя зьвесткі пра калядныя і велікодныя набажэнствы прыводзяцца па выніках удзелу ў начных і дзённых набажэнствах, бо далёка ня ўсе вернікі могуць прымаць удзел у начных службах. Сёлета на калядных начных і дзённых набажэнствах у Менску прысутнічала каля 32 тысяч чалавек, у Горадні — каля 40 тысяч, у Лідзе — каля 20 тысяч. Таму рэальная колькасьць удзельнікаў у набажэнствах на Божае Нараджэньне ўва ўсёй Беларусі ў шмат разоў большая, чым паведамляецца на сайце МУС».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены тэндэнцыяй да штучнага заніжэньня ўдзелу католікаў у набажэнствах, якая назіраецца цягам апошніх гадоў у міліцэйскай статыстыцы.

«Выказваю надзею, што ў будучыні МУС будзе прыводзіць адпаведную праўдзе інфармацыю пра ўдзел вернікаў у каталіцкіх набажэнствах», — адзначыў у лісьце мітрапаліт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG