Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая будзе займацца эканомікай, Анісім — адукацыяй


Belarus — Opposition deputies Alena Anisim and Hanna Kanapackaja

Belarus — Opposition deputies Alena Anisim and Hanna Kanapackaja

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 6-га скліканьня зацьвердзілі 18 кастрычніка склад кожнай з 14 камісій.

Дэпутатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая ўвайшла ў камісію эканамічнай палітыкі. Разам зь ёй будуць працаваць яшчэ 5 чалавек. Узначаліць гэтую камісію Уладзіслаў Шчэпаў, які быў дэпутатам мінулага 5-га скліканьня.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім будзе працаваць у камісіі адукацыі, культуры і навукі. У гэтай камісіі 11 чалавек. У яе ўвайшла і вядомая спявачка Ірына Дарафеева. Дарэчы, старшыня гэтай камісіі, Ігар Марзалюк, які прадстаўляў яе склад, — адзіны, хто са старшыняў камісій выступаў на беларускай мове.

Удзельнік апошніх прэзыдэнцкіх выбараў Мікалай Улаховіч увайшоў у камісію экалёгіі, прыродакарыстаньня ды чарнобыльскай катастрофы. Усяго ў гэтай камісіі 7 чалавек.

Згодна з рэглямэнтам, мінімальная колькасьць дэпутатаў у камісіі можа быць 5 чалавек. Дзьве камісіі будуць працаваць у такім складзе: заканадаўства і правоў чалавека. А найбольшая колькасьць дэпутатаў, па 12 чалавек, аказалася ў камісіях прамысловасьці і міжнароднай палітыкі.

На пытаньне Свабоды, чым хочуць займацца ў камісіях Канапацкая і Анісім, абедзьве адказалі аднолькава: пакуль мы нічога не ведаем, бо зьбіраемся ўпершыню і знаёмімся зь іншымі калегамі; магчыма, зараз і вызначымся, хто чым будзе займацца.

Сёньня свае пасяджэньні праводзяць усе камісіі, акрамя адной —міжнародных спраў, паколькі старшыня гэтай камісіі Валер Варанецкі тэрмінова вылецеў у Вену, каб перадаць справы калегам-дыпляматам.

Да абраньня ў Палату прадстаўнікоў спадар Варанецкі быў амбасадарам Беларусі ў Аўстрыі і прадстаўніком краіны пры міжнародных арганізацыях у Вене.

XS
SM
MD
LG